Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГІСТОРЫЯ З ПАМОРКАМ СЬВІНЕЙ ПАД ПІНСКАМ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Пасьля публікацыі ў швэдзкіх ды беларускіх мэдыях дасьледаваньня швэдзкай журналісткі Марыі Сёдэрбэрг пра паморак на сьвінакомплексе “Паўднёвы” Пінскага раёну, а таксама заявы грамадзкіх арганізацыяў Пінску з патрабаваньнем дасьледаваць прычыны паморку, кіраўніцтва комплексу спрабуе схаваць наступствы гэтага здарэньня ды заяўляе, што сытуацыя на прадпрыемстве стабільная.

Магільнік каля комплексу, куды цягам году сотнямі скідалі памерлых сьвіней, цяпер можна пазнаць хіба па сьвежаўзаранай зямлі ды шматлікіх бірках з нумарамі, якія звычайна вешаюць на вушы сьвіням. На мінулым тыдні магільнік закансэрвавалі, засыпалі зямлёй ды агарадзілі плотам.

Але паводле словаў жыхароў суседняй вёскі Вулька Гарадзішчанская, яшчэ два тыдні таму нейкія людзі кралі мяса з магільніку, каб потым прадаваць яго ў горадзе ўдвая таньней. Пра гэта ж сьведчыць і нядаўна кінуты невялічкі лягер у суседнім лесе, дзе жылі марадзёры.

Кіраўніцтва комплексу, аднак, такой магчымасьці не дапускае, бо магільнік быццам ахоўваўся. Пра якасьць аховы можа сьведчыць тое, што некаторыя карэспандэнты (нават і замежныя) ня раз бесьперашкодна дасьледавалі магільнік ды рабілі здымкі, не пабачыўшы пры гэтым ніякага вартаўніка.

Ня толькі супрацоўнікі комплексу, але й мясцовыя жыхары ня вельмі ахвотна распавядаюць пра праблемы сьвінакомплексу “Паўднёвы”: большасьць зь іх альбо іхныя сваякі працуюць на комплексе ды баяцца згубіць працу, калі начальства даведаецца, што яны занадта гаваркія.

(Вясковец: ) “Усе людзі чаму баяцца? Яны там скарачаюць людзей, і кожны баіцца страціць працу, бо нідзе больш яе ня знойдзеш. Фэрмы зачыненыя, усё пустое, нідзе няма работы”, — сказаў жыхар вёскі, які адмовіўся назваць сваё імя.

За апошні год колькасьць супрацоўнікаў комплексу з 400 чалавек скарацілася амаль удвая. Паводле словаў дырэктара комплексу Івана Гарбанава, ён нікога не скарачаў, але ж звольніў некаторых з-за парушэньняў працоўнай дысцыпліны.

Рабочыя, заробак якіх складае 19 000 рублёў на месяц, нават гэтыя грошы атрымліваюць са значным спазьненьнем. А жанчыны, якіх на комплексе большасьць, нават атрымалі да міжнароднага жаночага дню падарункі — па два кіляграмы мяса.

Спадар Гарбанаў, які дагэтуль пазьбягаў сустрэчаў з журналістамі, гэтым разам афіцыйна, аднак папярэдне папрасіўшы выключыць дыктафон, пацьвердзіў нашаму радыё, што летась на комплексе памерла 24 000 сьвіней. Цяпер засталося 13 500 сьвіней, пасьля загаду з аблвыканкаму завезьлі дадатковыя кармы, і, паводле спадара Гарбанава, сытуацыя наладзілася — штодзень памірае толькі 4-5 галоваў.

Аднак нам давялося пабачыць, як у прысутнасьці некалькіх начальнікаў рабочыя перакідалі з адмысловага кантэйнэру ў грузавік не адзін дзясятак тушаў памерлых сьвіней, якіх зьбіраліся везьці на перапрацоўку ў Бярозу.

Калі верыць зьвесткам дырэктара, дык атрымліваецца, што тушы дзеля адной адпраўкі зьбіраюць ледзь ня месяц. Ці прыдатныя яны дзеля нейкай перапрацоўкі пасьля такога тэрміну захоўваньня пры звычайнай тэмпэратуры? А мясцовыя жыхары кажуць, што на комплексе сьвіней зараз не 13 000, а ня болей за 6 000:

(Жыхар: ) “Можа, так і ёсьць тысячаў шэсьць, а можа й няма!”

Тым часам на “Паўднёвы” пасьля публікацыяў пачалі прыяжджаць усялякія камісіі. Такога наплыву чыноўнікаў — ад мясцовай пракуратуры да Міністэрства сельскай гаспадаркі — рабочыя ня бачылі ніколі. Шукаюць вінаватых. А паводле дырэктара комплексу, галоўны вінаваты — надвор’е, з-за яго летась у Беларусі не змаглі назапасіць неабходнай колькасьці кармоў.

Цікава, што дакладна пра будучыню “Паўднёвага” ня ведае нават дырэктар, бо цяпер у Менску ствараецца плян рэканструкцыі комплексу й ягоны лёс вырашаецца менавіта там.


XS
SM
MD
LG