Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАГАДАЎ СІЛАВІКАМ УЗМАЦНІЦЬ БАРАЦЬБУ СА ЗЛАЧЫННАСЬЦЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Незвычайна доўгая была сёньняшняя нарада Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі сілавых ведамстваў краіны — яна цягнулася 8 гадзінаў, пачынаючы ад 10-й раніцы. Гэта можна лічыць абсалютным рэкордам сярод сёлетніх нарадаў.

Варта адзначыць, што зьвесткі пра зьмест нарады пакуль дастаткова сьціплыя — афіцыйна заяўляюць, што нарада прысьвячалася выключна пытаньням барацьбы са злачыннасьцю.

Паводле прэсавага сакратара кіраўніка дзяржавы Мікалая Барысевіча ў гэтым шэрагу абмяркоўвалі й праблему зьніклых грамадзянаў Беларусі, якіх прыкладна 15 000 чалавек. Аднак пэрсанальна нікога са зьніклых, улучна зь вядомымі палітыкамі, не згадалі — акцэнт рабіўся на тое, што шукаць трэба ўсіх.

(Барысавіч: ) "Акцэнт быў такі: усё гэта грамадзяне адной краіны, і пошуку ўсіх зьніклых людзей надаецца роўная ўвага".

Нагадаю, што на падобнай нарадзе летась у лістападзе Аляксандар Лукашэнка адмыслова спыніўся на зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Аднак цяпер, сьцьвярджае спадар Барысевіч, прозьвішча Завадзкага нават не гучала.

Паводле прэсавага сакратара, сілавікі таксама рапартавалі пра барацьбу з карупцыяй, пра тое, як яны змагаюцца зь нелегальнай міграцыяй ды іншымі нэгатыўнымі зьявамі.

Лукашэнка крытыкаваў сілавікоў. Паводле Мікалая Барысевіча, крытыкавалі начальнікаў усіх ведамстваў, якія бралі ўдзел у нарадзе — Міністэрства ўнутраных справаў, КГБ, пракуратуры, мытні, Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў ды іншых.

Нікога асабіста прэсавы сакратар Лукашэнкі вылучыць ня здолеў.

Між тым, няўжо толькі барацьба са злачыннасьцю абмяркоўвалася цягам 8 гадзінаў? Былы кіраўнік аналітычнага аддзелу КГБ Беларусі Сяргей Аніська мяркуе, што асноўнай была іншая тэма.

(Аніська: ) "На маю думку, найгалоўнай была тэма выбараў. Лукашэнка сабраў генэралаў-сілавікоў, каб абмеркаваць зь імі цяжкія пытаньні будучых выбараў, неабходных непасрэдна яму, ды каб пераканаць сілавікоў, што ён пра іх турбуецца.

Толькі калі генэралаў зь іхнымі заробкамі яшчэ можна пераканаць, то жабракоў-афіцэраў з МУС, КГБ ды іншых сілавых ведамстваў (акрамя службы аховы прэзыдэнта) гэтая гаварыльня ні ў чым, я ўпэўнены, не пераканае".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG