Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША РАССАКРЭЧАНЫЯ ДАКУМЭНТЫ ЦРУ ЧАСОЎ "ХАЛОДНАЙ ВАЙНЫ"


Кастусь Бандарук, Прага


Зь іх вынікае, што амэрыканская разьведка цікавілася ня толькі ваенным патэнцыялам Савецкага Саюзу, але й грамадзкім жыцьцём, эканомікай і палітыкай краінаў камуністычнага лягеру.

857 часткова склясыфікаваных дакумэнтаў займаюць агулам 19 тысячаў старонак і ахопліваюць пэрыяд з 1947 да1991 году. Зь іх найперш вынікае, што сваім галоўным заданьнем ЦРУ лічыла выяўленьне сапраўдных намераў савецкага кіраўніцтва. У справаздачах ЦРУ, высокае па важнасьці месца займаюць таксама: патэнцыял савецкай эканомікі, касьмічныя праграмы, а таксама такія сфэры, як арганізаваная злачыннасьць у СССР і тое, як Крэмль удасканальвае фатаграфічныя тэхналёгіі для шпіёнскіх мэтаў. Захаваўся дакумэнт з кастрычніка 1978 году пра абраньне кракаўскага Кардынала Вайтылы Рымскім Папам. У ім супрацоўнікі ЦРУ прадказвалі, што выбар паляка на Апостальскі Пасад устрывожыць Маскву. Гэтая падзея, на думкуЦРУ, выкліча ўздым нацыяналізму найперш у Польшчы, а таксама ў іншых краінах савецкага блёку, і ў выніку аслабіць ўплывы тамтэйшых кампартыяў. Як заявіў экспэрт у пытаньнях рэлігіі і грамадзтва з амэрыканскага Інстытуту Enterprise Гіл Фрадкін:

“Папу родам з Польшчы нашмат лягчэй было вывучаць Ўсход на прадмет свабоды і дэмакратычных прынцыпаў, чым ягоным папярэднікам, пра якіх вядома, што гэта былі заходнія людзі”.

На ягоную думку, Папа насьмеліў палякаў і каталікоў у іншых краінах больш адкрыта дамагацца рэлігійнай свабоды. У выніку, ускосна Папа-паляк паўплываў і на прагу палітычных свабодаў, і на ўзьнікненьне магутнага прафсаюзу Салідарнасьць.

Значная частка дакумэнтаў тычыцца “ Ініцыятывы Стратэгічнай Абароны” прэзыдэнта Рональда Рэйгана, званай “ зорнымі войнамі”.
У справаздачы з лістапада 87-га году ЦРУ прадказвала, што з прычыны нястачы сродкаў, Савецкі Саюз ня здолее спаборнічаць з ЗША ў галіне ўзбраеньняў і паспрабуе дасягнуць сваёй мэты дыпляматычным шляхам. Гэтым разам ЦРУ не памылілася, бо ў часе саміту ў Ісляндыі, Гарбачоў напорыста, хаця і беспасьпяхова, заклікаў Рэйгана адмовіцца ад праграмы “зорных войнаў” у замен за скарачэньне арсэналу балістычных ракетаў. Паводле аналітыка Brookings Institute Джона Спэнсэра, гэта быў надзвычайны посьпех і ЦРУ, і адміністрацыі Рэйгана.

“Рэйган і ягоныя дарадцы выявілі надзвычайнае разуменьне ворага і разуменьне ягонай сытуацыі. У гэтым сэнсе Ініцыятыва Стратэгічнай Бясьпекі была пэрлінай”.

На ягоную думку, якой аднак не падзяляюць іншыя аналітыкі, плян Рэйгана прымусіў Савецкі Саюз выдаткоўваць больш сродкаў на абарону і ў выніку прывёў яго да эканамічнага краху. Кенэт Алард з Цэнтру Стратэгічных і Міжнародных Дасьледаваньняў лічыць, што “зорныя войны” не былі змовай супраць Масквы, але дапамаглі самім Злучаным Штатам пераадолець застой ў ваеннай галіне пасьля віетнамскай вайны. Уступаючы на пасаду прэзыдэнта ў 1981 годзе, Рэйган проста вырашыў, што пара ўмацаваць амэрыканскую армію ня дзеля спаборніцтва з Савецкім Саюзам, але з думкай аб сваёй будучыні. Кенэт Алард не захапляецца трапнасьцю ацэнак ЦРУ і ставіць пад сумнеў посьпехі амэрыканскай разьведкі.

“Заўсёды знойдуцца ў архівах нейкія дакумэнты, на падставе якіх можна заявіць: а бачыце, мы ведалі пра гэта нашмат раней. Калі, аднак, агенты ЦРУ ўсё ведалі нашмат раней, дык скажэце, калі ласка, чаму яны своечасова не прадказалі, што разваліцца Савецкі Саюз?”

Ягоны пункт погляду аб недальнабачнасьці ЦРУ пацьвярджае адзін з апублікаваных дакумэнтаў пад загалоўкам “Савецкая абарончая прамысловасьць: пэрспэктыва развалу” з кастрычніка 1991 году. У ім гаворыцца пра патэнцыял савецкай абаронкі ў пачатку новага стагодзьдзя, інакш кажучы, бадай галоўнага – развалу Савецкага Саюзу, ЦРУ не прадбачыла.

Апублікаваныя ЦРУ дакумэнты, якія былі прадметам двухдзённай канфэрэнцыі ва Ўнівэрсытэце Princeton, не спыняюць рознагалосьсяў наконт кампэтэнтнасьці ЦРУ. У кожным разе, зь іх вынікае, якога кшталту інфармацыю ЦРУ прапаноўвала амэрыканскім прэзыдэнтам, а тыя скарыстоўвалі яе ў сваёй палітыцы ў дачыненьні да Савецкага Саюзу.

XS
SM
MD
LG