Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭПІДЭМІЯ ЯШЧУРУ ПАШЫРАЕЦЦА Ў ЭЎРОПЕ


Алена Ціхановіч, Прага

Пасьля таго, як францускія вэтэрынары пацьвердзілі захворваньне яшчурам шасьці кароў на захадзе краіны, быў зьліквідаваны цэлы статак – больш як сто жывёлаў. Брытанія, дзе першы выпадак яшчура быў зафіксаваны 19 лютага, мае ўжо больш як 200 заразных фэрмаў. Эўрапейскія краіны ўчора на інфармацыю францускага ўраду рэагавалі імгеннна: увоз і транзыт жывёлаў з Францыі забаранілі Польшча, Бэльгія, Гішпанія. У Італіі пад карантын патрапіў статак авечак, незадоўга перад тым завезены з Францыі. У Нямеччыне вырашана закупленых францускіх авечак зьліквідаваць.

Вэтэрынарныя службы большасьці краінаў прынялі найстражэйшыя захады бясьпекі. Так, жывёлаводы абавязаныя трымаць статак за плотам, выключыць доступ да яго сабак, кошак, курэй. Дэзінфэкцыйныя парогі зьявіліся ня толькі на ўваходах фэрмаў, але і ў эўрапейскіх аэрапортах. На многіх памежных пераходах турысты вымушаныя зьесьці свае “сабойкі” – забараняецца нават перавоз канапак. Аўтамабілі павінныя пераяжджаць праз мяжу па спэцыяльных дэзынфэкцыйных рагожах.

Фэрмэры і жывёлаводы адчуваюць у гэты час найбольшую няпэўнасьць: за парушэньне санітарных перасьцярог пагражаюць вялікія штрафы. Аднак, нават і іх выкананьне ня можа гарантаваць бясьпекі статку. “А што, калі на маю фэрму, скажам, заляціць інфікаваная ластаўка з-за мяжы? – пытаецца чэскі фэрмэр Давід Кратахвіл.

Лекары, між тым, нагадваюць, што яшчур жывёлаў можа быць перададзены чалавеку толькі ў выключных выпадках – калі, напрыклад, чалавек, які будзе есьці прадукты ад заражаных жывёлаў, мае захворваньне парадантозам, і вірус непасрэдна патрапіць у кроў. Але і ў выпадку, калі захворваньне перададзенае чалавеку, яно не зьяўляецца сьмяротна небясьпечным.

Кіраўнік чэскага камітэту аховы здароўя Яраслаў Крыж гаворыць, што найгоршыя сымптомы гэтага – пухіркі на вуснах, большае выдзяленьне сліны. Мэдыкі-інфэкцыяністы нагадваюць, што яшчур надзвычай небясьпечны для жывёлаў, але ў чалавека гэта толькі лёгкае захворваньне. Для яго лячэньня могуць, напрыклад, прыпісаць паласканьне роту настоем рамонку.
XS
SM
MD
LG