Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЬКАГАЛІЗМ ПАГРАЖАЕ СТАБІЛЬНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Антыалькагольная праграма разьлічаная на 2001–2006 гады. Як прызнаюць у Міністэрстве аховы здароўя, пра ейнае існаваньне ў грамадзтве пакуль што мала ведаюць. Гаворыць галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук:

(Максімчук: ) "Самае галоўнае — каб прафіляктыка была комплексная, трэба задзейнічаць усе ведамствы, а ня толькі Міністэрства аховы здароўя.

Зараз на зацьвярджэньні ў Савеце Міністраў знаходзіцца палажэньне пра Міжведамасны савет па праблемах прафіляктыкі п'янства ў рэспубліцы. Там будуць прадстаўнікі ўсіх ведамстваў, адказных за выкананьне праграмы, на ўзроўні начальнікаў упраўленьняў, намесьнікаў міністраў — усяго каля 25 чалавек".

Дзяржаўная канцэпцыя антыалькагольнай палітыкі прадугледжвае забарону на вытворчасьць няякасных сурагатных вінаў.

Міністэрства сельскай гаспадаркі ды найбуйнейшае ў галіне аб'яднаньне "Крышталь" ужо спыняюць вытворчасьць нізкаякасных напояў кшталту "Крыжачка", пакідаючы толькі тыя, якія вырабляюцца з натуральных сокаў.

Як паведаміў Уладзімер Максімчук, наркалягічная служба зьменіць мэтодыкі лячэньня хворых на алькагалізм і будзе прымяняць біяпсыхасацыяльныя падыходы. Цяпер ад гэтай хваробы можна будзе лячыцца ня толькі ў спэцыялізаваных дыспансэрах, якія займелі кепскую славу, але і ў звычайных паліклініках. Хаця і ЛТП застануцца.

Цяпер, як падлічылі ў Міністэрстве аховы здароўя, у Беларусі на душу насельніцтва чыстага этылавага сьпірту спажываецца 9 літраў штогод — разам з старымі й немаўлятамі. На ўліку стаяць 170 000 алькаголікаў.

Алькагалізм і п'янства — адна з галоўных прычынаў высокай сьмяротнасці. Каля 30% злачынстваў утвораныя ў стане алькагольнага ап'яненьня.

Неабходнасьць барацьбы з п'янствам відавочная. Але былы сябар беларускага ўраду Аляксандар Сасноў мяркуе, што антыалькагольная кампанія ня будзе пасьпяховай, бо патрэбная пасьлядоўная палітыка ў гэтай галіне. Урад жа вымушаны будзе, каб папоўніць бюджэт, дзейнічаць насуперак гэтай канцэпцыі, павялічваючы акцызы й цэны на моцныя напоі.

Паводле падлікаў намесьніка міністра аховы здароўя Ларысы Сакалоўскай, сукупныя выдаткі дзяржавы й грамадзтва, зьвязаныя зь пераадоленьнем наступстваў алькагалізацыі, пераўзыходзяць даходы бюджэту ад продажу алькаголю.

Аляксандар Сасноў мяркуе, што спробы ўраду напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў паказаць, што кіраўніцтва краіны клапоціцца пра здаровы лад жыцьця, не пазбаўленыя перадвыбарчага папулізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG