Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗІНАІДА ГАНЧАР НАВЕДАЛА Ў ТУРМЕ НА АКРЭСЬЦІНА АДНАГО З СЯБРОЎ “ЗУБРА”


Любоў Лунёва, Менск

Антон Цялежнікаў мусіць адседзець 15 сутак арышту за несанкцыянаваны пікет ля Лукашэнкавай адміністрацыі, падчас якога ён разам з астатнімі ўдзельнікамі незарэгістраванай арганізацыі "Зубар" трымаў фотаздымкі зьніклых — Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Зінаіда Ганчар апошні раз была на вуліцы Акрэсьціна ў сакавіку пазамінулага году, калі ейны муж трымаў галадоўку. Гаворыць Зінаіда Ганчар:

(Ганчар: ) "Я абураная, што юнака, па сутнасьці хлопчыка, кінулі за краты толькі таму, што ён патрабаваў ад Лукашэнкі вяртаньня выкрадзеных людзей. Лукашэнка жадае, каб было ціха, як у балоце. Ён не зацікаўлены ў сапраўдным расьсьледаваньні.

Я вельмі ўдзячная гэтаму хлопчыку. Для мяне ён — дзіця, але які мужны! Ён жа ведаў, што можа апынуцца за кратамі, і не пабаяўся. Мне вельмі прыемна, што ў нашай краіне расьце такое пакаленьне, якое можа аказваць супраціў тырану", — паведаміла Зінаіда Ганчар Радыё Свабода ля будынку прыёмніка-разьмеркавальніка.

Людміла Гразнова ўпэўненая, што вязьні спэцпрыёмніка маюць вялікую патрэбу ў перадачах з волі.

(Гразнова: ) "Пастаяў каля адміністрацыі Лукашэнкі хвіліну зь лёзунгам "Выкрадальнікаў людзей — да адказнасьці!" ды атрымаў за гэта 15 сутак. Мы мусім паказаць яму, што мы разам зь ім. Мы дзякуем яму за адвагу. Толькі ў гэтым наша сіла: адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго".

Заўтра ў Барысаве, на радзіме Антона Цялежнікава, будзе пікет дзеля ягонай падтрымкі.
XS
SM
MD
LG