Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДАДЗЕНЫ БЕЛАРУСЬСЮ ЗЬНІШЧАЛЬНІК РАЗЬБІЎСЯ Ў ПЭРУ


Ігар Карней, Менск

Паводле паведамленьняў, катастрофа адбылася якраз тады, калі група дэпутатаў парлямэнцкай камісіі наведала вайсковую базу дзеля ацэнкі тэхнічнага стану самалётнага парку. Але замест параду прыйшлося назіраць, як зьнішчальнік упаў на зямлю. На шчасьце, абышлося без ахвяраў, бо, як сьведчаць агенцтвы, пілёту ўдалося пакінуць самалёт у непасрэднай блізкасьці ад зямлі.

У амбасадзе Пэру ў Беларусі на мой запыт адказалі, што пакуль рана казаць, хто вінаваты ў тым, што адбылося. Найхутчэй, па факце аварыі ўжо сёньня пачне працаваць адмысловая камісія.

(Амбасада Пэру: ) “Афіцыйнай інфармацыі зь Лімы пакуль няма, таму наўрад ці мы здолеем даць пэўны камэнтар. Мяркую, нейкія паведамленьні будуць не раней як заўтра. Пра сёньняшні інцыдэнт мы даведаліся з Інтэрнэту”.

Адразу адмежаваліся ад інцыдэнту і ў Міністэрстве абароны Беларусі, на вайсковым балянсе якога да 1996 году лічыліся ўсе 36 самалётаў МіГ-29 і Су-25.

(Прэсавы цэнтар МА: ) “Гэта не па нашым ведамстве. Вынікамі продажу ўзбраеньняў за мяжу Міністэрства абароны не займаецца”.

У дзяржаўным прадпрыемстве “Белтэхэкспарт”, непасрэдна празь якое рэалізоўвалі пагадненьне, сказалі, што няма сэнсу ўзгадваць справу, якая стала здабыткам гісторыі.

Але ў Пэру, мяркуючы па ўсім, прытрымліваюцца іншага пункту гледжаньня. Паводле словаў аднаго з кіраўнікоў парлямэнцкай камісіі Пэру, кантракт зь Беларусьсю Пэру абышоўся ўдвая даражэй за рэальны кошт самалётаў: замест першапачаткова вызначаных 400 мільёнаў даляраў прыйшлося заплаціць 760 мільёнаў даляраў ЗША. Ды й самалёты нібыта даўно адслужылі былі свой тэрмін.

Катастрофа вымушае вайсковае кіраўніцтва Пэру зьвярнуць больш пільную ўвагу на тэхнічны стан астатніх 35 самалётаў, якія засталіся на ўзбраеньні ад кантракту зь Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG