Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ РАЗДРАЖНЯЕ КРЫТЫКА СЫТУАЦЫІ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ?


Аляксандар Лукашук, Прага

“Я магу выйсьці на плошчу з плякатам “Джордж Буш – дурань” і мне нічога за гэта ня будзе,” – хваліцца амэрыканец. “Такой бяды, – кажа савецкі. – І мне нічога ня будзе, калі я выйду на плошчу з плякатам “Джордж Буш –дурань”.

Штогадовая справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША “Аб стане правоў чалавека” раздражняе беларускія ўлады. 50 старонак гэтага дакумэнта прысьвечаны летапісу гвалту, беззаконьня, жорсткага перасьледу апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Кожны выпадак дакумэнтаваны.

Беларускі адказ на амэрыканскую крытыку зроблены паводле інфантыльнага прынцыпу “сам дурань”, а паводле зьместу нагадвае кітайскі варыянт – Пэкін ужо другі год запар друкуе сваю справаздачу пра правы чалавека ў ЗША у адказ на крытыку.

І кітайскі, і беларускі адказы ўражваюць адной акалічнасьцю: усе зьвесткі пра парушэньні правоў ўзятыя з амэрыканскага друку – і гэты кантраст кітайска-беларускія аўтары якраз і ня бачаць.

Вельмі просты тэст: пра колькі з сотняў згаданых у амэрыканскім дакумэнце парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі беларускія грамадзяне ўведалі зь перадачаў беларускага дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня ці дзяржаўнае прэсы? Амэрыканцы – крытыкі і праціўнікі цяперашняй улады ў Амэрыцы, ня шукаюць палітычнага прытулку за мяжой, як гэта зрабілі сотні беларусаў за часам Лукашэнкі.

Апроч маральнага і палітычнага вымярэньняў, справаздача мае і эканамічны аспэкт. 8 сакавіка, пакуль у Беларусі сьвяткавалі жаночы дзень, у амэрыканскім Сэнаце, у камітэце Джэсі Гэлмса, трымаў справаздачу новы дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл. У студзені група вядучых амэрыканскіх кансэрватараў заклікала прэзыдэнта Буша пакласьці ў аснову амэрыканскай замежнай палітыкі правы чалавека, рэлігійную свабоду і дэмакратыю. Амэрыканскі ўрад не павінен ніколі быць абыякавым да тыраніі, да палітычный і эканамічнай свабоды, і павінен заўсёды клапаціцца пра нованароджаныя дэмакратыі.

Колін Паўэл заяваіў у Сэнаце, што амэрыканская замежная палітыка будзе грунтавацца на правах чалавека. Амэрыка мусіць рабіць інвэстыцыі ў краіны, якія рухаюцца ў дэмакратычным накірунку, і наадварот.

Беларускія ўлады, якія груба і масава парушаюць правы чалавека, наносяць выразную шкоду эканамічным інтарэсам палітычна неактыўнай часткі насельніцтва: школьнікам, вяскоўцам, тым самым пэнсіянэрам, якія нібыты, паводле афіцыйнай прэсы, падтрымліваюць рэжым.

Улады як вагню баяцца незалежных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах – ёсьць чаго баяцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG