Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"РАСЕЯ МОЖА ХУТКА ЗАВЕРШЫЦЬ АКУПАЦЫЮ БЕЛАРУСІ"


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Пасьля няўдалых прэзыдэнцкіх выбараў, якія арганізавала апазыцыя і праігнаравала кіраўніцтва краіны ў траўні 1999, пасьля маніпуляваных парлямэнцкіх выбараў арганізаваных урадам і байкатаваных апазыцыяй у кастрычніку 2000, акцэнт палітычнага жыцьця Беларусі перайшоў на сёлетнія прэзыдэнцкія выбары, якія напэўна пройдуць у верасьні” – так пачынаецца артыкул “Ізноў Бялград ад самага пачатку?”, зьмешчаны ў англамоўным часопісе Belarusian Review і перадрукаваны ў пэрыёдыку Central Europe Review.

Напярэдадні выбараў перад Беларусьсю стаяць чатыры асноўныя пытаньні:

1. Ці зможа апазыцыя аб’яднацца вакол аднаго кандыдата, магчыма раней малавядомага, такога як Каштуніца ў Сэрбіі?

2. Як будзе рэагаваць на гэта цяперашні нелегітымны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка?

3. Як павядзе сябе ў часе выбараў Расея?

4. Як павядзе сябе ў той самы час Захад?

Апазыцыя.

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі, якая карыстаецца падтрымкай Захаду, яшчэ не назвала супольнага кандыдата. У сьнежні Каардынацыйная Рада Дэмакратычных Сілаў, у якую ўваходзяць найбольшыя апазыцыйныя партыі і рухі, назвалі былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімера Ганчарыка і дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня Рэгіянальная Беларусь Сямёна Домаша ў якасьці магчымых дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі. Каардынацыйная Рада лічыць, што шляхам перамоваў колькасьць кандыдатаў можна скараціць да аднаго.

Некаторыя апанэнты рэжыму лічаць магчымым паўтарэньне ў Беларусі югаслаўскага сцэнару, які прынясе канец дыктатуры. Але заходнія сродкі масавай інфармацыі, напрыклад часопіс Economist, мяркуюць, што ўмовы ў Менску і Бялградзе вельмі адрозныя. Выданьне зьвяртае ўвагу, што людзі ў Беларусі болшьш абыякавыя; нацыянальная сьвядомасьць, а значыць і патрыятызм, у іх шмат слабейшыя; апазыцыя – таксама выразна слабая. “Рост беднасьці, – піша Economist, – робіць беларусаў змрочнымі, але пакуль Расея забясьпечвае танную энэргію, эканоміка краіны не разваліцца”.

Ранейшы кіраўнік дзяржавы, а цяпер адзін з найбольш актыўных апазыцыянэраў Станіслаў Шушкевіч лічыць, што сёлета ў Беларусі будуць палітычныя зьмены, калі апазыцыя слушна разыграе свае карты”. Шушкевіч ня верыць у Югаслаўскі варыянт масавага пратэсту, бо пасьля стагодзьдзяў нацыянальнага ўціску і 80 гадоў здушэньня якой бы там ні было прыватнай ініцыятывы беларусы не гатовыя да масавых вулічных выступаў.

Некаторыя апазыцыянэры баяцца, што ў выпадку пагаршэньня сытуацыі Лукашэнка абвесьціць надзвычайнае становішча, застанецца пры ўладзе, а Расея разгорне свае вайсковыя сілы і гэткім чынам завершыць акупацыю Баларусі.

Паводле нядаўнага апытаньня, 36% беларускіх выбаршчыкаў зьбіраюцца ў часе наступных выбараў галасаваць за Лукашэнку, а 42% – супраць.

Урад.

Каб умацаваць сваю ўладу, Лукашэнка напрыканцы лістапада – у пачатку сьнежня адправіў у адстаўку, альбо перавёў на ніжэйшыя пасады беларусаў і прызначыў расейцаў на ключавыя пасады ў справе бясьпекі. Напрыклад, ён замяніў беларусаў – кіраўнікоў КГБ і Рады Нацыянальнай бясьпекі ўраджэнцамі Расеі, чыё мінулае зьвязанае са спэцслужбамі Савецкага Саюзу і Расейскае Фэдэрацыі.

Упершыню ад 50-х гадоў расейцы занялі вышэйшыя беларускія пасады. Сярод іх: прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын, міністар абароны генэрал-палкоўнік Аляксандар Чумакоў і старшыня “палаты прадстаўнікоў” Вадзім Папоў. Гэты расейскі кантроль улады гарантуе Маскве ляяльнасьць Лукашэнкі і не дазваляе сфармавацца мяцовай бюракратыі вышэйшага ўзроўню, якая магла б абараніць незалежнасьць Беларусі ад паглынаньня яе Расеяй.

Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі, які знаходзіцца на выгнаньні, адзначае, што адбылася чыстка рэжыму ў Беларусі ад беларусаў. “Этнічны склад дыктатарскага рэжыму, – кажа Шарэцкі, – амаль цалкам расейскі і ў дачыненьні да Беларусі – акупацыйны”. Некаторыя мясцовыя назіральнікі лічаць, што гэтыя зьмены ў кіраўніцтве былі зробленыя на замову Крамля, які плянуе падтрымаць Лукашэнку ў часе выбараў. Расея ня хоча новага Каштуніцы.

Пачатак прапагандысцкай вайны.

У часе лістападаўскай сустрэчы зь кіраўніцтвам КГБ Лукашэнка абвінаваціў Захад у фінансаваньні апазыцыі і ў плянаваньні зрынуць ягоны ўрад, пры дапамозе ідэалёгіі, грошай ды іншых хітрыкаў улучна з ваенным сродкамі. Лукашэнка заклікаў КГБ быць пільным, сачыць за замежнымі дыпляматамі і загадаў папярэджваць яго пра якія б там ні было замежныя пляны й намеры.

У сьнежні Лукашэнка абавязаў Дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне ўжыць надзвычайныя захады супраць заходняга ўплыву і забясьпечыць насельніцтва Беларусі аб’ектыўнай інфармацыяй. А неўзабаве ў тэлевізыйнай праграме “Рэзананс” прагучалі абвінавачаньні дэмакратычнай апазыцыі у кантрабандзе вялікай колькасьці зброі і выбуховых рэчываў для арганізацыі перавароту.

Адной зь мішэняў для Лукашэнкі стала Кансультацыйа-назіральная група АБСЭ ў Менску. У часе прамовы да свайго кішанёвага парлямэнту Лукашэнка сказаў, што ён не зьбіраецца дапускаць ніякага замежнага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы краіны і асабліва ў справы якога і там ні было фінансаваньня выбарчай кампаніі апазыцыі. Лукашэнка сказаў, што ён назіраў за дзейнасьцю заходніх арганізацыяў, улучна зь менскай групай АБСЭ, якая, паводле Лукашэнкі, “рыхтуе банды калябарантаў”. “Калі мы абнародуем некаторыя факты, АБСЭ будзе змушаная пакінуць краіну”.

Пасьля гэтага Беларускае тэлебачаньне назвала місію “прыладай падрыўной антыканстытуцыйнай дзейнасьці супраць Беларускай дзяржавы”, а на наступны дзень у дакумэнтальным фільме кіраўнік місіі АБСЭ Ганс Гэорг Віка названы “нямецкім шпіёнам”.

Апрача гэтага былі паведамленьні, што Лукашэнка зьбіраецца падпісаць указ пра рэструктызацыю дзяржаўнай ідэалёгіі. Паводле указу, ва ўсіх дзяржаўных установах і арганізацыях, а таксама на вялікіх дзяржаўных прадпрыемствах трэба заснаваць аддзелы ідэалёгіі.

Расея.

Шасьцігадовае кіраваньне Лукашэнкі прынесла Расеі ўсё, чаго яна хацела ад Беларусі. Гэта – выразныя стабільныя паўнамоцтвы ў міжнародным гандлі зброяй, перадавую радарную базу і базу падслухоўваньня, пагадненьне пра дыслякацыю дадатковай колькасьці войска і ракетаў, свабодны транзыт для войска і тавараў, а таксама эканамічнае дамінаваньне пры дапамозе кантролю над пастаўкамі энэрганосьбітаў.

“Фактычна, Расея робіць для нас тое, што Міжнародны Валютны Фонд робіць для Расеі,” – сказаў Лукашэнка.

Некаторыя назіральнікі лічаць, што Масква вырашае ўсё, што адбываецца на Беларусі, у тым ліку, і лёс Лукашэнкі, і пакуль Маскве выгодна бачыць Лукашэнку пры ўладзе, так яно і будзе.

Геаграфічна Менск нашмат бліжэй да Масквы, чым Бялград, і таму Расеі нашмат лягчэй кіраваць працэсамі, што ідуць у Беларусі. Выглядае, што Расея хоча ўзнавіць нешта накшталт мяжы былога Савецкага Саюзу. Паводле нядаўнага апытаньня, прыблізна 55% расейцаў лічаць, што гістарычная місія Расеі ў тым, каб сабраць разам народы і краіны, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі да 17-га году, а потым склалі Савецкі Саюз.

У часе інтэрвію Станіслаў Шушкевіч сказаў, што жаданьне з дапамогай Лукашэнкі вярнуць Менск у арбіту Масквы, Расея маніпулюе падзямі так, каб выглядала, што яна дапамагае Беларусі не патануць, і што без Расеі Беларусь, як сувэрэнная краіна, існаваць ня зможа.

Захад.

Паводе публікаці ў часопісе Economist, ёсьць выразныя адрозьненьні паміж ЗША і Нямеччынай у пытаньнях стаўленьня да Беларусі. Выданьне адзначае, што місія АБСЭ ў Менску, якую ўзначальвае нямецкі дыплямат Ганс-Гэорг Вік, прапаведуе цярпеньне і дыялёг.

У той час як некаторыя сябры апазыцыі маюць прэтэнзіі да нямецкай дыпляматыі ў дачыненьні да Беларусі і асабліва да пасла Віка, Злучаныя Штаты падтрымліваюць дзеяньні АБСЭ і назіральнай групы ў Менску. Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Джонсан, у часе венскага паседжаньня Сталай Рады 14 сьнежня заявіў, што Злучаныя Штаты разглядаюць дзейнасьць АБСЭ ў Беларусі як адпаведную ейнаму мандату. Гэта вельмі важна для таго, каб будучыя выбары ў Беларусі адпавядалі міжнародным стандартам. Дзйнасьць Віка і ягонай групы, сказаў Джонсан, найбольш патрэбная менавіта цяпер, калі трэба дапамагчы Беларусі выконваць узятыя на сябе абавязкі ў галіне правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG