Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ ПЛЯНУЕ ПРАДАВАЦЬ ІРАНУ БОЛЬШ ЗБРОІ


Алена Ціхановіч, Прага

Больш цеснае стратэгічнае партнэрства Расеі ды Ірану, аднак, выклікае заклапочанасьць ЗША.

Нягледзячы на вялікую ўвагу дасьледчыкаў на працягу стагодзьдзяў, тэорыя альянсаў вельмі мала зьмянілася, і сэнс яе засключаецца ў арабскай прымаўцы: “Вораг майго ворага ёсьць мой сябра”. Так пачынаецца артыкул газэты Financial Times, прысьвечаны расейска-іранскім адносінам. Дзьве краіны маюць мала агульнага, акрамя праціўнікаў. Тым ня менш, Уладзімер Пуцін адкінуў меркаваньне, што двухбаковае супрацоўніцва накіраванае супраць нейкага трэцяга боку. Гэтую ж думку агучыў і Махамад Хатамі:

(Хатамі: ) “Гэтае супрацоўніцтва ня толькі не накіраванае супраць каго-небудзь, але на інтэграцыю і ўмацаваньне міру, бясьпекі, стабільнасьці і разьвіцьця ў вельмі крохкім сьвеце, дзе мы ўсе жывем”.

Іран зьяўляецца трэцім найбольшым пакупніком расейскай зброі пасьля Кітаю ды Індыі. Аднак на працягу апошніх гадоў ваенна-тэхнічнае супрацоўніцва Масквы і Тэгерану было абмежаваным. Прычынай таму было негалоснае пагадненьне Гор-Чарнамырдзін, падпісанае ў 1995-м годзе. Вашынгтон спрабаваў тады шэрагам фінансавых выгад абмежаваць расейска-іранскае супрацоўніцтва. ЗША абвінавачвае іранскія спэцслужбы ў падтрымцы тэрарызму і бачыць пагрозу ў тым, што Тэгеран можа быць блізкі да стварэньня ядзернай зброі.

Павялічыць занепакоенасьць і незадавальненьне ЗША можа тое, што падчас цяперашняга візыту прэзыдэнта Хатамі ў Маскву бакі дамовіліся пра далейшае развіцьцё цывільных ядзерных праектаў. Так, Расея зьбіраецца дапамагчы Ірану закончыць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Бушары, узвесьці для яе тры новыя ядзерныя рэактары.

Прэзыдэнт Пуцін таксама прызнаў, што Расея эканамічна зацікаўленая пастаўляць зброю Ірану, што абумовіў і палітычнымі тлумачэньнямі.

“Мы лічым, - сказаў ён, - што Іран мае права на тое, каб загарантаваць сваю бясьпеку і павінен быць самадастатковай, незалежнай дзяржавай”.

Пуцін, аднак, мусіў удакладніць:

“Заказы ад нашых іранскіх партнэраў расейскім вытворцам зброі цалкам датычаць узбраеньняў абарончага характару Іран не прэтэндуе на ўзбраеньні, якія ляжаць за межамі міжнароднай практыкі”.

Праграма мадэрнізацыі іранскіх узброеных сілаў, такім чынам, будзе ажыцьцяўляцца за кошт паставак расейкай зброі. Тэгеран гатовы закупіць у Расеі сучасныя танкі, баявыя машыны пяхоты, артылерыйскія сыстэмы і сыстэмы супрацьракетнай абароны. Экспэрты мяркуюць, што Расея можа штогод зарабляць ад двух да сямі мільярдаў даляраў ад продажу звычайных відаў узбраеньняў Ірану і за падрыхтоўку іранскіх вайсковых спэцыялістаў.

Сваю дзялянку эканамічных інтарэсаў на іранкім рынку шукае і афіцыйны Менск. Нагадаем, што іранская амбасада тут адчынілася сёлета ў лютым. Менск ужо наведалі міністар замежных справаў Ірану, а разам зь ім і прадстаўнікі арганізацыі атамнай энэргетыкі і міністэрства абароны.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG