Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНСКІМ МАТОРНЫМ ЗАВОДЗЕ СКАРАЧАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ СЯБРОЎ ПРАФСАЮЗУ


Міхал Стэльмак, Менск

Яшчэ два месяцы таму 6-тысячны калектыў Менскага маторнага заводу цалкам складаўся зь сяброў прафсаюзаў. Адны ўваходзілі ў суполку прафсаюзу аўтасельгасмашу, іншыя — у суполку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.

Цяпер стан з прафсаюзнай прыналежнасьцю істотна зьмяніўся. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу маторабудаўнікоў Валеры Захарчанка:

(Захарчанка: ) "Многія наагул выйшлі з прафсаюзаў. На працягу апошняга месяца мы апыталі кожнага працаўніка заводу. І высьветлілі, што частка іх вырашыла ня зьвязваць сябе з прафсаюзамі.

Я маю апошнія зьвесткі заводзкай бугальтэрыі, зьвязаныя зь пералічэньнем прафсаюзных складак. Дык вось, як зафіксавана там, каля 1 000 чалавек наагул выйшлі з прафсаюзаў", — паведаміў Валеры Захарчанка.

Паводле ягоных словаў, гэта вынік так званай прафсаюзнай перарэгістрацыі, якая была распачатая тут у студзені. Паводле прафсаюзных зьвестак, яна была ініцыяваная адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Адна з мэтаў, лічыць Валеры Захарчанка, — зьнішчэньне самай масавай на сёньня заводзкай арганізацыі дэмакратычнага прафсаюзу.

Болей як 1 000 сяброў Свабоднага прафсаюзу пры падтрымцы адміністрацыі прадпрыемства меркавалася “запісаць” у сябры “кішэннай” прафсаюзнай арганізацыі. Аднак, нягледзячы на жорсткі ціск, пераважная большасьць “мэталістаў” пацьвердзіла сяброўства ў Свабодным прафсаюзе.

Другая частка, запалоханая адміністрацыяй і антыпрафсаюзнымі дзеяньнямі ўладаў, вырашыла спыніць сяброўства ў прафсаюзах. Гаворыць лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "Людзі робяцца разьменнай манэтай у палітычнай гульні, якую вядзе ўлада супраць прафсаюзаў, супраць адзінства прафсаюзнага руху. Я б раіў кіраўнікам ураду, адміністрацыяў прадпрыемстваў не чапаць працоўныя калектывы.

Рэч у тым, што раскол прафсаюзаў, падштурхоўваньне асобных прафсаюзных лідэраў да “штрэйкбрэхерства” адмоўна ўспрымаецца Міжнароднай арганізацыяй працы, якая ўплывае на міжнароднае стаўленьне да той ці іншай краіны.

Я не выключаю, што можа ўскладніцца стан з рынкамі збыту для нашых прадпрыемстваў", — зазначыў Аляксандар Бухвостаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG