Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬВЯЗ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ УЦЕКАЧОЎ У ПОЛЬШЧЫ ДАМОГСЯ ПЕРАГЛЯДУ СПРАВЫ ЖУКАЎЦА


Міхась Шэлягоўскі, Варшава

Даслаўшы хадайніцтва ў міністэрства замежных справаў Польшчы, Зьвяз дамогся, каб беластоцкі суд накіраваў справу беларускага прадпрымальніка Андрэя Жукаўца на больш падрабязнае дасьледаваньне.

Сама ідэя згуртаваньня палітычных уцекачоў Польшчы існавала ўжо не адзін год. Апошнім штуршком для стварэньня такой структуры якраз і стаў арышт Андрэя Жукаўца і пагроза экстрадыцыі бізнэсоўца на радзіму. Ведаючы з уласнага вопыту, зь якою лёгкасьцю беларускія ўлады фабрыкуюць крымінальныя справы на дзеячоў апазыцыі, зьвязаўцы адным з асноўных праграмных пунктаў сваёй дзейнасьці вызначылі процідзеяньне экстрадыцыі апанэнтаў беларускага рэжыму.

Апроч гэтай праблемы ў беларусаў, якія атрымалі палітычны прытулак у Польшчы, шмат іншых. Напрыклад, атрыманьне статусу палітычнага эмігранта, які дае магчымасьць легальна працаўладкавацца, бесьперашкодна перасоўвацца па Эўропе ды наагул свабодна займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Але атрымаць статус уцекача ў Польшчы вельмі складана. Летась яго атрымалі толькі пяцёра беларусаў.

Кіраўнік Зьвязу, сябра Маладога Фронту Ясь Абадоўскі чакае на статус больш за два гады, ягоны намесьнік Віктар Нагнібеда (у беларускім жыцьці – старшыня Лігі ліцьвінаў) знаходзіцца ў Польшчы 10 месяцаў і дасюль безвынікова. З прычыны такіх адносінаў шмат беларусаў ня вытрымалі і падаліся далей на Захад.

Значная частка ўцекачоў з Беларусі жыве па-за межамі спэцыяльных лягераў, бо такія асяродкі мала чым адрозьніваюцца ад месцаў зьняволеньня ў Беларусі. Уцекачы сумна жартуюць, што польскае чынавенства літаральна разумее фразу бухгальтара зь Нямеччыны аб тым, што чалавек – грамадзкая жывёліна, і акрамя ежы і даху над галавой яго нічога не цікавіць.

Многія ўцекачы маюць на першы час нейкія сродкі і ўпэўненыя, што іх справа будзе хутка разгледжаная. Першы час жывуць на ўласныя грошы, здымаюць пакоі альбо кватэры. Калі ж сродкі заканчваюцца, іншага шляху як ісьці ў лягер не застаецца. Вось спрыяць вырашэнью ўсіх гэтых праблемаў узялася арганізацыя пад назвай Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў.

Што да палітычнай дзейнасьці, то зьвязаўцы маюць намер выдаваць свой тыднёвік, які плянуецца распаўсюджваць у Беларусі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў на радзіме, у аргкамітэце арганізацыі лічаць, што выданьне штотыднёвіка на сёньня – самая важная справа.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG