Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНГ АБСЭ АСПРЭЧВАЕ ЧАРГОВУЮ АТАКУ БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ


Юры Сьвірко, Менск

Памочнік Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Посахаў заявіў учора ў "Панараме", што запрашэньне ад кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка, дасланае ім кіраўнікам розных партыяў, выклікала ў апошніх "абурэньне, паколькі выбары яшчэ не прызначаныя, кандыдаты на прэзыдэнта не зарэгістраваныя, давераных асобаў няма".

"Усё гэта расцэньваецца намі як умяшаньне ва ўнутраныя справы нашае дзяржавы, імкненьне ажыцьцяўляць антыканстытуцыйную, супрацьзаконную дзейнасьць", — заявіў спадар Посахаў і дадаў, што любыя назіраньні, любыя выбары могуць праходзіць толькі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законам.

А яшчэ "Панарама" паведаміла, што, нягледзячы на выдаткаваныя зь бюджэту АБСЭ значныя грошы ды вялікія намаганьні самой КНГ АБСЭ, "самастойна правесьці сэмінары па падрыхтоўцы наглядальнікаў на Беларусі АБСЭ правесьці не змагла. Першая спроба сабраць удзельнікаў была зробленая 9 сакавіка — на сэмінар прыйшло 10 чалавек. Другая спроба была 10 сакавіка — на сэмінар прыйшло 7 чалавек".

Гэтыя паведамленьні абвяргае палітычны дарадца групы АБСЭ ў Беларусі Эндру Карпэнтэр:

(Карпэнтэр: ) "Мы правялі тры сэмінары паміж 9 ды 12 сакавіка на тэму назіраньня за выбарамі. Былі запрошаныя чыноўнікі выбарчае камісіі, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, студэнцкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, якія будуць дзейнічаць як упаўнаважаныя або вузкапартыйныя назіральнікі.

Цягам трох дзён мы мелі больш як сотню ўдзельнікаў і прысутных. Паседжаньні былі прысьвечаныя таму, што такое назіраньне за выбарамі, што такое правы ды абавязкі назіральнікаў у часе выбараў. Мы разглядалі выбарчыя працэдуры й дапамагалі падаваць заявы ды скаргі што да выбарчага працэсу ў адпаведнасьці з тымі законамі, якія дзейнічаюць у Беларусі сёньня", — паведаміў спадар Карпэнтэр.

На маю просьбу пракамэнтаваць заявы Сяргея Посахава ды тэлебачаньня пра антыканстытуцыйнасьць сэмінараў яшчэ да прызначэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў Эндру Карпэнтэр адказаў гэтак:

(Карпэнтэр: ) "Што датычыць сэмінараў, дык я б сказаў, што прынцыпы назіраньня ўнівэрсальныя. Я маю на ўвазе, што яны не прымяняюцца да нейкіх асобных выбараў. Час правядзеньня гэтых сэмінараў быў абраны з прычыны паўторных выбараў, якія мусяць прайсьці 18 сакавіка ў 13 акругах па Беларусі", — зазначыў Эндру Карпэнтэр, палітычны дарадца Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG