Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАГЭТУЛЬ НЕВЯДОМА, ДЗЕ ДАЛЕЙ БУДУЦЬ ДРУКАВАЦЦА НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ ГАЗЭТЫ “НАША СВАБОДА”, “НАРОДНАЯ ВОЛЯ” ДЫ “РАБОЧЫ”


Ганна Соусь, Менск

Пакуль што з трох гэтых выданьняў ня выйшаў толькі чарговы нумар “Нашай свабоды”. Ці атрымаюць газэту чытачы ў сераду? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да галоўнага рэдактара “Нашай свабоды” Паўла Жука.

(Жук: ) "Пакуль што яшчэ ня ведаю, дзе газэта будзе друкавацца. Магчыма на месцы, у "Мэджыку", можа ў "Чырвонай зорцы", а мо яшчэ дзе. Можа й ня выйдзе зусім, таму што зараз сытуацыя такая няпэўная".

Павал Жук таксама зазначыў, што “Нашу свабоду” можна будзе прачытаць у Інтэрнэце. А што да зьмены друкарні, то спадар Жук патлумачыў наступнае:

(Жук: ) "Гэта ж не за хвіліну — перакінуць паперу, магутнасьці, узгадніць графік, разабрацца з "Саюздрукам", зьмяніць усе такія рэчы. Таму я думаю, што найбольш верагодны выхад нумару ў пятніцу".

Нягледзячы на тое, што з 12 сакавіка дамова паміж фірмай “Знамение” і друкарняй “Мэджык” ня дзейнічае, сёньняшні нумар газэты “Народная воля” надрукаваны менавіта ў “Мэджыку”. І заўтрашні нумар таксама друкуецца там.

Але, як паведаміў галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч, магчыма, газэта ўсё ж зьменіць друкарню. Перамовы пра гэта, паводле спадара Сярэдзіча, распачаліся яшчэ за некалькі тыдняў, як была скасаваная дамова паміж “Знамением” і “Мэджыкам”.

Галоўны рэдактар “Народнай волі” не назваў друкарні, зазначыў толькі, што для газэты яна больш зручная, бо яна ў цэнтры Менску. Да таго ж, друкарскія паслугі там таньнейшыя, чым у “Мэджыку”.

Ці выйдзе заўтра газэта “Рабочы”? На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу яшчэ не было вызначана, дзе яна будзе друкавацца. Сытуацыю тлумачыць галоўны рэдактар “Рабочага” Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Мо дамовімся пра ўсё з "Чырвонай зоркай", калі яны будуць згодныя. Там жа так: ня з раніцы, а ў дзьве гадзіны аддаць ім газэту, а ўжо а сёмай вечара яны аддадуць наклад. Затрымка ў нас тады будзе на дзень.

Па-другое, яшчэ ёсьць друкарня "Асобны дах", прыватная, але ня ведаю, што там зь імі яшчэ. Во такія два варыянты — гэта калі ў Менску. А калі па-за Менскам, дык выхад яшчэ на тыдзень адкладаецца".


XS
SM
MD
LG