Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНАЙ СТАБІЛІЗАЦЫІ ВА ЎКРАІНЕ НЕ ПРАДБАЧЫЦЦА


Алесь Вараневіч, Кіеў

Многія аналітыкі адзначаюць, што такіх масавых беспарадкаў, як 9-га сакавіка сёлета, ва ўкраінскай сталіцы не было ад 1995 году, калі міліцыя разганяла ўдзельнікаў пахаваньня Патрыярха Ўладзіміра.

Пры гэтым назіральнікі яшчэ не прайшлі да адназначнай высновы, каму больш нашкодзіла сакавіцкая акцыя – Кучму і ягонаму асяродзьдзю ці апазыцыянэрам з Фронту нацыянальнага выратаваньня, якія выступаюць за адстаўку цяперашняга прэзыдэнта?

Пасьля ліквідацыі пры канцы лютага “палатачнага” гарадку антыкучмаўскай апазыцыі на цэнтральнай вуліцы Кіеву, кіраўнікі акцыі пратэсту, адмовіўшыся ад малалюднага месца, запрапанаванага судом, паставілі палаткі ў сквэры каля помніка Тарасу Шаўчэнку, каб перашкодзіць Леаніду Кучму ўскласьці кветкі да манумэнту паэта.

Паводле традыцыі, якая пасьля здабыцьця Ўкраінай незалежнасьці, стала дзяржаўным рытуалам, вышэйшае кіраўніцтва краіны 9-га сакавіка, у дзень нараджэньня Шаўчэнкі, абавязкова ўскладае да яго помніка кветкі.

Уладзе ўдалося ліквідаваць і гэты палатачны гарадок, абгрунтаваўшы свае дзеяньні ў юрыдычным судзе постфактум.

Сутыкненьні дэманстрантаў, а іх было па розных ацэнках ад 5-ці да 10-ці тысячаў, зь міліцыяй каля шаўчэнкавага сквэру 9-га сакавіка раніцай, дэманстратыўнае зьнішчэньне актывістамі акцыі “кветкі прэзыдэнта”, бойка каля ягонай адміністрацыі даволі падрабязна дэманстраваліся ў відэазапісах многімі тэлеканаламі сьвету. Гэта нагадвала атмасфэру Ўкраіны канцу 80-х-пачатку 90-х гадоў – эпоху аганізацыі савецкай сыстэмы.

Кіраўнікі фронту нацыянальнага выратаваньня цягам апошніх дзён заявілі, што сутычкі сталі вынікам дзейнасьці правакатараў, якія ня маюць дачыненьня да акцыі “Украіна – бяз Кучмы!” Палітычныя дзеячы краіны па-рознаму ацанілі паводзіны міліцыі: прыхільныя да Леаніда Кучмы – станоўча, апанэнты – адмоўна.

Генэральная пракуратура Ўкраіны завяла крымінальную справу супраць актыўных удзельнікаў акцыі 9-га сакавіка, кваліфікуючы іхныя дзеяньня як злачынствы супраць дзяржавы.

Пакуль няма прыкметаў хуткага выйсьця з крызісу. Зразумела адно: у апошні год перад парлямэнцкімі выбарамі на змяншэньне палітычнага напружаньня ва Ўкраіне нельга разьлічваць.

Крэдытары з Парыскага клюбу гэта адчулі і адклалі на нявызначаны тэрмін рэструктурызацыю замежнай украінскай пазыкі.

XS
SM
MD
LG