Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ПАДЛЕТКІ ЗАБІЛІ ПАДПАЛКОЎНІКА МІЛІЦЫІ


Любоў Лунёва, Менск


Праваахоўчыя органы лічаць, што гэты выпадак — яшчэ адно сьведчаньне рэзкага пагаршэньня крымінагеннай сытуацыі ў краіне за апошнія тры месяцы.

Сёньня супрацоўнікі міліцыі хавалі свайго калегу падпалкоўніка Сяргея Волкава, які працаваў намесьнікам начальніка службы тэхнічных сродкаў аховы Цэнтральнага раёну Менску.

Позна ўвечары 7 сакавіка Волкаў выйшаў у начны шапік па цыгарэты і стаў сьведкам, як чацьвёра падлеткаў намагаліся абрабаваць шапік. Падпалкоўнік паспрабаваў спыніць злачынцаў. Тыя пачалі жорстка зьбіваць міліцыянта. Ад атрыманых ран Сяргей Волкаў памёр.

Падлеткаў у выніку сьледчых дзеяньняў затрымалі. Сьледзтва вядзе пракуратура Кастрычніцкага раёну Менску. Пракурор Мікалай Старавойтаў паведаміў Радыё Свабода, што ў ягонай практыцы такіх здарэньняў яшчэ не было:

(Старавойтаў: ) "Ніякай прычыны забіваць гэтага чалавека не было. Я разглядаю гэта як акт агрэсіі. Апошнія тры месяцы крымінагенная сытуацыя ў горадзе рэзка пагоршылася. Мы маем рэзкі рост цяжкіх злачынстваў. Прычына — цяжкі эканамічны й сацыяльны стан, рост беспрацоўя, п’янства, наркаманія, жабрацкія заробкі.

Вось і гэтыя затрыманыя беспрацоўныя падлеткі — зь няпоўных сем’яў. Праўда, адзін зь іх мае маці й бацьку, але тыя — алькаголікі.

Усе падлеткі былі п’яныя, калі ўчынілі забойства. Іх не спыніла, што перад імі падпалкоўнік міліцыі. Яны сябе не кантралявалі", — паведаміў пракурор Кастрычніцкага раёну Менску Мікалай Старавойтаў.

За апошнія паўгода забілі чатырох супрацоўнікаў міліцыі менавіта са службы аховы. На ўсіх іх рабілі замахі, каб забраць іхную зброю. Забойства ж падпалкоўніка Волкава — першае такога кшталту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG