Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НЕЗАЛЕЖНЫЯ ГАЗЭТЫ ШУКАЮЦЬ ДРУКАРНІ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ня выйшла газэта “Наша свабода”. Што да іншых выданьняў, якія друкуюцца ў “Мэджыку”, то яшчэ раніцай не было вядома, ці выйдуць яны заўтра. Бо менавіта сёньня згубіла сілу дамова паміж фірмамі "Знамение" і "Мэджык" на друк шэрагу незалежных выданьняў на абсталяваньні “Знамения”.

Як запэўніў дырэктар гэтай фірмы Уладзімер Дашук, у гэтай сытуацыі няма палітычнага складніку, хутчэй, гэта камэрцыйная праблема, бо “Мэджык” друкуе незалежныя газэты не на ўласным паліграфічным абсталяваньні ды ня плаціць за гэта.

(Дашук: ) "Рэч у тым, што мы павінны былі 6 месяцаў таму разарваць зь ім усе дачыненьні, але далі яму гэты тэрмін, бо чалавек патрапіў у такія абставіны, тэхніку ў яго забралі. Далі магчымасьць газэтам выходзіць, але колькі ж магло гэткае працягвацца?

Ён не папярэдзіў сваіх кліентаў, рэдакцыі — відаць, таму скандал пачынаецца. "Белорусская деловая газета" пайшла ад Будзька раней, Сярэдзіч, здаецца, думаў пайсьці два тыдні таму. Невядома што там з "Нашай свабодай", але Паўлік дамаўляецца з "Чырвонай зоркай", заўтра мо будзе ўжо якая дамова з той друкарняй".

Дырэктар друкарні “Мэджык” Юры Будзько таксама ня лічыць гэта палітычнай праблемай, хутчэй — нядобрасумленнай канкурэнцыяй.

Як распавёў сп. Будзько, сёньня ён увесь час падтрымлівае кантакт з галоўнымі рэдактарамі незалежных выданьняў ды раіць ім не панікаваць. Але тыя вымушаныя шукаць іншых друкарняў.

Гаворыць галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Мы шукаем дзе надрукавацца. Ёсьць некалькі варыянтаў: "Чырвоная зорка", друкарні ў Воршы, Салігорску. У Смаленску ёсьць таксама. Пажадана пастарацца, каб на гэтым тыдні газэта выйшла".

Што да іншых выданьняў, то, напрыклад рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч запэўніў, што ягоная газэта так ці інакш пабачыць сьвет. Сёньня ж, паводле Сярэдзіча, насуперак усім непаразуменьням, “Народная воля” друкуецца па-ранейшаму ў “Мэджыку”.

Дарэчы, уся гэтая гісторыя выглядае даволі цьмяна. Як паскардзіліся ўсе мае суразмоўцы, яны ня здолелі сёньня адшукаць галоўнага рэдактара ды выдаўца “Нашай свабоды” Паўла Жука. Мне таксама не ўдалося даведацца пра тое, дзе й якім чынам будзе друкавацца далей газэта “Наша свабода”. Але, як паведамілі ў рэдакцыі газэты, неўзабаве гэтае пытаньне мусіць вырашыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG