Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ ПАЛІТЫК РАЧЫНЬСКІ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВАЕНІЗАВАНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ НЕБЯСЬПЕЧНАЯ ДЛЯ ЯЕ ГРАМАДЗЯНАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў адкрываў сэмінар, у якім бралі ўдзел беларускія, расейскія ды польскія палітыкі й навукоўцы. Ва ўступным слове ён заўважыў, што для ўсіх трох народаў надзвычай важнае пытаньне пра сыстэму бясьпекі ў Эўропе. Прасьцей кажучы, усе чакаюць: адбудзецца падзел на Эўропу й Азію па Бугу ці ўдасца знайсьці варыянт без сымбалічнай мяжы.

Намесьнік міністра выказаўся за тое, каб "павялічваць суму агульных інтарэсаў Беларусі, Расеі й Польшчы".

Здавалася б, мала хто супраць таго, каб жыць у адзіным эўрапейскім доме. Аднак ці гатовыя афіцыйныя Менск і Масква на рэальнае збліжэньне з Захадам?

Зьдзіслаў Рачыньскі, вядомы польскі палітык, дарадца адміністрацыі польскага прэзыдэнта ў пытаньнях бясьпекі, такіх прыкметаў ня бачыць. Ён называе Беларусь найбольш ваенізаванай краінай ва Ўсходняй Эўропе і мяркуе, што менавіта гэта, а не мітычная пагроза NATO ёсьць праблемай бясьпекі Беларусі.

(Рачыньскі: ) "Безумоўна, беларускае войска на 80 000 чалавек не ўяўляе для нас пагрозы, як і польскае войска разам з NATO нікому не пагражаюць.

Хутчэй праблема ў тым, што ўтрымліваць войска на 80 000 каштуе вельмі дорага 10-мільённай краіне. Магчыма, гэта найбольшая пагроза для вас, бо грошы зь бюджэту можна было б не марнаваць, а патраціць на разьвіцьцё эканомікі, якая на мяжы каляпсу".

Спадар Рачыньскі параўноўвае такія лічбы: Беларусь ледзь не ўтрая больш ваенізаваная за Польшчу дзяржава, а ўзровень дабрабыту ў Беларусі ў пяць разоў ніжэйшы. Найперш варта падумаць пра забесьпячэньне больш цесных эканамічных кантактаў з Захадам, — раяць польскія палітыкі беларускім уладам і прапануюць дапамогу ў кантактах.

Аднак некаторыя расейскія спэцыялісты перакананыя, што беларусаў ды расейцаў у аб'яднаную Эўропу ўжо ня пусьцяць. Гэтай думкі ў прыватнасьці трымаецца вядомы расейскі палітоляг Вячаслаў Ніканаў.

(Ніканаў: ) "Эўрапеўскі саюз ужо заплянаваў сваё пашырэньне, і ані Расея, ані Беларусь у лік гэных краінаў, як вядома, ня трапяцць. На апошнім саміце ў Ніцы нашыя краіны нават ня згадвалі ў падрыхтаваных дакумэнтах. Нам безумоўна прыйдзецца ісьці сваім шляхам".

Калі казаць пра асаблівы шлях Расеі й Беларусі, дык палітоляг Ніканаў прапануе паспрабаваць інтэгравацца ў міжнародныя арганізацыі — як мага ў большую колькасьць. Ніканаў ня выключыў, што Расея зробіць спробу ўступіць у Міжнародную гандлёвую арганізацыю, але гэта, мяркуе палітоляг, дадасьць цяжкасьцяў Беларусі.

"Наўрад ці, нават калі да ўлады ў Беларусі прыйдзе найлібэральнейшы прэзыдэнт, ён здолее хутка разьвярнуць вашу краіну з Усходу на Захад", — мяркуе спадар Ніканаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG