Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭМ’ЕР СЭРБІІ ДЖЫНДЖЫЧ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО НАТО ХОЧА ПАДСТАВІЦЬ ЮГАСЛАЎСКІХ ВАЙСКОЎЦАЎ


Кастусь Бандарук, Прага

“Альбанцы не пагаджаюцца на ўвядзеньне югаслаўскіх сілаў у населеную этнічнымі альбанцамі вёску Трнава,” – заявіў кіраўнік альбанскай дэлегаці, мэр Прэшава Рыза Галімі. Затое сэрбскі віцэ-прэм’ер Нэбойша Човіч адзначыў, што Сэрбія пагаджаецца на спыненьне агню без аніякіх папярэдніх умоваў.

Населеныя пераважна альбанцамі ваколіцы Прэшава, ўжо больш году дзейнічаюць альбанскія партызаны з Косава. Цягам апошніх некалькіх тыдняў яны пачалі пранікаць ў памежную паласу Македоніі, дзе дагэтуль загінулі 5 чалавек. У такой сытуацыі НАТО дазволіла паўторнае разьмяшчэньне югаслаўскіх сілаў на адным з адрэзкаў памежжа, аднак Бялград паставіўся да гэтай прапановы бяз энтузіязму.

Прэм’ер-міністар Сэрбіі Зоран Джынджыч скрытыкаваў плян НАТО. На ягоную думку, гэта дрэнны плян, паколькі НАТО відавочна хоча падставіць югаслаўскіх вайскоўцаў.

(Джынджыч: ) “Нашыя сілы могуць апынуцца ў перакрыжаваным агні. З аднаго боку, мы будзем мець альбанцаў з Косава, а з другога - альбанцаў з Македоніі. І адны і другія –экстрэмісты, і я думаю, што праблема нагадвае бульбіну з агню. Гэтую гарачую бульбіну павінны ўзяць у свае рукі сілы НАТО і Македоніі”.

На думку Джынджыча, Бялграду павіна быць дазволена разьмясьціць свае сілы далей на поўначы буфэрнай зоны, бліжэй гарадоў Прэшава і Буянавача.

У пятніцу ў вёсцы Лучанэ ў Прэшаўскай даліне ад рук альбанскіх партызанаў загінуў сэрбскі паліцыянт, а 6 іншых былі параненыя. У суботу працягвалася перастрэлка паміж паўстанцамі і югаслаўскімі сіламі, аднак, учора страляніна спынілася.

Мяркуецца, што ў памежным раёне дзейнічаюць як мінімум 300 узброеных людзей, якія днём хаваюць зброю, перапранаюцца ў цывільную вопратку, а ўначы свабодна пераходзяць мяжу. Яны цьвердзяць, што абараняюць ад рэпрэсіяў цывільнае насельніцтва. На мінулым тыдні прыблізна 1000 альбанскіх уцекачоў перайшлі на тэрыторыю Косава. Аднак Бялград заяўляе, што тэрарысты хочуць далучыць Прэшаўскую даліну да Косава.

Ад пачатку мінулага году ў памежным раёне загінулі 30 чалавек. У міжчасе ў Македоніі, дзе трэць насельніцтва складаюць этнічныя альбанцы, узмацняюцца дамаганьні аўтаноміі для альбанскай меншасьці.

Заходні друк зьвяртае ўвагу на небясьпеку паглыбленьня балканскага крызісу. Пашырэньнем канфлікту занепакоеныя Баўгарыя і Грэцыя, якія вядуць інтэнсіўныя перамовы з уцягнутымі ў канфлікт бакамі. У ангельскай газэце Observer гаворыцца, што падзеі ў Мастары і ў Танушэвчы павінны моцна насьцярожваць міжнародную супольнасьць.

На мінулым тыдні харвацкія нацыяналісты ў Босніі-Герцагавіне, прагаласавалі за аўтаномію харвацкай міні-дзяржавы. Міжнародны адміністратар Пэтрыч прыгразіў ім санкцыямі, звольніў харвацкага лідэра Антэ Елавіча з пасады сябры калектыўнага прэзыдыюму, але нацыяналісты не адклікалі сваё рашэньне, што можа азначаць поўную эрозію дэйтанскіх пагадненьняў.

Паводле камэнтатара газэты New York Times Сьцівэна Эрлянджэра, на Балканах назіраецца паўторны ўздым нацыяналізму. Эрлянджэр лічыць, што зараз ў вельмі клапатлівым становішчы апынуліся сілы НАТо ў Косаве. Паводле амэрыканскага журналіста, гэта вынік таго, што міжнародныя сілы адмаўляюцца сур’ёзна паставіцца да праблемаў і аспірацыяў альбанцаў, дзеля абароны якіх яны пачалі вайну з Бялградам.

Нежаданьне супрацівіцца ўзброеным групоўкам, якія выганяюць неальбанцаў з Косава, імкнуцца да незалежнасьці правінцыі і хочуць пашырыць ейныя межы, нясе сур’ёзную пагрозу стабільнасьці ў рэгіёне. На думку амэрыканскага аглядальніка, існуе падабенства паміж цяперашняй сытуацыяй ў Македоніі і ў Косаве ў 98 годзе.
Эрлянджэр цытуе аднаго з ананімных заходніх дыпляматаў, які заявіў, што “зараз сілы НАТО зьяўляюцца адзіным гарантам стабільнасьці на Балканах, але неясна, ці яны хочуць выканаць сваё заданьне. Яны ня хочуць уступаць у сутычкі з альбанскімі экстрэмістамі, каб самім не стаць аб’ектам іхных атакаў, але для сэпаратыстаў гэтая бязьдзейнасьць зьяўляецца сыгналам поўнай беспакаранасьці”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG