Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ. УДЗЕЛЬНІЧАЕ РЫГОР БАРАДУЛІН


Аўтар і вядучы Міхась Скобла, Менск

Нагодай для гутаркі з Рыгорам Барадуліным сталася прыемная навіна: на мяжы стагодзьдзяў пабачылі сьвет адразу дзьве ягоныя кнігі паэзіі.

Абедзьве кнігі зьявіліся ў недзяржаўных выдавецтвах: "Босую зорку" парупілася выдаць Беларускае таварыства "Кніга", "Зорку спагады" — рэклямна-выдавецкая фірма "Ковчег".

(Міхась Скобла: ) "Спадар Рыгор, звычайна вы патрабавальна й вынаходліва даяце імя кнізе, якое робіцца непаўторным — "Рум", "Нагбом", "Здубавецьця". А тут абедзьве кнігі назваліся "Зоркамі"… "Босая зорка" зьявілася наўсьлед за "Зоркай спагады".

Ці не азначае гэта, што для вас спраўдзілася вядомае лацінскае выслоўе: Per aspera ad astra — празь церні да зорак, і церні засталіся ззаду?"

(Рыгор Барадулін: ) "Я думаю, што церні заўсёды былі й будуць з чалавекам, мае церні таксама засталіся са мной. Але "празь церні да зорак" — гэта самая дакладная, балючая й сьветлая дарога.

Ня ведаю, наколькі гэта мне ўдалося, але, пішучы кнігу, я стараўся ня думаць пра тое, што апошнім часам творыцца на зямлі, асабліва ў нашай Беларусі. Хацелася трошачку ўзьняць свой позірк у неба".

(Скобла: ) "У кнізе "Босая зорка" вы мо найбольш ляканічны. Сам быў сьведкам, як на нядаўняй вечарыне ў дольнай залі Чырвонага касьцёлу сярод слухачоў пракаціўся ўздых расчараваньня. Людзі падрыхтаваліся слухаць абвешчаную вамі паэму й пачулі яе — усяго ў двух радках:

Мне цябе не стае —
тае.

Мяне ж у кнізе адразу ўвярэдзілі радкі з аднаго верша: "Як нарадзіцца не прыпала, хаця б памерці давялося ў беларускай Беларусі".

Хіба ж Ушаччына 66 гадоў таму ўжо была небеларускай?"

(Барадулін: ) "Я нарадзіўся ў беларускай сям'і. 66 гадоў таму было яшчэ многа беларускіх сем'яў, хоць Беларусь ужо знаходзілася пад бальшавіцкім прыгнётам. Бальшавізм — гэта сатанізм расейскага разьліву.

Мне пашанцавала, што ў час, калі йшла шалёная русіфікацыя, саветызацыя, я нарадзіўся ў беларускай сям'і, і шмат беларускіх сем'яў было навакол.

Але ўжо тады ішоў наступ на ўсё нацыянальнае, вынішчалася з душаў усё беларускае, крывіцкае. І гэта на гістарычнай Полаччыне (ад Ушачаў да Полацку ўсяго 40 кілямэтраў), а Полацак — гэта цемя беларускай нацыі! Гэта месца, дзе найбольш поўна выражана душа крывічоў.

Але яшчэ мова заставалася ў людзей, яе можна было пачуць на рынку, у краме, нават з вуснаў чыноўнікаў, якіх прывучалі гаварыць па-расейску, а ў іх гэта не зусім добра атрымлівалася. Я застаў яшчэ той час, калі кпілі з чалавека, які стараўся гаварыць па-расейску — казалі яму: "Не русí на Беларусí".

(Скобла: ) "Ваша другая кніга — "Зорка спагады", збор рамансаў, прасьпяваных Алесем Камоцкім і, дарэчы, выдадзеных на аднайменнай аўдыёкасэце.

Рамансы — далікатныя, пачуцьцёва-шляхотныя. Здаецца, што напісаў іх Барадулін-юнак, а надрукаваў толькі цяпер. Як вам удаецца зьберагчы юнацкую душу?"

(Барадулін: ) "Я ўсё жыцьцё стараўся зьберагчы сваю душу, не прадаць яе д'яблу. Ня ведаю, наколькі гэта мне ўдалося.

Але зноў жа, калі мне яе ўдалося зьберагчы не забруджанай, не запыленай, не зацярушанай рознымі пабытовымі дробязямі, то — найперш дзякуючы родным мясьцінам, дзякуючы Крывіччыне, паганскім караням.

Як у той показцы: "Мікола, чаму ў цябе многа дзяцей?" — "Ды на наш хутар яшчэ электрычнасьці не правялі. У хаце цёмна ды цёмна…" У нас тады яшчэ прагрэс з адмоўным знакам трохі затрымаўся перад парогам Ушаччыны.

А наша супрацоўніцтва з Алесем Камоцкім будзе працягвацца. Мы мяркуем стварыць цыкль песьняў пад умоўнай назвай "марынкі", эпіграфам да якога можна было б паставіць фальклёрныя радкі: "А я сваю Марынку хоць пасярод рынку…" І вось акурат перад 8 сакавіка напісаў я адзін тэкст, дай бог, каб ён стаў песьняй:

Зграбную і трапяткую
Вас шапчу, па Вас шалею.
Вы — лямпада, у якую
Мрою падліваць алею.

Як туман той над ракою,
Сум гусьцее зьнепрыкмету.
Вы — лямпада, за якою
Я пайду на край сусьвету.

Мне нідзе няма спакою.
Крык мне толькі імпануе.
Вы — лямпада, безь якое
Змрок у сэрцы запануе.

З вамі небасхіл шыкуе,
І бляднее зорак варта.
Вы — лямпада, у якую
Добры кнот уставіць варта!"

(Скобла: ) "Мяркую, наша радыйная паштовая скрынка-111 неўзабаве перапоўніцца захопленымі водгукамі слухачак…

Рыхтуючыся задаць наступнае пытаньне, я прыгадаў радкі з вашага даўняга верша пра Адама Міцкевіча: "Спытаюць людзі — быў кароль які, калі пісаў паэт: Ojchyzna moja".

Звычайна спадарыня Гісторыя разводзіць уладатрымаўцаў-дачасьнікаў і паэтаў на вялікія адлегласьці. Але пры жыцьці ім разьмінуцца не ўдаецца.

Вось і Аляксандар Лукашэнка сам у сябе пытаецца на старонках газэты "Советская Белоруссия" за 20 сьнежня мінулага году: "Ну почему я должен объявлять войну Буравкину, Бородулину, Быкову и другим? Хотят они высказывать свою точку зрения — пусть высказывают. Зачем им закрывать рот? Ведь потом скажут, что мы им не дали слова сказать".

Калі вы апошнім разам мелі магчымасьць выступіць па беларускім тэле-радыё?"

(Барадулін: ) "Найперш я хацеў бы падзякаваць таварышу Лукашэнку за тое, што ён мяне згадаў. Дзякуй яму за памяць. А па беларускім тэлебачаньні й радыё я выступаў гадоў шэсьць таму, калі была "адліга".

А калі настала "калгасная зіма", то я ўжо не хаджу. І мяне ня просяць, і я сам не імкнуся, бо няма асаблівай радасьці выступаць на карычневатым, "азароністым" тэлеэкране".

(Скобла: ) "Нядаўна стала вядома, што ўлады мяркуюць стварыць канфэдэрацыю творчых саюзаў ды заняць пад яе сталічны Дом літаратара, якім даўно ўжо кіруюць не літаратары, а камэндант з кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

Навошта ўладам спатрэбілася аб'ядноўваць творчыя саюзы?"

(Барадулін: ) "Найлепшы спосаб пасварыць людзей — зьвязаць іхныя чубы, як на Ўшаччыне гаварылі — зьвязаць хахлы. Наогул, творчыя саюзы, створаныя за савецкім часам, нагадваюць пясочніцу — хай дзеці забаўляюцца, абы дарослым не перашкаджалі, хай творцы забаўляюцца, абы ў палітыку ня лезьлі.

Калі цяпер аб'яднаюць усіх пад адной страхой, кіраўнікі творчых саюзаў пагрузнуць у розных звадах, сварках. Ім ужо ні да чаго справы ня будзе.

Калісьці творчыя саюзы мерыўся аб'яднаць Мікіта Хрушчоў, аб'яднаць і аддаць на кіраваньне свайму зяцю Аджубею.

Хрушчоў любіў езьдзіць на чай, на гарбату да Аляксандра Твардоўскага. І вось аднойчы ён прыехаў ды кажа: "Аляксандар Трыфанавіч, задумалі мы аб'яднаць творчыя саюзы". А Твардоўскі: "А мы ўжо й назву прыдумалі". "А якую?" — "АХуІн". — "А што такое АХуІн?" А Твардоўскі й тлумачыць: "Ассоциация художественной интеллигенции". Хрушчоў занепакоіўся, што яшчэ не аб'ядналі, а ўжо такую назву-мянушку далі… Твардоўскі гэтым жартам стрымаў аб'яднаньне творчых саюзаў.

Спрэчкі паміж уладай і асобай, уладай і чалавекам — яны вечныя. Я вось нядаўна вычытаў па гэтай тэме чыйсьці выдатны афарызм: "Якім бы велічным ні здаваўся трон, усё роўна на ім сядзіць задніца".

(Скобла: ) "Вы многа перакладаеце. Вось і да новай кнігі ўвайшлі пераклады з Гётэ, Міцкевіча, Таніна Гуэра. Згаданыя паэты, як раней і Лорка, Марк Шагал, Вазьнясенскі, Сэсар Вальеха ды Габрыэля Містраль, нібы загаварылі па-беларуску, настолькі тонка вы змаглі перадаць, прыкладам, своеасаблівую Лоркаву рытміку альбо Шагалавы габрэйскія інтанацыі.

Вобразна кажучы, вы працуеце, як млынок, куды засыпаецца пшаніца, рыс, кукуруза, маіс ці яшчэ якія экзатычныя зярняты, а з латака сыплецца белая беларуская пытляванка.

Наколькі гэта неабходна — засвойваньне культурай чужых тэкстаў, і каго з замежных аўтараў вы апошнім часам чытаеце?"

(Барадулін: ) "Пасьля вашага параўнаньня з млынком мне прыгадалася прыказка — пусты млын вельмі моцна грыміць. Дык я й стараюся нешта ўвесь час засыпаць, каб ня надта моцна грымець. А наогул, пераклад — гэта адначасна й разьвіцьцё сваёй мовы.

Я па-ранейшаму шмат чытаю й паэзіі й прозы. Апошнім часам мне кінулася ў вочы кніга расейскага філёзафа Бярдзяева "Судьбы России".

Сёньня, калі ў нас ідзе такі наступ панславізму, шавінізму расейскага, калі зьнішчаецца беларуская мова, як актуальна гучыць такая думка філёзафа… Я прачытаю на мове арыгіналу, праўда, вымаўленьне маё ўсё ж беларускае. У свой час беларуса з паходжаньня Пілсудзкага вучылі польскай мове. Цяпер Лукашэнку вучаць расейскай, але не зусім пасьпяхова.

Такім чынам, словы Бярдзяева: "Народы родственные и близкие менее способны друг друга понять. Они более отталкиваются друг от друга, чем далёкие и чужие. Родственный язык звучит неприятно и кажется порчей собственного языка. В семейной жизни можно наблюдать такое отталкивание".

Дарэчы, у наш час, калі назіраецца спроба рэанімацыі савецкай імпэрыі, яшчэ адно выказваньне Бярдзяева гучыць надзённа: "В старый рай под старый дуб нет возврата". Я думаю, як бы апалягеты камуністычнага ладу ні вымяркоўвалі, пад стары дуб яны ўжо ня вернуцца".

Я заўсёды стараўся, каб пераклады гучалі сучасна. Што сёньня ў нас можа гучаць больш сучасна за верш Адама Міцкевіча, напісаны амаль 150 гадоў таму? Лепш ня скажаш…

Глоткі, якія крычаць за народ,
Збрыдзяць нарэшце народу.
Твары, якія цешаць народ,
Палічыць народ за шкоду.

Рукі, што цягнуцца за народ,
Народ адсячэ па локаць.
Імёнамі, што палюбіў народ,
Будуць дзяцей палохаць.

Стоміцца тлум і ацішыцца шум,
Скогат сваё адбудзе.
Спадчыну ціха возьмуць сабе
Цёмныя людзі".

(Скобла: ) "І апошняе пытаньне. У адным са сваіх вершаў вы ахарактарызавалі наш няпросты час як "час выпаўзаньня зьмей". Які час мае прыйсьці яму на зьмену?"

(Барадулін: ) "На зьмену павінен прыйсьці альбо час пятлі, альбо час выпусканьня з клеткі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG