Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ. ЯКІ ЁН - БЕЛАРУСКІ НАВЕДНІК СЕЦІВА?


Аўтар і вядучы Віталь Тарас

Палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, нават асобныя палітыкі ў Беларусі, усё больш актыўна выкарыстоўваюць магчымасьці Інтэрнэту. Праўда, часам гэтая актыўнасьць у віртуальнай прасторы выглядае таксама досыць віртуальна. Так, на новым беларускім Інтэрнэт-партале Тут.бай, на гэтым тыдні зьявіліся тэзы перадвыбарчай праграмы ананімнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Як гаворыцца ў заяве ініцыятыўнай групы (сябры якога таксама пажадалі застацца невядомымі) “апазыцыя недаацэньвае важнасьць Інтэрнэт-тэхналёгіяў у перадвыбарчай барацьбе”. Таму, маўляў, “патрэбныя арыгінальныя ідэі, нязьбітыя мэтады”.

Магчыма, вылучэньне “віртуальнага кандыдата” ёсьць нетрывіяльнай ідэяй, але ня варта забываць пра агульны стан разьвіцця глябальнага сеціва ў Беларусі.

На гэтым тыдні адразу некалькі сайтаў, у тым ліку новы беларускі партал www. tut. by, паведамілі са спасылкай на амбасаду ЗША, што колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэту ў Беларусі складае 100 тысячаў чалавек. (Раней называліся лічбы ад 30 да 50 тысячаў).

“Сярэднестатыстычны наведнік сеціва ў Беларусі – гэта малады чалавек ад 14-і да 30 гадоў. Больш за палову складаюць студэнты, каля 30 адсоткаў – спэцыялісты з даволі высокім заробкам і 5 адсоткаў – мэнэджэры.

Прыкладна 60 адсоткаў усіх карыстальнікаў маюць доступ у сеціва дома, больш за 30 – на працы, альбо ў навучальнай установе. Тры чвэрці тых, хто карыстаецца Інтэрнэтам, ведаюць ангельскую мову.

Сярод тых, хто зарабляе стварэньнем вэб-сэрвераў і сайтаў, каля паловы працуе ў галіне высокіх тэхналёгіяў (хай-тэк)”.

Але нават сто тысячаў – толькі адзін працэнт насельніцтва Беларусі. Дзеля параўнаньня: у краінах Заходняй Эўропы Інтэрнэтам карыстаецца, у сярэднім, кожны трэці. У Нямеччыне, напрыклад, доступ да Інтэрнэту маюць 22 мільёны чалавек.

А зараз на іншыя тэмы. Згаданы беларускі партал “Тут. бай”, які зьмяшчае разнастайную інфармацыю пра забавы, кіно, відэа, пра нерухомасьць у Беларусі і нават пра байкерскі рух, падае навіны мове першакрыніцы – гэта значыць, і на беларускай мове. Стваральнікі рэсурсу разам з кампаніяй Seastem.ru і газэтай “Компьютерные вести” прапанавалі дыскусыю з мэтай высьветліць стаўленьне карыстальнікаў Інтэрнэту да беларускай мовы ў якасьці рабочай ды абяцалі пазнаёміць зь яе вынікамі ў блізкім часе.

Для газэты беларусаў Літвы “Рунь” пытаньне – на якой мове выпускаць свой сайт у Інтэрнэце, ня стаяла. І хаця на сайце пэўнае мейсца займае сучасая сытуацыя ў Беларусі, ягоныя стваральнікі ня ставяць на мэце удзел у нейкай віртуальнай палітычнай барацьбе.

Мы зьвязаліся па тэлефоне з галоўным рэдактарам газэты “Рунь”, стваральнікам сайту Алегам Мінкіным.

(Тарас: ) Сп. Мінкін! Наклад газэты “Рунь” якую выдае Віленскі цэнтар грамадзкіх ініцыятываў “Дэмакратыя для Беларусі”, складае тысячу асобнікаў.

Інтэрнэт, зразумела, дае магчымасць знайсьці большую аўдыторыю. Калі вы рабілі гэты сайт – Вы разьлічвалі пераважна на аўдыторыю беларусаў Літвы, на жыхароў Беларусі, ці, можа, больш на замежных наведнікаў?”

(Мінкін: ) “Ад самага пачатку, як папяровы варыянт газэты, гэтак і Інтэрнэтаўскі разьлічаныя, хутчэй, на беларусаў усяго сьвету. Мы лічым сябе газэтай сталічнай, якая выходзіць у нашай старажытнай сталіцы. І таму мы ад самага пачатку не разглядалі нашую газэту як толькі газэту беларусаў Літвы, хоць яна так і называецца: але гэта, хутчэй, таму, што яе выдаюць беларусы Літвы. А так нашыя прэтэнзіі і амбіцыі шырэйшыя за дыспару беларусаў у Літве”.

(Тарас: ) “Што мы можам убачыць неўзабаве на вашым сайце? Наколькі электронны варыянт адрозьніваецца ад друкаванага?”

(Мінкін: ) “Я бы сказаў, што газэта “Рунь” у Інтэрнэце на 50 працэнтаў адрозьніваецца ад таго, што мы маем у папяровым варыянце.

Наша газэта існуе чатыры гады, і дарэчы, у сакавіку пайшоў пяты год яе існаваньня. І за гэты час у газэце склаліся пэўныя рубрыкі, якія можна пабачыць і на Інтэрнэце. Але адразу, як толькі мы зрабілі наш сайт, там стварыліся, вельмі натуральна, нейкія дадатковыя рубрыкі. Напрыклад – “Віленская гімназія”, альбо “Віленскі музэй”.

Дзейнасьць выдаўцоў гэзэты значна шырэйшая, чым выданьне штомесяцавай газэты “Рунь”. Мы, напрыклад, ставім перад сабой задачу ўзнаўленьня музэя Івана Луцкевіча ў Вільні. Мы зараз рыхтуем кніжку (першы том ужо практычна падрыхтаваны) пра нашую легендарную Віленскую беларускую гімназію.

У нас ёсьць рубрыка “Новая кнігарня”. Як вядома, наш цэнтар, які выдае газэту, выдае і кніжкі. І мы, канечне, хочам прапагандаваць нашыя кніжкі на беларускай мове на ўвесь сьвет. І таму ў нас ёсьць такая рубрыка. Тамсама будуць рэцэнзіі на тую літаратуру, якая прыходзіць да нас у рэдакцыю.

Таксама ёсьць рубрыка зваротнай сувязі, дзе можна вельмі апэратыўна пагаварыць з нашымі наведнікамі, адказаць ім на нейкія пытаньні, калі немагчыма зрабіць гэта праз газэту .

Што тычыцца традыцыйных рубрыкаў, якія мы маем у папяровым варыняце газэты, дык і тут мы празь Інтэрнэт набылі дадатковыя вялікія магчымасьці. Напрыклад, калі ў газэце мы надрукавалі ў рубрыцы "Літаратура" 8 санэтаў украінскага паэта Зэрава, дык Інтэрнэт дазваляе даць значна больш санэтаў гэтага, я бы сказаў – геніяльнага ўкраінскага паэта: 30-40 і больш.

А ў “Віленскай гімназіі” мы пакуль што зьмясьцілі галерэю арыгінальных унікальных фатаздымкаў міжваеннай Вільні.

Інтэрнэт дае вялікія мажлівасьці, і мы іх вучымся выкарыстоўваць.”

Гаварыў галоўны рэдактар газэты “Рунь” Алег Мінкін. Адрас Інтэрнэт-старонкі гэтага выданьня – www.runbel.lt

Вось адзін зь вершаў Міколы Зэрава, надрукаваных у рубрыцы літаратура ў перакладзе Алега Мінкіна.

СОН СЬВЯТАСЛАВА

Я бачыў сон. Цяжкiх пярлiнаў град

На грудзi больна сыпаў мне, старому,

Сьцялiлi мне струпехлую салому

I пiць давалi не вiно, а чад.


Я позiркам абводзiў далягляд

I адчуваў праз полаг нерухомы,

Як сыпалiся княскiя харомы,

Як крумкаў крук i як зьвiваўся гад.


О, што за роспач розум мой скавала!

Нiбы праз сэрца працякла Каяла,

Што за зданьнё на сэрца налягло!

У месяцовым зьзяннi дол сцюдзёны,

Антэну вецер гне, нiбы сьцябло,

I чорны дзень дзесь звонiць у страмёны.


1931 г.

Дарэчы, што тычыцца кнігаў, усё часьцей у наш час іх купляюць праз глябальнае сеціва. Пра гэта сьведчаць і згаданыя ўжо зьвесткі аб разьвіцьці Інтэрнэту ў Беларусі: амаль кожны трэці зь беларускіх карыстальнікаў хоць раз рабіў такую пакупку цягам апошніх двух гадоў. Найбольш папулярнымі таварамі, як і ва ўсім сьвеце, у Беларусі зьяўляюцца таксама музычныя творы і кампутары.

Што тычыцца амбасады ЗША ў Менску, якая распаўсюдзіла гэтыя вынікі Інтэрнэт-дасьледваньня, дык на яе сайце адбыліся зьмены. Старонка амэрыканскай амбасады набыла новае аблічча – сталася ня толькі больш сучаснай паводле дызайну, але й больш зручнай ды інфарматыўнай.

Дастакова сказаць, што вялікае мейсца на сайце займае цяпер калёнка навінаў, якая ўвесь час абнаўляецца. На гэтым тыдні галоўнае мейсца сярод топ-навінаў заняў тэкст заявы прадстаўнікоў эўрапейскай парлямэнцкай тройкі, якая нядаўна наведала Беларусь.

Тут можна прачытаць таксама поўны тэкст справаздачы дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб правох чалавека ў сьвеце за 2000 год, іншыя важныя дакумэнты, а таксама тэксты публічных выступаў амбасадара ЗША Майкла Козака. Тут ёсьць і вялікая падборка здымкаў дыплямата, зробленых у часе ягонага перабываньня ў Беларусі. Адзінае, пра што даводзіцца шкадаваць: раней старонка мела таксама беларускі варыянт, цяпер увесь сайт зроблены на ангельскай мове.

У адной зь бліжэйшых перадачаў Беларускі дыялёг на Інтэрнэце мы разьлічваем перадаць інтэрвію з распрацоўнікам сайту.

А на гэтым сёньняшні выпуск перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце” завершаны. Наступны агляд выйдзе 18-га сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG