Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ Ў КАНАДЗЕ - УМОВЫ ЖЫЦЬЦЯ І ПРАЦЫ, БЕЛАРУСКАСЬЦЬ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш

(Сокалаў-Воюш: ) “13 жніўння 1535 году вадаплаў знакамітага францускага падарожніка Жака Карцье падплыў да ракі Сьв. Лаўрэнція. Два індзейцы-іракезы – удзельнікі першай экспэдыцыі, якія цяпер вярталіся дадому з Парыжу, – пазналі родныя мясьціны і закрычалі на іракеска-францускай трасянцы: chemin de kanata – дарога ў паселішча. З гэтай фразы Карцье пачуў толькі апошняе – кanata, якое потым цягам стагодзьдзяў ператварылася ў назву краіны.

Калі на пачатку 80-х у прадчуваньні рэпрэсіяў нацыянальна-сьведамая беларуская моладзь прадугледжвала шляхі эміграцыі, многія спыніліся на Канадзе, бо клімат і прырода ў гэтай краіне амаль беларускія. Гэты аргумэнт, як высьветлілася, быў не апошнім пры выбары месца жыхарства і беларускай эміграцыяй 40-50 гг. Не апошні ён і для сёньняшняй беларускай эміграцыі на мяжы стагодзьдзяў.

Новыя беларускія эмігранты ў Канадзе маюць сваю адметнасьць. У асноўным, гэта кваліфікаваныя прафэсіяналы. Так Пятро Мурзёнак скончыў Менскі мэдычны інстытут, працаваў у Інстытуце гематалёгіі і пераліваньня крыві, абараніў там кандыдацкую дысертацыю, потым 14 гадоў працаваў у Акадэміі навук Беларусі, абараніў дактарат у галіне імуналёгіі і фізіялёгіі. Працу ў Канадзе ён пачаў шукаць яшчэ ў Менску. Гаворыць Пятро Мурзёнак”.

(Мурзёнак: ) ”На шчасьце я знайшоў сабе часовую працу тут на адзін год у Атаўскім інстытуце кардыялёгіі. Рынак працы для мэдыкаў і біёлягаў тут вельмі вузкі. Тут ёсьць многа маладых людзей, якія займаюцца навукай. Акрамя таго, наш вопыт, які мы маем у Беларусі, у Канадзе не вельмі добра ацэньваецца, бо мы адстаем у разьвіцьці навукі. А калі яшчэ ня вельмі добра валодаеш ангельскай мовай, то таксама будуць праблемы знайсьці працу. Але, тым ня менш, канадыйцы прымаюць вельмі многа навуковых кадраў. Мая жонка – таксама навуковы супрацоўнік, мае кандыдацкую дысэртацыю, яна – імуноляг. Праз год я зьмяніў працу, стаў працаваць таксама ў галіне імуналёгіі. Займаюся зараз імуналёгіяй расьсеянага склерозу.
Жонка займаецца праблемамі вывучэньня вірусу СНІДу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Пятро, як выглядае канадыйская сыстэма аховы здароўя?”

(Мурзёнак: ) “Ахова здароўя тут бясплатная. Так што, кожны чалавек, хто сюды прыяжджае, мае спэцыяльную карту на мэдабслугоўваньне. Але ёсьць і свае праблемы. Напрыклад, ёсьць чэргі, часта людзям даводзіцца доўга чакаць дыягностыкі нейкай, калі патрабуюцца складаныя мэтады дасьледаваньня”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Маладзейшае пакаленьне беларускіх мэдыкаў у Канадзе прадстаўляе Руслан Качаткоў”.

(Качаткоў: ) “Пасьля заканчэньня Менскага мэдычнага інстытуту я паступіў у асьпірантуру і пачаў працаваць у галіне дасьледаваньньяў раку. Праз год я падаў дакумэнты на прадаўжэньне навучаньня ў Нямеччыне, у Франкфурце-на-Майне і працягваў дасьледаваньні там. У Нямеччыне абараніў дысэртацыю і застаўся там працаваць у дзіцячым анкалягічным цэнтры, у аддзяленьні перасадкі костнага мозгу. Мне было цікава папрацаваць яшчэ дзе-небудзь. Я даведаўся пра магчымасьць паехаць у Канаду, падаў дакумэнты і атрымаў дазвол.
Спачатку я два месяцы вучыў мову, а потым пайшоў працаваць. Зараз я працую ў Цэнтры па дасьледаваньні раку. Мая жонка таксама скончыла мэдінстытут і працуе навуковым асыстэнтам ў Антарыйскім інстытуце раку, у аддзяленьні перасадкі костнага мозгу”.

(Сокалаў: ) “Сп. Руслан, ці прызнаюцца ў Канадзе беларускія дыплёмы аб вышэйшай адукацыі?”

(Качаткоў: ) “Нашыя дакумэнты прызнаюцца. Але каб доктару працаваць па спэцыяльнасьці, неабходна атрымаць спэцыяльны дазвол. Каб яго атрымаць, трэба здаць два іспыты па ангельскай мове, потым іспыты па мэдыцыне. Праблема ў тым, што у Канадзе не прызнаецца наша інтэрнатура, таму неабходна прайсьці тут інтэрнатуру. Але ў справе інтэрнатуры існуе канкурэнцыя і цяжка туды папасьці. Для гэтага таксама патрэбна здаць яшчэ два дадатковых іспыты – тэарытычны і практычны. Асноўная частка іншаземных дактароў хоча працаваць практычна, але ня ўсе здольныя пераадолець гэтыя перашкоды і некаторыя ад’яжджаюць працаваць у Амэрыку. Ёсьць альтэрнатыўны варыянт, як у мяне, працаваць не практычным доктарам, а навукоўцам, але тады заробкі значна меншыя. Аднак не патрэбны дазвол, дастаткова толькі асабістай дамоўленасьці паміж навукоўцам і загадчыкам лябараторыі, які бярэ яго на працу”.


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG