Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫВАВЫЯ СУТЫКНЕНЬНІ Ў КІЕВЕ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Шаўчэнка – нацыянальны сымбаль, а Кучма – брахун!” “Кучму ганьба!”. Гэтыя скандаваньні зь мінулае начы гучалі ў парку, дзе зьбіраліся людзі, якія наважыліся перашкодзіць прэзыдэнту Кучму ўскласьці кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку.

А другой гадзіне ночы парк Шаўчэнкі атачылі каля 2 тысячаў спэцназаўцаў са шчытамі і супрацоўнікаў міліцыі. Час, калі прыедзе Кучма, быў засакрэчаны. Акрэдытацыя журналістаў на здымкі ў часе ўскладаньня кветак – не праводзілася.

Да паловы на восьмую раніцы міліцыя здолела сілком выціснуць удзельнікаў акцыі пратэсту за межы парку. У гэты час Леанід Кучма разам з прэм’ер-міністрам Віктарам Юшчанкам і віцэ-сьпікерам парлямэнту Віктарам Мэдвэдчуком ўсклалі кветкі. Сытуацыю камэнтуе сябра форуму нацыянальнага паратунку Володымыр Філенка:

(Філенка: ) “Ніколі ня думаў, што лідэр нацыі, хаваючыся ад народу, праз прыбіральні, у атачэньні шматтысячнага міліцэйскага кардону будзе прабірацца да Кабзара. Разумеючы, што мы людзей запрасілі на дзясятую раніцы, Кучма прыйшоў крадком а восьмай трыццаць. Улады арганізавалі пабоішча. Людзей білі і білі сур’ёзна. Білі моладзь. Білі жанчын. Білі старых людзей… Кабзар, напэўна, ў магіле сем разоў перакруціўся”.

Сярод зьбітых міліцыяй была і прадстаўніца ўкраінскага парлямэнту. Карэспандэнт нашага радыё Марына Пыражук перадае з Кіеву:

(Пыражук: ) “Сёньня праваахоўнікі пабілі народнага дэпутата Ўкраіны, паплечніцу Аляксандара Мароза Валянціну Семянюк, якая намагалася прайсьці да помніка Шаўчэнку. Каардынатар акцыі Юры Луцэнка заявіў, што факт зьбіцьця міліцыяй народнага дэпутата ды іншых сяброў апазыцыі сьведчыць, што Ўкраіна апынулася ў балоце таталітарызму”.

Як паведамляецца, адзін зь міліцыянтаў біў Валянціну Семянюк дубінкай па галаве і руках, пасьля чаго дэпутатка была тэрмінова прывезеная ў адзін з траўматалягічных пунктаў, дзе і атрымала мэдычную дапамогу.

Пасьля таго, як Кучма пакінуў тэрыторыю парку Шаўчэнкі, калёна дэманстрантаў, якая на той момант налічвала каля адной тысячы асобаў, праз адкрыты праваахоўнымі ворганам праход пайшла да помніка Песьняру. Удзельнікі акцыі растапталі прэзыдэнцкія кветкі і назвалі гэта “ачышчэньнем Шаўчэнкі ад Кучмы”.

Разьвіцьцё падзеяў ва Ўкраіне пакуль стратным для Кучмы не выглядала. У апошнім нумары часапісу Economist, дзе зьмешчаны аналіз украінскай сытуацыі, чытаем: “Кучма ратуе сябе ня праз папулярнасьць у народзе, а тым, што кіруе пры дапамозе маніпуляцыяў і сілы. Вакол яго згуртаваліся алігархі і на цяпер Кучма выйграе”.

Але цалкам магчыма, што сёньняшнія падзеі пахіснуць устойлівасьць пазыцыяў украінскага прэзыдэнта.

Нагадаю, што акцыя “Ўкраіна бяз Кучмы” пачалася летась з нагоды падазрэньняў, што ўкраінскі прэзыдэнт мае дачыненьне да забойства журналіста Георгія Гангадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG