Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прадстаўнікі АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту сустрэліся са сваякамі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Менскі гарадзкі суд адмовіўся пераглядаць справу дэпутата Андрэя Клімава. Беларускія журналісты зьвяртаюць увагу на баязьлівасьць міліцэйскага кіраўніцтва ў справе Юр'я Захаранкі. Юліі Чыгір афіцыйна адмовілі ў праве абараняць свайго сына.

"Мы па-ранейшаму вельмі ўважліва сочым за сытуацыяй у справе зьнікненьня вядомых палітыкаў у Беларусі й будзем надалей ставіць гэтае пытаньне падчас нашых кантактаў з вашымі ўладамі", — заявілі прадстаўнікі Парлямэнцкай "тройкі" Эўропы на сустрэчы з сваякамі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў на гэтым тыдні.

Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара бачыць у настойлівасьці эўрапейскіх пасланцоў гарантыю таго, што афіцыйнае расьсьледаваньне хаця б фармальна ня будзе згорнутае.

(Ганчар: ) "Іх сапраўды турбуе гэтая сытуацыя: чаму не ідзе расьсьледаваньне, чаму справы стаяць? І вельмі добра, што яны ўвесь час падымаюць гэтую тэму на перамовах зь беларускімі ўладамі. Трэба браць прыклад з такой пазыцыі", — кажа Зінаіда Ганчар.

Што ж да вынікаў расьсьледаваньня, то й гэты тыдзень не дадаў нічога новага ані да справы Ганчара й Красоўскага, ані да пошукаў Зьмітра Завадзкага й Юр'я Захаранкі.


***
Зьвярнула ўвагу на гэтым тыдні рэзкая па форме, але цалкам справядлівая заўвага газэты "Народная воля" на адрас кіраўніцтва міліцыі, якая нядаўна адзначала чарговае прафэсійнае сьвята.

Газэта слушна заўважыла, што падчас урачыстага паседжаньня й канцэрту не знайшлося ніводнага міліцэйскага начальніка, які б публічна згадаў, што яшчэ 5 гадоў таму міліцэйскім міністрам быў Юры Захаранка, які выступіў супраць палітыкі Лукашэнкі, стаў адным зь лідэраў апазыцыі ды зьнік.

Крыўдна, але самі міліцыянты баяцца публічна абмяркоўваць гэтую тэму. Дарэчы, ані словам не згадалі Захаранку і артысты, што выступалі перад міліцыянтамі.


***
Ізноў непрыемная навіна ў справе дэпутата Андрэя Клімава, які трэці год за кратамі. Я не пра тое, што яму раптам адмовілі ў праве атрымаць перадачу — гэта таксама істотна, але не найгалоўнае.

Гарадзкі суд вырашыў не пераглядаць справы Клімава, як прасілі ягоныя абаронцы. Яны даводзілі, што справа Клімава чыста гаспадарчая й павінна разглядацца гаспадарчым судом, але гарадзкі суд гэтых аргумэнтаў, як высьветлілася, не прымае.

Цяпер абаронцы Клімава спадзяюцца толькі на судзьдзяў зь Вярхоўнага суду.


***
Тыдзень вызначыўся й паразамі ў справах родных экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра. Спачатку гарадзкі суд Менску пацьвердзіў ранейшы прысуд Юліі Чыгір, якая летась пакусала міліцыянта і атрымала за гэта два гады зьняволеньня ўмоўна.

Потым прыйшла чарга справы сына Чыгіроў Аляксандра. Стала вядома, што ягонай жонцы Тацяне сьледчыя не далі зь ім сустрэцца — яна, маўляў, таксама сьведка па справе. Дагэтуль яе да сьледчых не выклікалі.

А праз два дні прыйшла афіцыйная адмова на просьбу Юліі Чыгір быць адвакаткай Аляксандра. Вось як сама Юлія Чыгір тлумачыць, чаму ёй так важна было самой абараняць сына.

(Чыгір: ) "Трэба мець шмат грошай, каб прасіць адваката ўдзельнічаць ва ўсіх сьледчых дзеяньнях, каб адвакат мог адмовіцца ад іншых справаў і заняцца толькі нашай.

Да таго ж любы дзяржаўны адвакат мае ліцэнзію, у гэтым ён залежыць ад дзяржавы. Дзяржава нават можа пагражаць яму стратай ліцэнзіі".

Цяпер адмову сьледчых жонка экс-прэм'ера будзе аспрэчваць праз суд, спасылаючыся на новы Крымінальна-працэсуальны кодэкс, які дазваляе сваякам затрыманых абараняць іх незалежна ад жаданьня сьледчых.

Што да Чыгіра-малодшага, то, паводле адваката Аляксандра Пыльчанкі, ён па-ранейшаму трымаецца вельмі ўпэўнена. "Ён настойвае, што невінаваты й кажа, што нікому за яго ня будзе сорамна", — паведамляе адвакат Пыльчанка.

XS
SM
MD
LG