Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА ПЕРАНЯЎ СЬЛЕДЧЫ КАМІТЭТ МУС


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Раней кіраўніцтва міліцыі казала пра тое, што справа сына экс-прэм'ера Чыгіра — звычайная, крымінальная. Цяпер жа расьсьледаваньне даручылі не шараговым сьледчым, а адмыслоўцам са Сьледчага камітэту пры Міністэрстве ўнутраных справаў, якім кіруе намесьнік міністра Леанід Глухоўскі.

Днямі старэйшы следчы гэтага камітэту спадар Салькоў прыняў справу з Фрунзенскага райаддзелу міліцыі, дзе больш за месяц вялі расьсьледаваньне. Прычыны перадачы справы не афішуюць, ва ўсякім разе, у Сьледчым камітэце пракамэнтаваць гэта адмовіліся.

Зь неафіцыйных крыніцаў удалося даведацца пра незадаволенасьць кіраўніцтва вынікамі расьсьледаваньня, што вялі сьледчыя Фрунзенскага раёну. У прыватнасьці, там не знайшлі доказаў сувязяў сына экс-прэм'ера з выкрадальнікамі аўтамабіляў.

Сьледчы Сяргей Салькоў вядомы сваім актыўным удзелам у расьсьледаваньні справы дэпутата Андрэя Клімава. Жонка Клімава Тацяна Леановіч называе сьледчага Салькова “абыякавым чалавекам” і “незадаволеным службоўцам”.

Яна згадвае, што менавіта Салькоў пачынаў весьці справу Клімава, але потым яе даручылі Міхаілу Алёшкіну, які пасьля асуджэньня Клімава атрымаў службовае падвышэньне. “Цяпер Салькоў будзе рабіць усё, каб у яго ня скралі перамогі”, — мяркуе Тацяна Клімава.

Маці Аляксандра Чыгіра распавяла пра тое, як цяпер вядзецца расьсьледаваньне. Паводле ейных зьвестак, ідзе татальная апрацоўка ўсіх сяброў Аляксандра.

(Чыгір: ) "У сына забралі нататнік з тэлефонамі й па нататніку выбіраюць людзей, якія маюць дачыненьне да аўтабізнэсу. Іх выклікаюць да сябе і вядуць допыты. Прычым на допытах ужываюць фізычную сілу, каб сьведчылі супраць нашага сына.

Калі я папрасіла гэтых хлопцаў даць інтэрвію журналістам, адказалі: калі дойдзе справа да суду, яны будуць сьведчыць пра ўсё, але сёньня яны баяцца. На допытах іх папярэдзілі, што калі будуць каму расказваць пра гэта, займеюць вялікія непрыемнасьці".

8-га сакавіка Юліі Чыгір нарэшце прыйшла афіцыйная адмова ад сьледчага Салькова на просьбу стаць адвакаткай сына. Яна зьбіраецца абскардзіць адмову праз суд.

Паводле новага Працэсуальна-крымінальнага кодэксу, блізкія сваякі затрыманага дапускаюцца да ягонай абароны ня толькі з дазволу сьледчых, як было ў старым кодэксе, але й наўпрост, па заяве затрыманага. Такая заява ў справе ёсьць. Такім чынам, сьледчы Салькоў яўна перавысіў свае паўнамоцтвы, але гэта яшчэ трэба пацьвердзіць ў судзе, — паведаміла Юлія Чыгір.


XS
SM
MD
LG