Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АДНО ВЫЙСЬЦЕ – КАБ УЛАДУ Ў СВАЕ РУКІ ЎЗЯЎ УРАД БНР…” ДЫ ІНШАЕ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Большасьць лістоў апошняга часу — на тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. У допісах нашых слухачоў часта гучыць думка: галасаваць трэба не за лёзунгі й абяцаньні, а найперш за рэальныя ўчынкі. Каб не памыліцца, варта ўдумліва паглядзець на жыцьцёвы шлях кандыдата на прэзыдэнта. Што да Аляксандра Лукашэнкі — гэта азначае ацаніць сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць і параўнаць яе з тым, што было сем гадоў таму, да Лукашэнкі.

Вось якія высновы зрабіў з такога параўнаньня наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску. Цытую ягоны апошні ліст:

"За час, што пры ўладзе Лукашэнка, я ня здолеў зрабіць ніводнай пакупкі з адзеньня, абутку, мэблі й бытавой тэхнікі. Пэнсіі ледзь-ледзь хапае, каб аплаціць камунальныя паслугі, купіць па магчымасьці лекі й харчы, і тое ў наборы беднага, абмежаванага асартымэнту.

Тым часам уключаю днямі тэлевізар — а там палкоўнік Посахаў у рэклямных паўзах праз кожныя паўгадзіны з патасам паведамляе пра Лукашэнку, які, бачыце, прыняў праграму здаровага ладу жыцьця для народу Беларусі… Нішто сабе здаровы лад — безь яды й адзежы, калі ледзь можаш канцы стачыць, калі народ вымірае ды сьпіваецца, калі амаль усе дзеці маюць адхіленьні ў здароўі.

За прэзыдэнцтвам Лукашэнкі спыніліся рынкавыя эканамічныя рэформы. Што было зроблена да яго — усё разбурана. Ён “запусьціў” усё: заводы, фабрыкі, калгасы, навуку, культуру… Ды так запусьціў, што новай уладзе спатрэбяцца вялікія намаганьні, каб аднавіць і падняць усё гэта.

Адзінае, чаго ён дасягнуў — дык гэта давёў нас да жабрацтва й галечы. За чалавека, які дае папулісцкія абяцаньні, які падмануў нас, я галасаваць ня буду", — гэта быў ліст Ільлі Копыла зь Менску.

Іншы пункт гледжаньня на прычыны й вытокі заняпаду ў Канстанціна Сакольскага са Слоніма Гарадзенскай вобласьці. Канстанцін падзяліўся такімі сваімі назіраньнямі:

"Амаль штодня бачу, як за вакном ля кантэйнэру для сьмецьця корпаюцца людзі, адзін выгляд якіх выклікае агіду. Брудныя, сьмярдзючыя, занядбаныя, апранутыя ў нейкае рызьзё. Вышукваюць у сьмецьці адкіды, пляшкі, паперу…

Адметна, што апошнімі гадамі такіх асобаў значна пабольшала. На вуліцах, у пераходах не прайсьці ад жабракоў. Прычым часта гэта людзі азіяцкай зьнешнасьці.

Раней, за савецкім часам, у нас такога не было. Абяздоленыя й бяздомныя зьявіліся разам зь перабудовай і дэмакратыяй. Але каму патрэбная такая дэмакратыя, пры якой людзі губляюць сваё чалавечае аблічча?" — напісаў Канстанцін Сакольскі са Слоніма.

Абяздоленыя і бяздомныя, Канстанцін, былі заўсёды, і за савецкім часам — таксама. Проста тады змагаліся зь імі радыкальнымі мэтадамі — прыкладам, высылалі з гораду за соты кілямэтар, як з Масквы перад Алімпіядай 1980 году. Любога жабрака лёгка можна было асудзіць паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу — за дармаедзтва і бадзяжніцтва...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG