Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ ПАЧАЛА ПРАЦАВАЦЬ НАД СВАЁЙ ПЕРАДВЫБАРЧАЙ ПЛЯТФОРМАЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Гэтак, пра неабходнасьць перадвыбарчага дакумэнту Фэдэрацыі настойліва казаў Менскі прафсаюз адукацыі. Ягоны лідэр Анатоль Паўлаў патлумачыў нашаму радыё гэтую ініцыятыву:

(Паўлаў: ) "Гэта не мая асабістая ініцыятыва, але ініцыятыва аднадумцаў. Мы перакананыя, што прафсаюзам патрэбная выразная сацыяльна-эканамічная пазыцыя.

Сёньня зразумела, што пры захаваньні цяперашняга сацыяльна-эканамічнага курсу станоўчых пераменаў ня будзе. Патрэбная выразная сацыяльна-эканамічная плятформа Фэдэрацыі, на падставе якой яна будзе падтрымліваць таго ці іншага кандыдата на прэзыдэнта".

Між тым, з дыскусіяў прадстаўнікоў Фэдэрацыі вынікае, што частка прафсаюзных дзеячоў адмоўна ставіцца да стварэньня перадвыбарчай плятформы. Гэтую частку складаюць прафсаюзныя “штрэйкбрэхеры”, колькасьць якіх штодня павялічваецца.

На апошнім паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі агучылі ініцыятыву “штрэйкбрэхераў” Берасьцейскай вобласьці аб правядзеньні пазачарговага прафсаюзнага пленуму й пераабраньні каманды Ўладзімера Ганчарыка. Іхныя аднадумцы з Гарадзеншчыны днямі адкрыта падтрымалі цяперашнюю палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

Адметна, што курс уладаў падтрымліваюць асобныя прафсаюзныя функцыянэры, а не арганізацыі, якія яны ўзначальваюць. Вось чаму, паводле ініцыятывы прыхільнікаў Ганчарыка, распрацоўку плятформы вырашана даручыць шырокаму прафсаюзнаму актыву з удзелам звычайных працоўных.

Адначасова каманда Ўладзімера Ганчарыка зрабіла захады, каб захаваць адзінства ў Фэдэрацыі ды не давесьці да расколу паводле палітычных прыкметаў. Так, прэзыдыюм Фэдэрацыі параіў прафсаюзным структурам да разгляду перадвыбарчай плятформы на прафсаюзным пленуме ўстрымацца ад удзелу ў перадвыбарчых блёках і аб’яднаньнях.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG