Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗАЛЕЖНЫЯ ВЫДАНЬНІ АПЫНУЛІСЯ ПЕРАД ПАГРОЗАЙ НЯВЫХАДУ


Ігар Карней, Менск

Канфлікт паміж "Мэджыкам" і "Знамением" насьпяваў цягам двух месяцаў. Ледзь не адразу ж пасьля падпісаньня дамовы на карыстаньне друкарскім станком (нагадаю, што друкарскую машыну "Мэджыку" за даўгі Фонду Сораса арыштавалі рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суду яшчэ 9 студзеня) кіраўніцтва фірмы "Знамение" паставіла ўмову, каб, у прыватнасьці, "Нашу свабоду" "Мэджык" друкаваў за свой кошт.

Дырэктар фірмы Ўладзімер Дашук аргумэнтаваў гэта тым, што праз такія выданьні "падстаўляюцца" найперш гаспадары друкарскага абсталяваньня. Кіраўнік "Мэджыку" Юры Будзько, каб захаваць хоць частку выдавецкай базы, згадзіўся на такія ўмовы і цягам студзеня й лютага коштам "Мэджыку" было надрукавана 25 нумароў "Нашай свабоды".

Далей працягваць такую практыку было бессэнсоўна, бо гэта вяло да банкруцтва. Пра гэта й было паведамлена кіраўніцтву "Знамения", але рэакцыя аказалася зусім нечаканай: "Знамение" абвесьціла пра аднабаковае скасаваньне дамовы арэнды з друкарняй. Спробы сесьці за стол перамоваў аказаліся марныя: усе запрашэньні каманда Дашука ігнаравала.

Але закладнікамі спрэчкі найперш сталі выдаўцы шэрагу незалежных газэтаў. У прыватнасьці, рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч пакуль ня можа ўпэўнена сказаць, чаго чакаць на наступным тыдні.

(Карэспандэнт: ) “Існуе верагоднасьць, што ваша газэта ў шэрагу некаторых незалежных выданьняў на наступным тыдні ня выйдзе…”

(Івашкевіч: ) “Я мяркую, што газэта ўсё ж выйдзе, але шкада, што не ў друкарні “Мэджык”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, вы шукаеце варыянтаў?”

(Івашкевіч: ) “Так, я зараз шукаю друкарню, дзе можна было б выйсьці”.

Дырэктар друкарні "Мэджык" Юры Будзько мяркуе, што вытокі нечаканага канфлікту трэба шукаць глыбей.

У прыватнасьці, у жаданьні гаспадароў "Знамения" атрымаць кантроль над часткай кантрактаў, што некалі "Мэджык" заключыў з шэрагам незалежных выданьняў. Дагэтуль перашкода была адна: "Знамение" ня мела ліцэнзіі на вытворчасьць газэтаў. Зараз, як сьцьвярджаюць некаторыя крыніцы, пытаньне на мяжы вырашэньня. Паводле кіраўніка "Мэджыка", такім чынам робіцца спроба канчаткова выціснуць няўгодную ўладам друкарню з выдавецкага рынку краіны.

Ранейшая дамова паміж фірмамі "Знамение" і "Мэджык" на друк шэрагу незалежных выданьняў на абсталяваньні “Знамения” робіцца несапраўднай 12 сакавіка.


XS
SM
MD
LG