Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААЛІЦЫЯ “ПЕРАМЕНАЎ” ХАЦЕЛА ПАВІНШАВАЦЬ ГАЛІНУ ЛУКАШЭНКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Маладога Фронту, Маладой Грамады, Моладзі АГП ды іншых арганізацыяў, што ўваходзяць у кааліцыю "Пераменаў!", выйшлі сёньня на праспэкт Францішка Скарыны, да Камароўскага рынку ды ў іншыя людныя месцы Менску. Яны раздавалі мінакам улёткі наступнага зьместу:

"Напярэдадні 8 сакавіка моладзевая кааліцыя "Пераменаў!" заклікае павіншаваць жонку прэзыдэнта Галіну Радзівонаўну Лукашэнку. Хутка выбары, і мы пастараемся зрабіць ёй найлепшы падарунак — вярнуць мужа дахаты".

Маладыя апазыцыянэры таксама пазначылі нумары пэйджэраў, на якія можна перасылаць свае пажаданьні спадарыні Лукашэнцы.

Вось што паведаміў нашаму радыё перад пачаткам акцыі лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Гэта робіцца, каб не пакідаць без увагі жанчыну, што засталася па-за ўвагай у сёньняшнім грамадзтве. Так ня мае быць! Невядома, ці павіншуе яе хто-небудзь яшчэ, таму мы вырашылі зрабіць гэта сёньня".

А вось меркаваньне ўдзельніка акцыі маладафронтаўца Зьмітра Касьпяровіча:

(Касьпяровіч: ) "Хутка будуць прэзыдэнцкія выбары, мы хочам зрабіць ёй падарунак — вярнуць мужа дахаты. Абяцаем ёй, што пад восень муж вернецца.

Гэта разьлічана на грамадзкую сьвядомасьць, каб людзі разумелі — гэта апошнія дні Лукашэнкі тут, хутка ён паедзе да жонкі, дахаты".

Сёньня ж у паштовым аддзяленьні вёскі Рыжкавічы Шклоўскага раёну маладыя апазыцыянэры пакінулі падарунак для Галіны Лукашэнкі — аўдыёкасэты "Народнага Альбому", гурту "NRM" і альбому "Мора каханьня".

Мінакі, якім сябры кааліцыі раздавалі ўлёткі, даволі прыязна ставіліся да ініцыятывы.

Неўзабаве ў раёне Камароўкі міліцэйскі патруль затрымаў трох удзельнікаў акцыі: Зьмітра Касьпяровіча, Аляксея Таўстова й Алега Крулякоўскага. Іх пасадзілі ў машыну, пратрымалі там прыкладна паўгадзіны і, забраўшы каля 100 улётак, адпусьцілі. Пасьля гэтага здарэньня каля Камароўскага рынку былі заўважаныя ўзмоцненыя міліцэйскія патрулі.

А ўчора падобную акцыю ў Віцебску правялі сябры мясцовай філіі арганізацыі "Моладзь АГП", якія распаўсюджвалі ў вышэйшых навучальных установах гораду ўлёткі з заклікам да жанчын — каб абралі годнага мужчыну-прэзыдэнта.

Ва ўлётцы таксама была інструкцыя для дзяўчат, якія жадаюць схуднець. Іх заклікаюць узяць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі, што дазволіць пазбавіцца лішніх кіляграмаў.
XS
SM
MD
LG