Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САКРЭТ ФРАНЦУСКАГА СПОСАБУ ХАРЧАВАНЬНЯ


Мікола Іваноў, Прага

“Французскі парадокс” – так навукоўцы-спэцыялісты ў галіне харчаваньня называюць нізкі ўзровень сардэчна-судзінных захворваньняў у Францыі. Паводле статыстыкі, французы ядуць у тры разы болей жывельнага тлушчу, чымся амэрыканцы, але ў тры разы болей амэрыканцаў, чымся французаў памірае ад інфарктаў і інсультаў. У чым жа сутнасьць “французскага парадоксу”? У чым сакрэт францускага спосабу харчаваньня?

Бальшыня францускіх экспэртаў лічыць, што справа ў чырвоным віне. Чырвонае віно мае выразны аздараўляльны эфэкт на арганізм чалавека, асабліва на ягоную сардэчна-судзінных сыстэму. Акрамя таго, французы маюць багатую старую традыцыю піцьця віна. П’юць яны яго паволі, малымі глыткамі, падчас ежы. Яны як бы запіваюць ежу віном, а гэта нэўтралізуе нэгатыўны эфэкт на арганізм чалавека жывёльных тлушчаў.

Вядомы французскі журналіст Сэрж Рэно, які на францускім телебачаньні вядзе перадачу “60 хвілінаў здаровага харчаваньня”, лічыць, што ўся справа ў аліўкавым алеі. І сапраўды, алівы маюць у сваім складзе рэчывы, якія як бы вымываюць дрэнны халестэрол з крыві.

Ёсьць таксама даволі вялікая група навуокўцаў-дасьледчыкаў харчаваньня чалавека, якія лічаць, што “французскі парадокс” можна растлумачыць толькі з дапамогай часныка і цыбулі, якія таксама шдодра прысутнічаюць у штодзённым французскім мэню. Французы ядуць значна больш часныку і цыбулі, чымся народы іншых краінаў.

Але Клод Фішлэр, сацыёляг, экспэрт Французскага нацыянальнага Інстытуту харчаваньня, гаворыць, што навукоўцы-прыхільнікі цыбульнага і часныковага варыянту тлумачэньня “французскага парадоксу”, праўдападобна, былі нанятыя фірмамі, якія гандлююць часнычнымі і цыбульнымі прадуктамі.

А што думае пра стыль свайго харчаваньня шараговы фрацуз? Каб высьветліць гэта я пазваніў у Парыж вядомаму французскаму мастаку Ігару Бітману, які часам сам сябе называе французскім гурманам, і які, паверце мне, ведае шмат пра французскую кухню. Нашую размову па телефоне спадар Бітман пачаў настуным чынам:

(Бітман: ) “Я хацеў бы прывесьці адзін трывіяльны прыклад. Традыцыі французскага харчаваньня можна параўнаць з тым, як французы займаюцца сэксам. Вынік і першага, і другога такі самы. Розьніца толькі ў варыянтах прыемнасьці”.

Брытанскі мэдычны часопіс British Medical Journal на сваіх старонках нядаўна запранаваў сваю тэорыю сутнасьці “французскага фэномэну”. На думку ягоных экспэртаў, павелічэньне колькасьці сардэчна-судзінных захворваньняў у Францыі – гэта толькі пытаньне часу. Француская кухня паволі амэрыканізуецца і раней ці пазьней французаў таксама ахопіць працэс так званай макдональдызацыі.

І сапраўды, апошнім часам колькасьць інфарктаў ды інсультаў у Францыі на душу насельніцтва ўзрасла, але да амэрыканскіх паказчыкаў Францыі яшчэ далёка.

А бальшыня французскіх навукоўцаў у галіне здаровага харчаваньня лічыць, што сакрэт добрага здароў’я французаў палягае ня ў тым, чым яны харчуюцца, але ў тым, як яны гэта робяць.

Згаданы раней Клод Фішлэр, экспэрт Французскага нацыянальнага Інстытута харчаваньня, сьцьвярджае, што адзінае сапраўднае растлумачэньне “французскага парадоксу” – у глыбока закаранёных у нацыянальнай сьвядомасьці нацыі шматвяковых традыцыях харчаваньня:

“Францускі стыль харчаваньня, – гаворыць Фішлэр, – базуецца на выразным задавальненьні, радасьці ад ежы і на традыцыі. Французы ядуць ”comme il faut” (так як трэба). Яны ядуць тое, што ім падабаецца, але паводле строгіх правілаў: ніякага перакусваньня, не спяшаючыся, ніякага хуткага прыгатаваньня ежы, ніякага перамешваньня страваў. Французы ніколі не дакрануцца да дэсэрту перад тым, пакуль ня скончылі з першымі стравамі. Француская традыцыя – амаль урачыстае сядзеньне за сталом з добрымі высокаякаснымі стравамі ў кампаніі сяброў і сваякоў. У перапынках паміж сьняданкам, абедам і вячэрай французы звычайна нічога не ядуць”.


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG