Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЛЯДАЛЬНІКІ КАМЭНТУЮЦЬ ВЫНІКІ ВІЗЫТУ ТРОЙКІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Прадстаўнікі эўрапейскіх парлямэнцкіх структураў ужо чацьверты раз прыяжджаюць у Беларусь, спрабуючы наладзіць дыялёг між уладай ды апазыцыяй. Ці адрозьніваўся гэты візыт ад ранейшых?

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Ўладзімер Нісьцюк адзначае некаторыя красамоўныя адметнасьці гэтай паездкі:

(Нісьцюк: ) "Па-першае, дэлегацыя прыехала такая вялікая і паўнамоцная, як ніколі раней. Прыехалі ня толькі першыя асобы — побач зь імі сядзелі экспэрты, памочнікі, усе тыя, хто фармуе погляд гэтых структураў на сытуацыю ў Беларусі.

Другое, больш даверу было ў размовах паміж эўрапейцамі й прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі. Не было спробаў маляваць нейкія прыгожыя карціны, якіх няма ў сапраўднасьці. Мы распавялі, якія працэсы адбываюцца ў палітычнай апазыцыі, як складана знайсьці супольную мову, прыйсьці да адзінага сцэнару, адзінай стратэгіі ў выбарчай кампаніі".

Каму больш здабыткаў прынес гэты візыт Парлямэнцкай “тройкі” — уладзе ці апазыцыі? Інакш кажучы, хто перамог? Уладзімер Нісьцюк лічыць, што апазыцыя.

(Нісьцюк: ) "Калі ўлада й выйграла, то толькі ў тым, што яе сталі больш слухаць, больш зь ёй размаўляць. Але канкрэтныя вынікі, я думаю, на нашу карысьць.

Тым больш што пасьля Венскага сталага камітэту ПА АБСЭ мы непакоіліся, што нас Эўропа кідае ў абдымкі рэжыму і мы застаемся сам-насам з Аляксандрам Рыгоравічам. Цяпер мы ўбачылі, што гэта ня так. Эўропа вельмі ўважліва вывучае сытуацыю і выпрацоўвае новыя мэханізмы ўплыву на яе ".

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч вітае прыезд замежных дэлегацыяў, якія імкнуцца дэмакратызаваць Беларусь.

(Пашкевіч: ) "Прадстаўнікі замежжа кажуць, што выбары прэзыдэнта павінны праходзіць толькі тады, калі ў краіне будзе паразуменьне — нармальныя дачыненьні ўлады і апазыцыйных сілаў, апазыцыі й прэзыдэнта, і я цалкам падзяляю гэтую думку.

Але гэтае патрабаваньне пакуль вельмі далёкае ад ажыцьцяўленьня. І найперш таму, што прэзыдэнт робіць заявы на гэты конт, але потым ягоныя памочнікі ўсё гэта перакрэсьліваюць".

Як бачым, дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч лічыць, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца наладзіць дачыненьні з эўрапейскімі краінамі, але яму не даюць гэтага зламысныя памочнікі. Увогуле, ці здольныя ўлады ісьці на рэальныя зьмены сытуацыі?

Прадстаўнікі Парлямэнцкай "тройкі" вылучылі вельмі строгія крытэры таго, каб прэзыдэнцкія выбары прызналі свабоднымі й дэмакратычнымі. Ці могуць быць выкананыя гэтыя ўмовы?

Аналітык, кіраўнік аналітычнага цэнтру Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Ўладзімер Падгол лічыць, што не.

(Падгол: ) "Беларускі рэжым лічыць, што парлямэнцкія выбары ён правёў вельмі дэмакратычна і парлямэнт легітымны. І ён не зьбіраецца мяняць выбарчы кодэкс. Пра гэта цэлы тыдзень піша ўвесь афіцыйны друк. Эўрапейцы могуць зрабіць першую выснову, найгалоўную й простую: рэжым ня думае ісьці на дэмакратызацыю аніякай галіны.

Якую ні возьмеш з гэтых чатырох умоваў — па ўсіх рэжым стаіць на тых пазыцыях, на якіх стаяў, ды яшчэ прад’яўляе прэтэнзіі да ПА АБСЭ і да “тройкі” — чаму,маўляў, яны нас крытыкуюць.

Жалезабэтонны савецкі ідэалягічны маналіт: "Беларусь самая дэмакратычная краіна ў Эўропе".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG