Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД СІНІЦЫН ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВЫБАРЫ ПРЭЗЫДЭНТА ПАВІННЫ АДБЫЦЦА 15-ГА ЛІПЕНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Леанід Сініцын лічыць, што прызначэньне дня выбараў (гэта паўнамоцтвы палаты прадстаўнікоў) павінна спыніць бязладны распродаж беларускай маёмасьці цяперашнім кіраўніцтвам. Дзень 15 ліпеня ён вызначыў як самы блізкі з магчымых, бо палата прадстаўнікоў зьбярэцца на сваю сэсію толькі 2 красавіка.

Засьпець Леаніда Сініцына ў Менску не ўдалося — ён вядзе нейкія перамовы ў Маскве. Вядомы палітоляг Аляксандар Патупа мяркуе, што маскоўскія сувязі Сініцына яшчэ не азначаюць, што ён ёсьць правадніком палітыкі Крамля.

Але ў любым выпадку, мяркуе Патупа, Сініцын, які лічыць сябе палітычным тэхнолягам, прадстаўляе нейкую “чацьвертую сілу”, якая пачынае ўплываць на перадвыбарчую кампанію. Пытаньне ж наконт дня выбараў вельмі важнае.

(Патупа: ) "Гэта вельмі сур’ёзнае, стратэгічнае пытаньне. Улада пакуль не прызначае тэрміну выбараў і вядзе складаную стратэгічную гульню з Крамлём.

Беларуская ўлада хоча дакладна ведаць, каго на гэтых выбарах падтрымае Крэмль ды пасьля гэтага прызначыць выбары, правесьці іх вельмі хутка, каб ніхто не пасьпеў раскруціцца.

Крэмль жа хоча спачатку дачакацца абвешчаньня дня выбараў, а потым ужо рабіць свае стаўкі. Ідзе такая складаная псыхалягічная гульня. Таму аб’яўленьне тэрміну выбараў — гэта стратэгічная рэзэрва ўлады".

Аляксандар Патупа лічыць цалкам магчымым днём выбараў 15 ліпеня, хаця гэта ня надта добры час — экватар летніх адпачынкаў. А.Патупа лічыць, што Крэмль вывучаў магчымасьці свайго ўплыву на беларускія выбары, і, на думку сп. Патупы, ужо вызначыўся, але не сьпяшаецца паказваць, каго ён падтрымае.

Адзін зь лідэраў АГП Аляксандар Дабравольскі таксама мяркуе, што Крэмль паспрабуе паўплываць на выбары ў Беларусі, але лічыць, што Расея будзе ставіць не на аднаго, а на некалькіх кандыдатаў — каб у любым выпадку не прайграць. А.Дабравольскі прызначэньне выбараў на 15 ліпеня лічыць малаверагодным:

(Дабравольскі: ) "Праблему, якую ставіць Сініцын, мы разумеем. Думаем, што сапраўды могуць быць спробы знайсьці Лукашэнку сродкі на выбарчую кампанію праз тэрміновую прыватызацыю дзяржаўных аб'ектаў. Гэта дрэнна для дзяржавы.

Мы лічым, што Сініцын ставіць гэтак пытаньне, маючы нейкія падставы, але прызначэньне выбараў на ліпень наўрад ці верагоднае".

Апазыцыя ж, на думку Дабравольскага, будзе гатовая да выбараў і 15 ліпеня, хаця, магчыма, гэта й не зусім выгадна ёй.

Кіраўнік цэнтральнай рады па назіраньні за выбарамі Мечыслаў Грыб мяркуе, што назіральнікі таксама будуць гатовыя да выбараў у ліпені, аднак у такім выпадку гэта будуць датэрміновыя выбары.

(Грыб: ) "Выбары можна правесьці толькі ў тэрмін, вызначаны Канстытуцыяй. Выбары таксама можна правесьці датэрмінова, калі пасада прэзыдэнта лічыцца вакантнай, калі прэзыдэнт нядзеяздольны.

Гэта значыць, што калі выбары прызначаць раней, то дзейны прэзыдэнт мусіць пакінуць пасаду ды ісьці на выбары як вольны чалавек, а не як прэзыдэнт".

Мечыслаў Грыб мяркуе, што гэтага не адбудзецца — А.Лукашэнка не складзе сваіх паўнамоцтваў перад выбарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG