Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛАТВІІ ЎЛАДЗІМІР ЯРМОШЫН РАСКАЗВАЕ, ЯК У БЕЛАРУСІ ВЫКОНВАЮЦЦА ПАТРАБАВАНЬНІ АБСЭ


Юры Сьвірко, Рыга

Сустрэча Ўладзіміра Ярмошына з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Бэрзыньшам усё ж адбылася. Праўда, раніцай у пяцізоркавым гатэлі Radisson SAS. Спадар Бэрзыньш забараніў журналістам здымаць гэты рабочы сьняданак беларускім тэлеапэратару і фотакарэспандэнту.

Пасьля наведваньня рыскага тэхнічнага цэнтру Менскага аўтамабільнага заводу прэм’ер Ярмошын прыехаў на адкрыцьцё выставы “Беларусь-Экспа 2001”, дзе даў прэсавую канфэрэнцыю і распавёў пра сустрэчу з латыскім калегам.

Найбольш цікавым быў палітычны аспэкт гэтае сустрэчы. Як паведаміў Уладзімір Ярмошын, ён гаварыў з Андрысам Бэрзыньшам пра цяперашні візыт у Менск эўрапейскай парлямэнцкай тройкі. Паводле словаў Ярмошына, ён праінфармаваў латыскага прэм’ера, як у Беларусі выконваюцца вядомыя 4 патрабаваньні АБСЭ што да вольных і справядлівых выбараў.

Ярмошын заявіў, што беларускіх апазыцыянэраў на вяроўцы цягнуць на тэлебачаньне, а яны ня йдуць, за выключэньнем Міколы Статкевіча. Праўда, спадар Ярмошын прызнаў, што ў Беларусі яшчэ трэба шмат зрабіць, каб яна стала дэмакратычнай краіны і дадаў: “Вы, Латвія, у той краіне, дзе мы былі разам, былі невялікі пэрыяд, а мы – ўсё жыцьцё”.

Ярмошын таксама працытаваў словы Адрыяна Севярына ў менскім аэрапорце пра тое, што Севярын любіць Беларусь, таму й часта туды езьдзіць.

Таксама беларускі і латыскі прэм’еры абмеркавалі пытаньне пашырэньня гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ярмошын запэўніў свайго калегу, што Беларусь і надалей будзе карыстацца латыскімі портамі.

Цяпер тавараабарот паміж краінамі складае каля 500 мільёнаў даляраў. Паводле словаў Ярмошына, трэба ў бліжэйшыя 2-3 гады павялічыць яго да 700 мільёнаў даляраў.

XS
SM
MD
LG