Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКРАДАНЬНЕ БЕЛАРУСІ. "КРОК ДА СВАБОДЫ" ВАЛЕРЫІ НАВАДВОРСКАЙ


Віталь Тарас, Прага

У новай рубрыцы “Крок да Свабоды” сваім асабістым досьведам дзеляцца вядомыя людзі зь Беларусі й замежжа. Сёньня героем перадачы “Выкраданьне Беларусі” – Валерыя Навадворская, лідэр расейскай партыі Дэмакратычны саюз.

“Маці родная, маці краіна! Ня ўсьцішыцца гэтакі боль. Ты прабач, ты прыймі свайго сына -- за цябе яму ўмерці дазволь”.

Вось з такім настроем чалавек не рызыкуе цярпець несвабоду”.

Валерыя Навадворская.

І яшчэ адна цытата:

“Я не люблю ваеншчыну, я не люблю чэкістаў, я не люблю КГБ, я не люблю генацыд, я не люблю дзяржаву, якая абвяшчае сябе прыярытэтам у адносінах да правоў чалавека. Калі гэта называецца – не любіць краіну, дык трэба вучыцца, вучыцца й вучыцца. Пажадана – у Оксфардзе”.

Гэта Валерыя Навадворская сказала нядаўна ў адным з тэлеінтэрвію. Яе манэра паводзінаў здольная шакаваць публіку.

На пытаньне – калі яна ўпершыню ў жыцьці сутыкнулася зь несвабодай, Навадворская адказвае:

“Гэта было ў першым клясе школы. Несвабодай было прасякнутае ўсё – падручнікі, прадметы, зорачкі з Уладзімірам Ульянавым, школьныя рытуалы. Як толькі я стала ўсьведамляць сябе, я зразумела, што жыву ў несвабоднай краіне, і што трэба з гэтым змагацца”.

Наша даведка.

Валерыя Ільінічна Навадворская нарадзілася ў 1950 годзе ў Баранавічах.

Жыве ў Маскве.

Будучы студэнткай, стварыла падпольную антысавецкую. арганізацыю. Упершыню была арыштаваная КГБ у 1969 годзе. Пасьля гэтага яшчэ тройчы адбывала пакараньне за дысыдэнцкую дзейнасьць. Апошні раз была асуджаная ў траўні 1991 году за заклікі адхіліць кампартыю ад улады ўзброеным шляхам. Вызваленая пасьля паразы камуністычнага путчу ў жніўні 91-га.

Заснавальніца партыі Дэмакратычны саюз.

Ведае ангельскую, нямецкую, французкую, а таксама старажытнагрэцкую і лацінскую мовы.

Захаплялася альпінізмам і плываньнем.

Той, хто чытаў эсэ Валерыі Навадворскай, ці хоць бы раз бачыў яе выступы ці інтэрвію па тэлебачаньні, ведае яе палемічныя здольнасьці.

(Навадворская: ) “Што тычыцца несправядлівасьці – я б ні ўякім разе не ставіла знак роўнасьці паміж гэтымі паняцьцямі: несвабода і несправядлівасьць. Свабода – гэта абсалютна іманэнтная катэгорыя, падмурак правоў чалавека. А вось справядлівасьць – паняцьце амбівалентнае, шматзначнае, глыбока сацыяльна ўсьвядомленае. І тут можна ўляпацца ў францускую трыяду: “свабода, роўнасьць, братэрства”. Дагэтуль усе спробы спалучаць свабоду з роўнасьцю й братэрствам не атрымліваліся.

І я думаю, што ўсе спробы спалучыць свабоду са справядлівасьцю таксама не атрымаюцца, бо для бедных, магчыма, несправядліва, каб існавалі багатыя. Аднак, ідэя свабоды ня толькі гэта дапускае, яна на гэтым грунтуецца. Бо людзі няроўныя паводле сваёй прыроды, і аднолькавы дабрабыт яны мець ня могуць. І толькі прымусова пазбавіўшы іх свабоды, можна ўсталяваць паміж імі роўнасьць і справядлівасьць.

Роўнасьць перад судом – так, безумоўна, справядлівасьць закону, справядлівасьць для нацыянальных мяншыняў, для ўсіх народаў, але ніяк не ў сацыяльным сэнсе. Таму, я думаю, нам лепш абмежавацца свабодай”.

Навадоворская рана даведалася, што такое несвабода. Ёй было 19, калі яна ўпершыню трапіла ў турму КГБ ў Ляфортаве – за тое, што ў Дзень сталінскай канстытуцыі раскідвала ў Палацы зьездаў, падчас прэм’еры опэры “Кастрычнік” (!) антысавецкія ўлёткі. Хаця ў той час яна ўжо стварыла ў Маскоўскім інстытуце замежных моваў імя Марыса Тарэза цэлую падпольную групу з 20-і чалавек, то была яе асабістая акцыя пратэсту супраць уварваньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну.

Пазьней Навадворская паспытала на сабе і мэтады савецкай карнай псыхіятрыі.

І ўсё яна здолела скончыць Маскоўскі абласны пэдагагічны інстытут імя Крупскай – паўпадполньна, фактычна паводле фальшывых дакумэнтаў.

Тым, хто імкнецца да свабоды, Навадворская раіць адно – паўтарыць яе вопыт, хоць і разумее, што ня кожнаму гэта дадзена.

Гаворыць мой калега Сяргей Навумчык.

(Навумчык:) “На маёй памяці не было ніводнай заявы Валерыі Ільінічны, пасьля якой не круцілі б пальцам ля скроні. Праходзіў час – і было бачна, што Навадворская думала нармальна, а вось грамадзтву акурат варта было стукнуць сябе па галаве…

Калі ў 1996-м годзе мы з Пазьняком зьехалі ў эміграцыю, навадворская паставілася да гэтага даволі жорстка. Крытыкаў гэтага нашага кроку хапала і ў Беларусі, але шчыра кажучы, асабіста мяне іх меркаваньні мала цікавілі. Па іроніі лёсу, некаторыя зь іх потым таксама зьехалі ў эміграцыю, ці паслалі за мяжу сваіх дзяцей. А вось меркаваньне Навадворскай для мяне істотнае. Статут дэмакратычнага саюзу, які ўзначальвае Навадворская, не дапускае эміграцыі. Я магу прывесьці аргумэнты супраць такой забароны, але справа ў тым, што гэтая пазыцыя пацьвярджаецца уласнымі паводзінамі сяброў партыі, і гэта прымушае да павагі.

Навадворская ёсьць тым, што ў Расеі звалося калісьці – “праведнік”. На іх глядзелі як на Богам пакрыўджаных, зь іх сьмяяліся, але ў нейкія экстрэмальныя часы менавіта такія асобы выратоўвалі. Як у Бібліі – адзін праведнік выратоўвае цэлы горад. Ды і ў сучаснай Расеі такіх, як Навадворская – некалькі на сто пяцьдзесят мільёнаў. Відаць, такія людзі ўвасабляюць нейкі, так бы мовіць, ген маральнага імунітэту й самаўратаваньня грамадзтва. Зьнікне гэты ген – зьнікне й народ”.

Апошнія гады Навадворская – нязьменны сябра рэдкалегіі часопісу “Новае время”, выданьня ня самага багатага ў Маскве. Неяк часопісу далі зразумець: дапаможам фінансамі, толькі прыбярыце Валерыю Навадворскую з рэдкалегіі. Рэдакцыя на прапанову не спакусілася. Імя Навадворскай каштуе дорага. Яна пастаянна публікуецца тут пад рубрыкай “Свабодны палёт”.

З артыкулу “Тэатральны раз’езд” за 26 лістапада 2000 году.

“Рэстаўрацыя адбылася ў Беларусі – на нашых вачах. Акуратна зьнялі (паводле рэфэрэндуму, паводле волі народу, бальшынёй галасоў, "дэмакратычных шляхам") усе бел-чырвона-белыя нацыянальныя флагі, забаранілі герб “Пагоня”.

Разганяюць мітынгі. Пасадзілі таго-сяго. Зьнік Віктар Ганчар (і яшчэ некалькі чалавек). Павесілі новы, зялёна-чырвоны, флаг (які апазыцыя адразу ж ахрысьціла "закатам над
балотом"). "Ботамі ня вытаптаць душу?" (паводле Высоцкага). Яшчэ як! Калі боты -- на бальшыні, а душа – у меншыні.

Вось гэта і ёсьць напісаны для нас сцэнар. Зьмена сымболікі – вытаптваньне душы.

Публічнае. Дэманстратыўнае. Пераможцы паступабць лягічна. Іх у гэтым доме – бальшыня. Яны хочуць павесіць сваю шыльду, павесіць свае фіранкі і партрэты своіх крэўных (Леніна, Сталіна, Дзяржінскага, Андропава) – ня нашых”.

Што, на думку нашай гераіні, трэба, каб беларусы дамагліся свабоды – хаця б у 21-м стагодзьдзі?

(Навадворская: ) “Дзеля гэтага трэба рабіць тое, што яны не дарабілі ў 19-м, 18-м, стагодзьдзях – гэта значыць, паводзіць сябе, скажам, як грамадзяне краінаў Балтыі. Дзеля гэтага ўсяго толькі трэба выйсьці на вуліцу, спыніць усё ў краіне, патрабаваць датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Тады ніякага АМОНу ня хопіць, хоць суадносіны, я ведаю, 1 да 10-і. Але нават пры такіх суадносінах, калі абсалютная большасьць народу выйдзе на вуліцы, нічога зрабіць зь ім ня ўдасца.

Усё вельмі лёгка і проста. Насамрэч – амаль бясплатна. Таму што мы маем справу ўсё-ткі ня зь Гітлерам. Лукашэнка – тыран баязьлівы, і безумоўна, ён ніколі ня вытрымае непасрэднага супацьстаяньня з народам. Нават Мілошавіч ня вытрымаў. Дзе цяпер Мілошавіч, якога адпрэчыў народ? Яго будуць судзіць у Гаазе за ягоныя злачынствы. Там будзе і Лукашэнка.

Я думаю, што ў тых умовах, калі народ не гатовы ўзьняцца і застаецца ў самай мярзотнай няволі, свабода не заказаная тым, хто гатовы быць свабодным ужо зараз. Для гэта трэба толькі казаць праўду рэжыму ў твар і не падпарадкоўвацца яму ані ў чым.

Не пасадзіш жа ўсіх сяброў БНФ, не забіваюць жа за выкарыстаньне беларускага нацыянальнга сьцягу, ці за тое, што нехта сьпявае гімн “Пагоня”. Трэба кіравацца словамі гэтага самога гімну:

“Маці родная, маці краіна! Ня ўсьцішыцца гэтакі боль. Ты прабач, ты прыймі свайго сына – За цябе яму ўмерці дазволь”.

Вось з такім настроем чалавек не рызыкуе цярпець несвабоду”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG