Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗ МЭТАЛІСТАЎ ЗАСВОЙВАЕ ЎРОКІ МЭТАЛЮРГІЧНАГА ЗАВОДУ


Міхал Стэльмак, Менск

Рэспубліканскі камітэт прафсаюзу мэталістаў накіраваў у суполкі рашэньне, што трэба пачынаць неадкладныя дзеяньні дзеля захаваньня цэласьці прафсаюзу.

Гэтае рашэньне — вынік аналізу падзеяў на Беларускім мэталюргічным заводзе. Учора лідэр галіновага прафсаюзу Іван Калесьнік наведаў Жлобін для высьвятленьня падрабязнасьцяў стварэньня там арганізацыі, якая спыніла сяброўства ў Фэдэрацыі. Свае высновы спадар Калесьнік паведаміў нашаму радыё:

(Калесьнік: ) "Прафсаюзны камітэт і ягоны лідэр Малашэнка бралі захады дзеля расколу галіновага прафсаюзу мэталістаў.

На ўказаньне кіраўніцтва прадпрыемства яны падпольна стварылі “кішэнную” структуру. З сустрэчаў і гутарак з працаўнікамі высьветлілася, што людзі пісалі заявы ў новы прафсаюз пад пагрозай звальненьня.

Рабочых запалохвалі, казалі, што ў выпадку ігнараваньня гэтай ініцыятывы яны застануцца без сацыяльнай абароны. Уладзімер Малашэнка ўсё гэта рабіў цішком ад рэспубліканскага камітэту.

І таму мы робім выснову, што прафкам павёў сябе па-здрадніцку ў дачыненьні да галіновага прафсаюзу", — зазначыў Іван Калесьнік.

Калесьнік паведаміў, што дэталёвы аналіз падзеяў на БМЗ і сыгналы зь іншых прамысловых прадпрыемстваў галіны сьведчаць пра пляны ўладаў паўтарыць жлобінскі сцэнар.

Паводле некаторых зьвестак, для засваеньня гэтага досьведу ў Жлобіне мяркуецца сабраць неўзабаве іншых патэнцыйных “штрэйкбрэхераў” з шэрагу прафсаюзных функцыянэраў.

Праз пашырэньне колькасьці альтэрнатыўных арганізацыяў ідэолягі з адміністрацыі Лукашэнкі, мяркуе Іван Калесьнік, разьлічваюць пахаваць галіновы прафсаюз мэталістаў. На сёньня сябрамі прафсаюзу мэталістаў лічацца 27 000 чалавек.

Вось чаму зараз рэспубліканскі камітэт вырашыў перахапіць ініцыятыву й правесьці на прадпрыемствах паседжаньні прафкамаў дзеля пацьверджаньня сяброўства ў Фэдэрацыі. Як паведаміў Іван Калесьнік, такія нарады адбудуцца гэтымі днямі ў прафсаюзных арганізацыях Магілёўскага мэталюргічнага заводу, Гомельскага вытворчага аб’яднаньня “Крышталь”, Рэчыцкага метызнага заводу, акцыянэрнага таварыства “Амкадор”, Бабруйскага й Берасьцейскага машынабудаўнічых заводаў.

XS
SM
MD
LG