Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ".


Перадачу падрыхтаваў Сяргей Навумчык.

(Навумчык: ) “Вэб-сайт “Гібель Машэрава” (www.postfactum.com ) зьявіўся ў Інтэрнэце нядаўна і адразу ўзьняўся ў рэйтынгавых каталёгах беларускага Інтэрнэту.

Напачатку колькі словаў пра аўтара сайту. 65-ці гадовы Андрэй Караленка інжынэр па адукацыі, выступаў з артыкуламі ў друку. У 1973 годзе быў выключаны з КПСС з фармулёўкай “за страту ідэйнай перакананасьці”, а ў 1995 годзе склаў зь сябе паўнамоцтвы дэпутата Жодзінскага гарсавета пасьля таго, як бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” былі замененыя на цяперашнія дзяржаўныя сымбалі.

Дасьледваньне Караленкі, падаецца, зацікавіць карыстальнікаў Інтэрнэту. Ён, дарэчы, перакананы, што ніякай “таямніцы”, роўна як і “замаху” на жыцьцё Машэрава – не было. “У той паездцы было шмат парушэньняў, якія прывялі да аварыі, сам Машэраў парушыў чатыры правілы бясьпекі, два парушыла ягоная ахова паводле ягонага загаду”. Канец цытаты.

Нагадаем, што ў выніку катастрофы разам з Машэравым загінулі яшчэ два чалавекі – ягоны кіроўца Зайцаў і целаахоўнік маёр КГБ Часнакоў.

Праўда, сам аўтар папярэджвае, што ягонае “расьследваньне зробленае на падставе дакумэнтальнай аповесьці Славаміра Антановіча “Пётар Машэраў”, газэтных публікацыяў і інтэрвію былога начальніка аховы Машэрава палкоўніка Сазонкіна і былога старшага лейтэнанта міліцыі, а цяпер падпалкоўніка Слесарэнкі”.

Кніга Славаміра Антановіча “Пётар Машэраў”, якую ўзгадвае Андрэй Караленка, была выдадзеная ў 93 годзе, ёсьць апалягетыкай першага сакратара ЦК КПБ, ды й навогул аўтар не хавае настальгіі па камуністычных часах. Выглядае, што, працуючы памочнікам Старшыні Вярхоўнага Суду, Антановіч меў магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі сьледзтва – у адрозьненьне ад Караленкі, які зрабіў сваё дасьледваньне паводле другасных крыніцаў. Магчыма, гэтая другаснасьць можа апрыёры паставіць пад сумнеў аб’ектыўнасьць дасьледваньня – але Андрэй Караленка аналізуе тое, што як гаворыцца, ляжыць навідавоку, і што чамусьці замоўчвалася іншымі дасьледнікамі.

Аўтар прыходзіць да высновы, што катастрофа адбылася ў выніку, найперш, грубага парушэньня самім Машэравым, ягонымі аховай і кіраўцам пэўных правілаў, у тым ліку і правілаў руху. Ва ўсіх краінах урадавыя картэжы ідуць з хуткасьцю больш за сто кілямэтраў за гадзіну – бо менавіта такая хуткасьць ратуе ад кулі снайпэру – але пры гэтым машыны суправаджэньня аздобленыя гэтак званымі “мігалкамі”.

На “Волзе”, якая ішла перад машэраўскай “Чайкай”, мігалак не было. Дарэчы, каб першы сакратар ехаў ня ў “Чайцы”, а ў шасьцітонным бранірававным ЗІЛе, якім карыстаўся як кандыдат у члены Палітбюро – шанцы на выратаваньне былі б большыя. Пры сутыкненьні з ЗІЛам любы грузавік пераўтварыўся б у набор запчастак..

Цяжка паверыць, але кіроўца ж міліцэйскай “Волгі”, што ішла наперадзе, ня ведаў, куды трэба ехаць - як вядома, Пётар Міронавіч любіў сюрпрызы, прыяжджаў у раёны і калгасы нечакана, чым напускаў страху на начальства і выклікаў сымпатыі народа..

Кіроўца “Волгі” быў змушаны арыентавацца па сыгналях “Чайкі”, якая ехала ззаду, што, канечне, стварае абсурдную сытуацыю…. МАЗ, што ішоў настустрач картэжу, спыніўся паводле каманды з мэгафону - але спыніўся, як выяўляецца, на на абочыне, а пасярэдзіне дарогі. Мікалай Пуставіт, што ехаў ўсьлед за МАЗам на грузавіку ГАЗ-53, быў вымушаны ўзяць рэзка ўлева, і адбылося сутыкненьне з “Чайкай”.

Ёсьць і іншыя фактары, якія прывялі да трагічнага выніку. Кіроўца Машэрава, якому было далёка за шэсьцьдзесят, у той дзень пачуваў сябе дрэнна; целаахоўнік маёр КГБ Часнакоў сядзеў ззаду і быў пазбаўлены магчымасьці выхапіць у кіроўцы руль – а гэта магло б ўратаваць ад катастрофы. Але Машэраў не любіў знаходзіцца на заднім сядзеньні, хаця гэта і супярэчыла правілам.

У такой сытуацыі віна Мікалая Пуставіта, які, як вядома, быў асуджаны на 15 гадоў, уяўляецца даволі сумнеўнай.

Аўтар дасьледваньня сустрэўся з Мікалаем Пуставітам. Вось што ён заявіў у інтэрвію, якое уцяпер зьмешчана ў Інтэрнэце:

(Пуставіт: ) “Мая віна ў тым, што я там апынуўся. Гэта мяне прыгнечвае і будзе прыгнечваць, хто б не быў вінаваты насамрэч. Што ж тычыцца віны,. за якую мяне пакаралі, дык такой віны няма. Але сёньня, праз 20 гадоў, хачу сказаць, пра што думаю: я згодны падзяліць віну з усімі разам. З кім? Давайце падлічым: трое ў “Чайцы” і тры міліцыянты – шэсьць, кіроўца МАЗу - сем, начальнік аховы і старшыня КГБ - дзевяць, міністар унутраных справаў – дзесяць… А я – толькі адзінаццаты зь няпоўнага сьпісу вінаватых. Самая вялікая мая віна – адзінаццатая частка агульнай віны, і па пасьлядоўнасьці, і паводле значнасьці.. Дык вось, я жадаю гэтай праўды. І хачу, каб мяне судзілі паводле гэтай праўды – па-новай і справядліва”.

(Навумчык: ) “Гэтая заява ў Інтэрнэце чалавека, які дваццаць гадоў лічыўся вінаватым у гібелі Машэрава, выглядае сэнсацыйнай. Дарэчы, нядаўна дачка Машэрава Натальля, якая ўпэўненая, што ейны бацька быў ахвярай замовы, цяпер запатрабавала новага расьсьледваньня. Але зразумела, што аб’ектыўнасьць такога дасьледваньня магчымая толькі ў выпадку адмовы ад усіх ідэалягемаў і легендаў, якія суправаджаюць імя Машэрава…

Дарэчы, адну з такіх легендаў – што нібыта Машэрава забілі па загаду Брэжнева – фактычна, абвяргае сама дачка Машэрава, калі распавядае, што за пару месяцаў да гібелі Брэжнеў прапанаваў беларускаму партыйнаму лідару пасаду Старшыні Савета міністраў СССР замест Касыгіна, і сям’я Машэравых ужо нават набыла мэблю для маскоўскай кватэры…

Аўтар вэб-сайту не хавае крытычнага стаўленьня да Машэрава, які, цытую, “быў увасабленьнем міту пра камуністаў”, і дае цікавыя накіды палітычнага партрэту. Прыгадваюцца і экалягічна шкодныя жывёлагадоўныя комплексы, і паказушная гігантаманія, і ляяльнасьць крамлёўскаму кіраўніцтву. Дададзім сюды, што менавіта Машэраў даў санкцыю і на разбурэньне гістарычнага цэнтру Менску ў канцы 60-ых гадоў, на рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі на пачатку 70-ых. Дарэчы, пад час свайго знаходжаньня на пасадзе першага сакратара ЦК Машэраў ніколі не выступаў па-беларуску…

Падаецца, што ў цяперашняй Беларусі, якую імкнуцца вярнуць ў былыя таталітарныя часы, аб’ектыўная ацэнка гэтага палітыка у афіцыйным друку немагчымая… Ды й ня толькі ў афіцыйным – пару гадоў таму, пад час 80-гадовага юбілею Машэрава, адна з незалежных газэтаў зьмясьціла ўхваляльны артыкул. Відавочна, што ня ўсім ахвота ісьці на канфлікт з грамадзскай думкай і разбураць стэрэатыпы.

І ў гэтым сэнсе сайт, пра які была размова, - прыклад магчымасьцяў Інтэрнэту, які дае сапраўды ўнікальную магчымасьць без цэнзурных абмежаваньняў выказаць свае меркаваньні.

Сёньня ва ўсім сьвеце Інтэрнэт, усьлед за традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі, актыўна выкарыстоўваецца ў сыстэме брудных палітычных тэхналёгіяў. Некалькі тыдняў таму мы распавядалі пра правакацыю ў чаце Мinsk Team. Калі асоба пад нікам Лявон, выступаючы нібыта як паплечнік Міхаіла Чыгіра, палівала брудам апазыцыйных лідэраў. Выглядае, што распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі або замоўчваньне важных зьвестак асабліва актывізуецца падчас палітычных кампаніяў, перадусім выбарчых.

Пра гэта – у інфармацыі нашага менскага карэспандэнта Ягона Маёрчыка.


(Маёрчык: ) «Усе прадстаўнікі палітычных партыяў дэмакратычнай ськіраванасьці, зь кім я размаўляў, разумеюць, што наладзіць правакацыю празь Інтэрнэт нават прасьцей, чым у газэце ці на радыё або тэлебачаньні. Калі разьмяшчаеш ілжывыя зьвесткі на дошках аб'яваў (гэтак званых форумах), якія ёсьць на бальшыні беларускіх палітычных сайтаў, то можаш паставіць любы подпіс. І правакацыйная інфармацыя амаль адразу становіцца даступнай кожнаму наведвальніку вэб-старонкі.

Самы красамоўны прыклад палітычнай правакацыі ў беларускай віртуальнай прасторы – заявы ад імя Беларускай партыі Свабоды. Вось што распавёў мне яе лідэр Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Летам 2000 году ў Інтэрнэце ад імя БПС была разьмешчаная абразу супраць Паўла Севярынца, дзе яго зьневажалі за рэлігійныя погляды. Натуральна, мы патлумачылі, што ня маем да гэтага паклёпу ніякага дачыненьня. Летась увосень у Інтэрнэце зьявілася ня меньш брудная, амаральная “інфармацыя” пра Зянона Пазьняка, падпісаная БПС і арганізацыяй “Край”. І вось нядаўна – сумнавядомае паведамленьне ад імя БПС пра выбух у Маскве”.

(Маёрчык: ) «Спадар Высоцкі зьвязвае гэтыя выпадкі ў адзін ланцуг і называе іх інфармацыйнай вайной супраць БПС, ідэі якой, на ягоную думку, пашыраюцца ў моладзевым асяродку. Мэта віртуальных правакатараў:»

(Высоцкі: ) “Інтэрнэт – гэта вельмі зручнае, выгоднае поле ў цяперашняй Беларусі, дзе абмежаваная свабода слова, дзе няма магчымасьцяў выказаць альтэрнатыўную пазыцыю. У Інтэрнэце вельмі цяжка “злавіць за руку” злодзея, і гэта спрыяе зьяўленьню правакацыяў”.

(Маёрчык: ) “З такімі бруднымі правакацыямі, як Партыя Свабоды, іншыя апазыцыйныя структуры пакуль што не сутыкаліся. Але паклёпы, хлусьня і інфармацыйнае ігнараваньне ў Інтэрнэце закранула ці не бальшыню зь іх.

Так, прэсавы сакратар Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Лявон Дзейка ўзгадаў, як леташняй восеньню адразу на некалькіх інфармацыйных сайтах зьявіліся паведамленьні, што нібыта Міколу Статкевіча, старшыню БСДП, на сходзе Салігорскай гарадзкой суполкі ўвогуле выключылі з партыі.

На думку прэсавага сакратара Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ Валерыя Буйвала, на інфармацыйных старонках вельмі часта замоўчваецца іхная дзейнасьць. Ён прыгадаў леташнія падзеі ў Менску 25-га сакавіка. Тады шырока паведамлялася пра разгон дэманстрантаў і затрыманьні журналістаў. Але замоўчваўся факт зьбіцьця намесьніка старшыні партыі Юрася Беленькага.

Электронныя мэдыі, якія абслугоўваюць будучага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, ужо распачалі кампанію дыскрэдытацыі ягоных магчымых канкурэнтаў. Усе мае суразмоўцы разумеюць, што сёлета паклёпы на іншых кандыдатаў і партыі, якія іх падтрымаюць, будуць ськінутыя і ў Інтэрнэт. Вось думка прэсавага сакратара Партыі БНФ Аляксея Шэіна:

(Шэін: ) “Рэч у тым, што ўлады ў Беларусі пануюць над радыё і тэлебачаньнем. Над Інтэрнэтам пануюць, з большага, незалежніцкія, прадэмакратычныя погляды. Улады сёньня ня маюць перавагі ў Інтэрнэце. Мяркую, што яны будуць імкнуцца менавіта цяпер, у часе прэзыдэнцкай кампаніі, выкарыстоўваць Інтэрнэт дзеля таго, каб уплываць ня толькі на шэраговых беларусаў, але і на эліты”.

Дэмакратычныя сілы бачаць два спосабы супрацьдзеяньня правакацыям празь Інтэрнэт - апэратыўна абвяргаць паклёпы і як мага шырэй інфармаваць карыстальнікаў сеціва».

(Навумчык: ) «Акрамя інфармацыйных, Інтэрнэт выконвае і камунікацыйныя функцыі – празь сеціва вы можаце сумаўляцца са сваімі знаёмымі і шукаць кантактаў з незнаёмцамі. Гэтыя магчымасьці пастаянна пашыраюцца, аднак не ў Беларусі.

Кожны карыстальнік вэб-рэсурсу «TUT.BY» атрымаў па кампутарнай пошце ліст-папярэджаньне. Паводле словаў тэхнічнага дырэктара Данілы Рудэнкі, «карыстальнікі беспарольнага і парольнага доступу ў Інтэрнэт ад правайдэра «Белтэлеком» (пакуль толькі карыстальнікі з дынамічным выдзяленьнем IP-адрэсы) пазбавіліся тэхнічнай магчымасьці выкарыстаньня сэрвэраў адпраўкі электроннай пошты, якія фізычна знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь” – канец цытаты.

“Белтэлеком” – практычна манапаліст на рынку правайдарскіх паслугаў у Беларусі. І гэтае новаўвядзеньне азначае, што кожны, хто карыстаецца такімі папулярнымі сэрвэрамі электроннай пошты, як Yahoo албо Hotmail, цяпер ня здоляюць адаслаць ліст замежным адрасатам.

Пра наяўнасьць так званых фільтраў на электорнную пошту і пра перлюстрацыю беларуская Інтэрнэт-супольнасьць падазравала і раней. Цяпер, як бачым, ўлада можа не абцяжарваць сябе ўтрыманьнем штату праглядачоў, якія б адсочвалі перапіску ды не прапускалі за межы Беларусі крамолу – пошта проста за мяжу ня пойдзе.

Праўда, наўрад ці гэта ўдасца – Інтэрнэт ёсьць апірышчам свабоды.
XS
SM
MD
LG