Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫМБАЛЬ ВЕРЫ. ЭВАНГЕЛЬСКА-ЛЮТЭРАНСКАЯ ЦАРКВА Ў БЕЛАРУСІ


Вядучы Кастусь Бандарук

У нашых перадачах мы шмат разоў гаварылі аб пратэстанцкіх цэрквах у Беларусі. За выключэньнем кальвінскай Царквы гэта пераважна так званыя нэапратэстанцкія цэрквы, якія узьніклі за апошнія 10 гадоў.

Аднак, разам са зьяўленьнем новых суполак пяцідзесятніцка-харызматычнага кірунку ў Беларусі адрадзілася Царква, якой 450 гадоў. Пачынаючы зь першай сьвецкай школы Аўраама Кулвы ў Вільні каля 1540 году, пратэстантызм пашыраўся ў Вялікім Княстве Літоўскім імгненна. Лютэранства, асабліва кальвінізм, ахвоча прыймала шляхта і магнаты. Ужо ў 50-я гады 16 стагодзьдзя зьявіліся першыя лютэранскія парафіі ў Вільні, Менску і Слуцку.

У пачатку 17 стагодзьдзя разам з наступам Контррэфармацыі пераважная большасьць пратэстанцкіх абшчынаў былі скасаваныя, але некаторыя, асабліва ў Заходняй Беларусі, праіснавалі да пасьляваеннага часу. І вось, у апошнія гады Эвангельска-Лютэранская Царква ў Беларусі адрадзілася. З прозьбай разказаць, як гэтае адраджэньне адбывалася, я зьвярнуўся да пастара з Горадні Кастуся Мардзьвінца. Перш аднак, скажыце трохі пра сябе.

(Мардзьвінцаў: ) “Сам я нарадзіўся у Асіповіцкім раёне, але потым доўгі час жыў у Расеі. Там скончыў Унівэрсытэт. Паводле адукацыі я інжынэр-праграміст. Калі вучыўся ў інстытуце, я зацікавіся духоўнай сфэрай, і знаходзіўся ў пошуках канфэсіі. Гэта быў даўгі шлях. Лютэранства ўпершыню я пазнаў праз кнігі. Мне патрапіў у рукі “Малы Катэхізіс” Лютэра, і калі я яго прачытаў, тады зразумеў, што гэта сапраўды тая Царква, якая прапаведвае чыстае Эвангельле. Я падумаў, што калі гэтыя людзі вучаць так, як пішуць, і жывуць так, як пішуць, дык гэта мая Царква. Ну а потым я быў парафіянінам ў царкве ў Маскве; адтуль паехаў вучыцца ў сэмінарыю ў Злучаныя Штаты, але заўсёды хацелася працаваць на Радзіме, у Беларусі.

Пасьля сэмінарыі ў Амэрыцы, зусім нядаўна я быў высьвячаны на пастара, і цяпер служу ў царкве ў Горадні, і таксама ў Лідзе.

(Бандарук: ) “Гэта дзьве асобныя парфіі. А як адбывалася арганізацыйнае адраджэньне Лютэранскай Царквы ў цэлым?”

(Мардзьвінцаў: ) “У 91 годзе пачалі ўзьнікаць першыя лютэранскія парафіі. Гэта былі абшчыны ў Гародні, потым у Віцебску… Проста тыя людзі, якія адчувалі патрэбу ў адраджэньні нашай старажытнай Царквы зьбіраліся разам, і адбудоўвалі цэрквы. У сьнежні мінулага году ўжо было 9 зарэгістраваных парафіяў, якія вырашылі быць разам, у адным царкоўным целе. Такім чынам стаўся магчымы Сынод нашай Царквы, які адбыўся 2 сьнежня летась. Сынод прыняў рашэньне аб тым, што Царква ў Беларусі павінна быць пераймальніцай той Царквы, якая існавала з паловы 16 стагодзьдзя і пазьней, а быў толькі кароткі перапынак.

Калі пасьля 2-й Усясьветнай вайны камуністычныя ўлады закрылі ўсе парафіі. Гэта было аднадумнае рашэньне ўсіх суполак, і на Сынодзе была абвешчаная Беларуская Эвангельска-Лютэранская Царква. Ну, а потым пайшлі звычайныя, бюракратычныя справы, зьвязаныя з рэгістрацыяй Царквы. Дзеля гэтага Сынод меў усе законныя падставы, і нядаўна, на пачатку студзеня, мы атрымалі статус юрыдычнай асобы.

На цяперашні момант у нашай Царкве 12 зарэгістраваных парафіяў, і ёсьць яшчэ некалькі групаў вернікаў, якія рыхтуюцца да рэгістрацыі сваіх абшчынаў у бліжэйшы час”.

(Бандрук: ) “Гэта быў Кастусь Мардзьвінцаў, пастар Эвангельска-Лютэранскай Царквы ў Горадні. А вось, што сказаў Мікола Пачкаеў, гарачы прыхільнік лютэранства і аўтар старонкі ў Інтэрнэце “Пратэстантызм ў Беларусі”.

(Пачкаеў: ) “Я хацеў бы падкрэсьліць той пункт у Дэклярацыі Сыноду, дзе гаворыцца, што Беларуская Лютэранская Царква адраджаецца як традыцыйная канфэсія ў Беларусі. Я мяркую, што гэты вельмі цікавы элемэнт гэтага дакумэнту, бо ў савецкі час і за часам адраджэньня ў Беларусі роля пратэстанцкіх цэркваў на кожным этапе гісторыі ігнаравалася.

Я магу прывесьці прыклад, калі ў выдадзеным даведніку “Каталіцкія храмы Беларусі” сярод іншых апынулася вельмі знакамітая лютэранская сьвятыня, філія віленскай парафіі ў вёсцы Раценішкі. Але, пры ўсёй дамінацыі праваслаўя, каталіцтва і уніі, цяжка аспрэчыць факт пастаяннай гістарычнай прысутнасьці эвангелікаў у рэлігійным і палітычным жыцьці краіны на кожным этапе нацыянальнай гісторыі.

Доказам гістарычнасьці гэтай канфэсіі зьяўляецца наяўнасьць мясцовай, тутэйшай традыцыі аўгсбурскіх эвангелікаў на працягу ўсіх 450 гадоў. Таксама важна падкрэсьліць, што эвангелічныя цэрквы Беларусі сталіся незалежнымі мясцовымі цэрквамі яшчэ за часам Вялікага Княства з цэнтрам ў Вільні, мелі ўласныя сыноды, і г.д.

Толькі за савецкім часам Беларусь, хаця й тэарэтычна, патрапіла у сфэры ўплваў ЭЛКРАС, нямецкай Царквы ў СССР. Акрамя таго, духоўна-гістарычная пераемнасьць Рэфармацыі ніколі не была цалкам згубленая ў Беларусі. Контррэфармацыя ў 17-18 стагодзьдзях прывяла да істотнай германізацыі агульнага складу вернікаў лютэранскай царквы ў Беларусі, але гэты працэс ніколі не завяршыўся.

Што цікава, у некаторых мясцовасьцях лютэранскія, нямецкія парафіі існавалі паралельна зь беларускімі, хоць і пры тых жа будынках. Гэта, на маю думку, цікавы і вельмі важны элемэнт гісторыі лютэранскай царквы на Беларусі. Таму цалкам натуральна, што Эвангельска-Лютэранская Царква адраджаецца як традацыйная, тутэйшая і нацыянальная Царква”.

(Бандарук: ) “Гаварыў Мікола Пачкаеў. У палове 16- га стагодзьдзя лютэранская царква, званая “Аўгсбурскай”, кіравалася “Літоўскай Кансісторыяй”, на чале якой стаяў яе прэзыдэнт, а затым супэрінтандант. Гэта ў далёкім мінулым. А хто будзе зараз узначальваць Вашую Царкву? Ці будзе яна падпарадкоўвацца нейкаму цэнтру, як гэта мае месца ў беларускіх каталікоў і праваслаўных? Пастар Кастусь Мардзьвінцаў:”

(Мардзьвінцаў: ) “Адзін з асноўных прынцыпаў Рэфармацыі такі, што кожная царква, калі яна ў незалежнай краіне, таксама павінна быць незалежнай, будавацца на ўласных прынцыпах. Таму і наша Царква ў Беларусі зьяўляецца незалежнай альбо аўтакефальнай, і прыкладна празь месяц плянуецца, што абраны Сынодам біскуп, будзе ардынаваны. У ардынацыі возьмуць удзел біскупы зь Літвы, а таксама зь іншых краінаў. Справа ў тым, што хаця мы і аўтакефальная Царква, аднак хочам утрымоўваць царкоўную лучнасьць з усім хрысьціянскім сьветам”.

(Бандарук: ) “Вы кажаце: ардынацыя біскупа. Гэтае лацінскае паняцьце можа быць для шмат каго незразумелае, бо, напрыклад, праваслаўныя прызвычаіліся да паняцьця “хіратоніі”, а каталікі хутчэй за ўсё ужываюць паняцьце “высьвячэньне біскупа”. Ці гэта тое самае?”

(Мардзьвінцаў: ) “Так, гэта і пакліканьне, і пасьвячэньне адначасова. Сынод абраў біскупам нашай Царквы пастара зь Віцебска, які найбольш зрабіў дзеля адраджэньня нашай Царквы ў Беларусі –Леаніда Цьвікі. Што тычыцца ўвогуле структуры Лютэранскай Царквы, то галоўным кіруючым ораганам у ёй зьяўляецца Сынод. Сынод абірае біскупа, якога высьвячаюць іншыя біскупы. Паколькі ўнас няма яшчэ сваіх біскупаў, дык высьвячаць пастара Леаніда будуць біскупы зь іншых краінаў. Мы прытрымліваемся ў гэтым поўнасьцю кананічнага шляху, як гэта было прынятае і ў старажытнай Царкве, і як прынята ва ўсім лютэранскім сьвеце.”

(Бандарук: ) “Такім чынам, Ваша Царква зарэгістраваная, мае статус юрыдычнай асобы, ёсьць вернікі, больш за дзесятак парафіяў, неўзабаве будзе мець свайго біскупа. Але ж, з другога боку, усё роўна ёсьць, мабыць, і праблемы?”

(Мардзьвінцаў: ) “Хаця нашая Царква ёсьць напэўна самай старажытнай з пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі, аднак яна адначасова самая маладая. У сувязі з апошнім мы сутыкаемся са шматлікімі праблемамі. Гэта, у прыватнасьці, матэрыльныя праблемы: няма царкоўных будынкаў, дзе маглі б адбывацца багаслужбы. Тут хачу адзначыць, што ў лютэранскай Царкве прынятае храмавая багаслужба. Ёсьць і праблема са сьвятарамі, дзе іх падрыхтаваць, бо ня маем сваёй сэмінарыі, але ўсё гэта праблемы станаўленьня і ў будучыні яны павінны вырашыцца”.

(Бандарук: ) “Айцец Кастусь. Мабыць, Вы чулі, што некаторыя пратэстанцкія абшчыны ў Беларусі маюць праблемы з рэгістрацыяй. Ім адмаўляюць у арэндзе малітоўных дамоў, і калі яны ня маюць сваіх памяшканьняў, на гэтай падставе іх не рэгіструюць. Адсюль і ў нашых перадачах некаторыя прадстаўнікі нэапратэстанцкіх абшчынаў скардзіліся на яўны перасьлед з боку ўладаў. А як улады ставяцца да Вашай Царквы? Ці адчулі Вы нейкую дыскрымінацыю або ціск?”

(Мардзьвінцаў: ) “Што тычыцца адносінаў з уладай, дык дагэтуль ніякага ціску зь іхнага боку мы не адчулі. Наадварот. Была ўсялякая падтрымка. Я думаю, што гэта зразумела. У адрозьненьне ад так званых нэакультаў ці сэктаў, усё-такі лютэранства зьяўляецца гістарычнай канфэсіяй у Беларусі, і з гэтым проста трэба лічыцца. З уладамі пакуль мы мелі самыя добрыя адносіны".

(Бандарук: ) “Ойча! У мінулым, асабліва ў 16-17 стагодзьдзях, усьлед за шляхтай і магнатамі, цэлыя парафіі пераходзілі ў кальвінізм, альбо лютэранства. Паводле лацінскага прынцыпу: “cuius regio-eius relogio” – падданых ніхто не пытаўся, хочуць яны гэтага ці не. Зараз сытуацыя іншая. Людзі могуць выбіраць паміж традыцыйнымі канфэсіямі, але могуць далучыцца да любога нэакульту альбо сэкты. За дзесяцігодзьдзе рэлігійнай свабоды людзі мелі час вызначыцца і ў большасьці яны далучыліся да праваслаўя і каталіцызму. Лютэранская Царква таксама традыцыйная канфэсія, але ж адрадзілася толькі нядаўна. У такой сытуацыі, калі не засталося свабоднай нішы, як Вы бачыце будучыню сваёй Царквы?”

(Мардзьвінцаў: ) “Вы ведаеце, мабыць, самая вялікая праблема Беларусі ня тое, што пераважаюць прадстаўнікі той або іншай канфэсіі, але тое, што ў большасьці ў нас атэісты, бязбожнікі. Яны ня ведаюць, што такое Бог, Царква, вера, і вось да гэтых людзей павінна быць накіраваная нашая пропаведзь.

Лютэранства мае з аднаго боку плюсы, характэрныя для так званых “высокіх цэркваў”. У нас прыгажосьць абраду, які прываблівае пэўную частку людзей. У лютэранстве таксама важнае тое, што яно вельмі пераканаўча можа растлумачыць людзям чыстае слова Эвангельля, растлумачыць, як чалавек прыходзіць да веры, яно нясе ласку Божую. І натуральна, што нашае грамадзтва мае патрэбу ў гэтым. Мы, канечне, выступаем супраць празэлітызму, але працы ў нас хопіць, бо застаецца яшчэ шмат людзей, якія навогул ня чулі Слова Божага, яны не асьветленыя сьвятлом Эвангельля. Я думаю, што калі нам удасца вырашыць нашыя асноўныя праблемы, пра якія я ўжо казаў, пэрспэктывы лютэранства ў Беларусі вельмі неблагія. Лютэранства на Беларусі - не чужы элемэнт. Яно роднае для нашых людзей, і хаця можа ня ўсе гэта усьведамляюць, аднак назіраецца падсьведамая цяга да лютэранства, да таго, што калісьці было верай нашых продкаў”.

(Бандарук: ) “І яшчэ меркаваньне Міколы Пачкаева”.

(Пачкаеў: ) “Я лічу, што цэрквы неабавязкова бачаць мэту свайго існаваньня ў тым, каб адпавядаць бягучаму моманту гісторыі, моманту і г.д. Іхная мэта - рэлігійнае жыцьцё. Зацікавіць сёньняшніх беларусаў лютэранскай царквою можа прыкладна тое ж самае, чым пратэстантызм цікавіў іхных продкаў 450 гадоў таму і пазьней. Заўсёды сярод вернікаў іншых канфэсіяў знойдуцца такія, чыё рэлігійнае сумленьне ў супярэчнасьці з дактрынамі і дагматамі сваёй царквы, каталіцтва ці праваслаўя. З другога боку, лютэранства сапраўды не выракаецца спадчыны агульнахрысьціянскай традыцыі, асабліва заходняй, але таксама і ўсходняй. Так што, яго арганізацыйнае адраджэньня, я магу толькі вітаць”.

(Бандарук: ) “Я думаю, што вітаць павінен кожны, хто непрадузяты, і хто прынамсі з большага азнаёміцца з веравучэньнем і гісторыяй беларускага лютэранства. На жаль, вузкія рамкі гэтай праграмы не дазваляюць ў гэтыя пытаньні”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG