Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ХАРВАТЫІ МЭСІЧ НА РАДЫЁ СВАБОДА


Аляксандар Лукашук

Дзесяць гадоў Харватыя жыла без камунізму, але і без дэмакратыі, нягледзячы на яе фармальныя прыкметы – так ацаніў сёньня апошняе дзесяцігодзьдзе харвацкай гісторыі Ст”епан Месіч, які пачаў свой выступ перад журналістамі Свабоды, чэскай прэсай і дыпляматамі з прызнаньня:

(Мэсіч:) “Лепш за ўсё я ведаю перадачы вашай Паўднёва-славянскай службы Радыё Свабода, але таксама і ролю якую адыграваюць перадачы Радыё Свабода для краінаў новай дэмакратыі. Асабліва хацеў бы падзякваць Паўднёва-славянскай службе Радыё Свабода за ўсе яе дасягненьні, за навядзеньне мастоў
– не дзеля стварэньня новай Югаславіі, а дзеля добрасуседскага паразуменьня пасьля крывавай вайны паміж усімі народамі былой Югаславіі”.

Далучэньне да НАТО, інтэграцыя ў Эўропу, пераход ад зьмешанай эканомікі да нармальнага лібэральанага капіталізму - так новы прэзыдэнт Харватыі Ст”епан Мэсіч прадставіў мэты свайго ўраду. Менавіта новая Эўропа, бязь межаў паміж дзяржавамі, з адзінымі законамі і стандартамі стане найлепшым гарантам міру на кантынэнце, - лічыць Мэсіч.

“Пагроза новай уладзе ідзе ад тых, хто карыстаўся прывілеямі пры рэжыме Туджмана, але выбаршчыкі сказалі сваё слова і ў праціўнікаў дэмакратычных пераменаў няма шанцаў,” – сказаў прэзыдэнт.

Прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн заявіў, што з усіх 24 краінаў сьвету, дзе вяшчае Свабода, самыя выразныя дэмакратычныя перамены ў 2000 годзе адбыліся менавіта ў Харватыі.

Ст”епан Мэсіч, спакойны і вонкава непрыкметны інтэлігентны чалавек гадоў 50-ці быў спікерам парлямэнту пры Туджману, але падаў у адстаўку і заснаваў сваю партыю, якая летась і выйграла выбары. Мэсіча наўрад ці можна назваць харызматычным лідэрам. Хутчэй - гэта эўрапейскі інтэлектуал, які годна пачуваецца побач з Вацлавам Гавалам ці Тоні Блэрам.

Ст”епан Мэсіч скептычна ставіцца да ператварэньня цяперашняга канфлікту на македонска-косаўскай мяжы ў новую вайну. Але ўпэўнены, што новая спроба падзяліць Босьнію прывядзе да новай вайны. На эканамічным форуме ў Давосе Мэсіч упершыню сустракаўся з новым прэзыдэнтам Югаславіі Каштуніцам.

(Мэсіч:) “Зыход Мілошавіча – гэта недастаткова. Павінна пайсьці і ягоная палітыка, і тыя, хто яе падтрымваў, хто яе ствараў, уключна з самім Мілошавічам, павінны стаць і адказаць праўду. Канкрэтна перад Гааскім трыбуналам. Зьмены не адбудуцца, пакуль гэтага ня здарыцца, пакуль Сэрбія не перажыве своайго катарсісу, пакуль не ўразумее праўды апошняга дзесяцігодзьдзя”...

Такую параду сёньня на сустрэчы з журналістамі Радыё Свабода ў Празе даў для дэмакратаў, якія прыходзяць да ўлады пасьля аўтарытарнага кіраваньня, прэзыдэнт Харватыі Ст”епан Мэсіч.

XS
SM
MD
LG