Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ ПАРЛЯМЭНТ МОЖА БЫЦЬ АБРАНЫ ЎЖО НАПРЫКАНЦЫ СЁЛЕТА


Віктар Дзятліковіч, Масква

Генадзь Селязнёў ужо не аднойчы выказваўся за тое, каб выбары беларуска-расейскага парлямэнту прайшлі як мага хутчэй. Гэтым разам сваю заяву кіраўнік Дзяржаўнае Думы зрабіў на сустрэчы з прадстаўнікамі расейскіх дыяспараў. Аднак, на думку некаторых экспэртаў, словы Селязьнёва мелі адрасатам найперш Аляксандра Лукашэнку.

«Я думаю, – зазначыў у інтэрвію Радыё Свабода палітоляг Сяргей Маркаў, – што заяву Селязьнёва варта разглядаць у рэчышчы ціску на Лукашэнку». На думку спадара Маркава, расейская палітычная эліта ў пэўнай ступені раздражнёная паводзінамі Лукашэнкі, а менавіта тым, што ён заклікае да фармаваньня саюзу, а сам устрымліваецца ад любых крокаў у гэтым кірунку. І таму Селязьнёу мае намер падштурхнуць Лукашэнку да актыўных дзеяньняў.

Сяргей Маркаў лічыць, што Селязьнеу бярэ у разьлік і набліжэньне выбараў у Беларусі. «Фактычна, – зазначае палітоляг, – Селязьнеў ставіць Лукашэнку перад выбарам – альбо рабіць рэальныя крокі, каб далучыцца да Расеі, альбо напярэдадні выбараў стаць аб'ектам крытыкі і расейскіх палітыкаў, і ўплывовых у Беларусі расейскіх тэлеканалаў, і некаторых канкурэнтаў па выбарах».

Між тым, пакуль невядома як практычна рэалізаваць жаданьне некаторых палітыкаў мець саюзны парлямэнт. Паводле прадстаўнікоў Цэнтральнае выбарчае камісіі Расеі, грошы на саюзныя выбары ў сёлетнім расейскім бюджэце не пазначаныя. Няма такога радку і ў саюзным бюджэце.

Аднак Сяргей Маркаў лічыць, што гэта не перашкода. Ён зазначыў (цытую): «У Расеі так часта здараюцца непрадбачаныя сытуацыі, што заўжды існуюць нейкія фінансавыя рэзэрвы».

Значна больш складае пытаньне – чым будзе займацца той саюзны парлямэнт, калі нават і будзе абраны. Расейскія экспэрты адзначаюць, што пакуль ня бачаць, як ён уладкуецца у дзяржаўную сыстэму расейскіх органаў улады, якая, між іньшым, замацаваная ў канстытуцыі. Да прыкладу, ня факт, што тая ж Дзяржаўная Дума Расеі пагодзіцца аддаваць яму частку паўнамоцтваў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG