Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ ПАДЗЯКВАЎ ЗІМОЎСКАМУ ЗА БЯСПЛАТНУЮ РЭКЛЯМУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

А першай гадзіне дня каля старога будынку дзяржаўнага тэлебачаньня па вуліцы Камуністычнай сталі зьбірацца хлопцы ў чорных акулярах і з навушнікамі. Яны трымалі замежныя газэты.

Кіраваў хлопцамі лідэр "Маладога Фронту" і, паводле ягоных жа словаў, "па-сумяшчальніцтве агент усіх магчымых замежных выведак" Павал Севярынец. Ён так патлумачыў мэту сёньняшняй акцыі:

(Севярынец: ) "Мы зьбіраемся заплаціць Беларускаму тэлебачаньню, у прыватнасьці праграмам "Рэзананс" і "Тайныя спружыны палітыкі" за рэкляму, якую яны арганізавалі Маладому Фронту апошнімі днямі.

Апошнія чатыры дні ў трох перадачах згадалі, што менавіта Малады Фронт на пару з апазыцыяй і амэрыканскімі спэцслужбамі зьбіраюцца зьвергнуць рэжым Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў 2001 годзе.

І паколькі гэтыя мэты й задачы адпавядаюць пастаўленым намі ў 2001 годзе, паколькі гэтая рэкляма падымае прэстыж Маладога Фронту ў вачох тэлегледачоў БТ, мы вырашылі, сабраўшыся са спадарамі "агентамі", правесьці такую акцыю дапамогі — "аплата за рэкляму".

Пастаяўшы нейкі час на ганку тэлебачаньня "шпіёны-маладафронтаўцы" пачалі зьбіраць у скрынку "падарункі" для аўтараў адыёзных праграмаў БТ — туалетную паперу, туалетную ваду пад назваю "Даляр" ды іншыя прадметы гігіены.

Пасыпаліся ў скрынку й дробныя манэты розных краінаў. Да "падарункаў" спадарам Зімоўскаму й Азаронку маладафронтаўцы дадалі й квітанцыю, дзе было пазначана, што на банкаўскі рахунак праграмы "Рэзананс" перавялі 288 рублёў платы за рэкляму. Паводле Паўла Севярынца, менавіта да такой сумы дэвальваваліся за 2 000 гадоў славутыя 30 срэбнікаў.

Сябры Маладога Фронту зайшлі ў вэстыбюль будынку тэлебачаньня й перадалі скрынку з "падарункамі" паставому міліцыянту. Прапаршчык быў вельмі зьдзіўлены візытам хлопцаў і папрасіў патлумачыць, хто яны такія й чаго хочуць.

Выслухаўшы тлумачэньні, ён пачаў тэлефанаваць начальству. Начальства паабяцала прыслаць да будынку тэлебачаньня патрульную машыну. Маладафронтаўцы вырашылі не чакаць затрыманьня й хутка сышлі.

XS
SM
MD
LG