Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СУСТРЭЧЫ З “ТРОЙКАЙ” КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗЫДЭНТА ПАГАДЗІЛІСЯ ПРАЦАВАЦЬ РАЗАМ


Віталь Цыганкоў, Менск

Бадай, найбольш інтрыгуючым пунктам сёньняшняй праграмы візыту эўрапейскай тройкі ў Беларусь стала ранішняя сустрэча сябраў дэлегацыі з чатырма беларускімі палітыкамі, якіх разглядаюць як патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Гэта Сямён Домаш, Уладзімер Ганчарык, Павал Казлоўскі й Міхаіл Чыгір.

Ваш карэспандэнт аказаўся адзіным журналістам, які а 8-й раніцы зацікавіўся гэтай неардынарнай падзеяй. Сама размова, якая афіцыйна называлася “сьняданкам”, праходзіла за зачыненымі дзьвярыма ў канфэрэнц-залі сталічнага гатэлю “Плянэта”.

Пасьля таго, як сябры эўрапейскай дэлегацыі разам зь беларускімі палітыкамі выйшлі з канфэрэнц-залі, я папрасіў Прэзыдэнта ПА АБСЭ Адрыяна Севярына пракамэнтаваць вынікі сустрэчы. Аднак спадар Севярын патлумачыў, што прадстаўнікі тройкі ня будуць даваць камэнтароў да сваёй прэсавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца заўтра.

Тымчасам чацьвёра беларускіх удзельнікаў сустрэчы працягвалі паміж сабой абмяркоўваць вынікі размовы й свае далейшыя дзеяньні. Было бачна, што дыскусія паміж імі, якая працягвалася хвілін дзесяць, была даволі ажыўленая. Пасьля ейнага заканчэньня я запытаўся ў Міхаіла Чыгіра, пра што размаўлялі на сустрэчы з прадстаўнікамі эўрапейскай тройкі.

(Чыгір: ) "Мы сказалі пра тое, што кандыдатаў перасьледуюць. Гэта добра бачна што да Чыгіра, Ганчарыка й Казлоўскага. Нам параілі, каб на гэтым этапе кандыдаты працавалі паралельна, адзін аднаго падтрымлівалі, а пазьней вызначыцца — хто болей мае шанцаў, на яго тады працаваць адзіным фронтам.

Вось пра што мы сёньня дамовіліся. Я лічу, што гэта вельмі правільны падыход, усе чатыры чалавекі з гэтым пагадзіліся. Думаю, што такая праца будзе працягвацца".

(Карэспандэнт: ) "Ведаю, што існуе нейкі праект вашага пагадненьня, заявы. Калі гэты дакумэнт пабачыць грамадзтва?"

(Чыгір: ) "Столькі ўжо было гэтых праектаў і заяваў. Асноўнае ж не праект, а тое, што мы дамовіліся працаваць паралельна, падтрымліваць адзін аднаго. І залежна ад сытуацыі наступнай — прымаць рашэньні толькі сумесна. Такая дамова ёсьць".

Іншы ўдзельнік сустрэчы, Сямён Домаш, заўважыў, што незалежныя кандыдаты на пэўным этапе мусяць аб’яднацца.

(Домаш: ) "Мы ўсе як заяўлялі, так і заяўляем, што нашая галоўная мэта — на пэўным этапе перад прэзыдэнцкімі выбарамі аб’яднацца й ісьці з адным кандыдатам.

Такой дамовы не парушылі, і ўсе чацьвёра, хто сёньня выступаў, заяўлялі, што наша задача на пэўным этапе аб’яднацца. А пакуль проста працаваць кожнаму на свой імідж, каб нас ведала больш насельніцтва, таму што аўтарытэт, які мы можам атрымаць, спатрэбіцца, калі будзем працаваць у камандзе. Гэта ўсё будзе складацца".

(Карэспандэнт: ) "Ішла размова пра падпісаньне чатырма прэтэндэнтамі нейкага агульнага дакумэнту пра ўзгодненыя дзеяньні. Калі можна чакаць гэтага дакумэнту?"

(Домаш: ) "Кожны з нас зараз гэты праект падрыхтаваў. І мы дамаўляемся неўзабаве, магчыма, на будучым тыдні, сабрацца разам і выпрацаваць канчаткова пэўную заяву для грамадзкасьці".

Акрамя пытаньняў еднасьці апазыцыйных кандыдатаў, эўрапейцаў таксама цікавіла, ці адбыліся ў Беларусі нейкія зьмены ў тых чатырох умовах, якія вылучыла АБСЭ. Канкрэтна пра ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў размовы на сустрэчы ў канфэрэнц-залі гатэлю “Плянэта” не было.

XS
SM
MD
LG