Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ ПРАКУРАТУРА ЎМЯШАЛАСЯ Ў СПРАВУ БАРАДЗІНА


Кастусь Бандарук, Прага

Учора пракуратура заявіла, што Туровер, які, верагодна, знаходзіцца ў Швэйцарыі, падазраецца ў фінансавых махінацыях, крадзяжы і падбухторваньні да хабарніцтва.

Пракурор Аляксандар Буксман сказаў, што пракуратура выдала ордэр на арышт пасьля таго, як ўстанавіла, што ў 1998-9 гадох, Туровер, будучы дарадцам тагачаснага генэральнага пракурора Юрыя Скуратава, прыняў ад адной жанчыны тры тысячы даляраў хабару за спыненьне крымінальнай справы супраць ягонай дачкі. Ён абвінавачваецца таксама ў тым, што скраў гадзіньнік коштам 16 тысячаў даляраў і не заплаціў 8 тысячаў даляраў за арэнду кватэры ў цэнтры Масквы.

Аднак ў гэтыя выходныя Філіп Туровер заявіў ў расейскіх СМІ, што абвінавачаньні супраць яго – бяспадстаўныя, і што гэткім чынам расейская пракуратура спрабуе закрыць яму рот. “Гэта помста з боку барадзінаўскіх наймітаў за мае інтэрвію і тэлевізійныя заявы,” – сказаў ён і дадаў, што гатовы адказаць на абвінавачаньні ў ягоны адрас, але не ў Расеі.

Мяркуецца, што дзякуючы паказаньням Туровера, швэйцарскі пракурор Бэрнард Бэртосса, можа абвінаваціць Паўла Барадзіна ў прыняцьці дзясяткаў мільёнаў даляраў хабару ад двух швэйцарскіх фірмаў Mabetex і Mercata наўзамен за кантракт на рэканструкцыю Крамля. Прынагодна, швэйцарскі сьведка можа скампрамэтаваць былога прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, пра злоўжываньні якога пісала газэта New York Times.

Ужо ў 1999 годзе Туровер заявіў, што сам бачыў рахункі Барыса Ельцына і ягонай дачкі, а таксама фатакопіі крэдытных картак, ахвяраваных ім швэйцарскімі фірмамі. У суботу ў газэце “Коммерсантъ” Туровер ня выключыў, што ён можа даць паказаньні таксама супраць Уладзімера Пуціна, які ў свой час быў намесьнікам Барадзіна. “Калі яны хочуць ператварыць справу “Ельцын-гэйт” у “Пуцін-гэйт”, дык дамогуцца гэтага,” – сказаў Туровер, аднак не ўдакладніў, якім чынам Пуцін можа быць уцягнуты ў гэтую справу.
XS
SM
MD
LG