Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУСКЕНІКІ Ў ЛЮТЫМ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец

Інтрыга сёньняшняй перадачы – у тым, што Друскенікі – гэта летні курорт. А яшчэ ў тым, што гэтае чыста літоўскае мястэчка на мяжы зь Беларусяй да Беларусі ніякага дачыненьня ня мае. Вось жа ўсё гэта больш-менш няпраўда.

Кажуць, яшчэ перад вайною ў саміх Друскеніках жыла толькі адна літоўская сям'я. Ня ўсё ясна і з назваю мястэчка. Яшчэ й цяпер у нас яго часьцяком называюць Друзгенікі. Так яно згадваецца на беларускамоўных мапах пачатку мінулага стагодзьдзя і ў "Геаграфіі" Аркадзя Смоліча. Праўда, польскамоўны "Слоўнік геаграфічны" 1881 году выданьня папярэджвае, што Друскеннікі (праз два "н") і Друзгенікі – гэта няслушныя, памылковыя назвы. Тым часам, нашы сучасьнікі прыгадваюць, што яшчэ ў 60-я гады ХХ ст. сюды прыходзіў цягнік з блізкае Горадні, на якім былі табліцы па-беларуску: "Гродна – Друзгенікі". Дык можа, Друзгенікі – гэта якраз па-беларуску? Або – па-габрэйску.

З усіх мясцовых культураў габрэі аказаліся другімі пасьля беларусаў паводле трываласьці забыцьця. Далей у гэтым "рэйтынгу" – палякі і расейцы. Што да габрэяў, дык яны маглі б згадаць і колішні цэнтар палестынафілаў у колішняй расейскай імпэрыі, калі Друскенікі фігуравалі ў пераліках паміж Варшавай і Вільняй, або масавае засяленьне гэтых мясьцінаў сваёй папуляцыяй у канцы ХІХ ст. Мерапрыемства мела назву – "Населены лес". Маглі б успомніць і сынагогу, якая згарэла ў 1961 годзе. Маглі б згадаць, але няма каму. Не засталося ў Друскеніках габрэяў.

А беларусы ёсьць. Яны тут, як і ў Вільні, паводле колькасьці трымаюць сваё ганаровае чацьвертае месца. Праўда, разгледзець іх амаль немагчыма. Тутэйшыя Юрась і Пятрусь міжсобку гавораць па-літоўску і ветліва называюць адзін аднаго: Юргіс і Пятрас. Наагул жа літуанізацыя ў Друскеніках праведзеная ўзорна. Ёсьць, так бы мовіць, чаму павучыцца. Але ёсьць што ўспомніць і з колішніх беларускіх традыцыяў. І ня толькі колішніх. Мясцовы санаторый "Беларусь", які належыць РБ – ці не найбуйнейшае і найжывейшае ў цяперашніх Друскеніках прадпрыемства. Толькі па-беларуску там умеюць усяго некалькі чалавек – як зьлічыць на пальцах.

Пра ўсё гэта й пойдзе гаворка ў сёньняшняй праграме. А яшчэ – пра канцэптуальнае, пра засваеньне чужога і насаджэньне свайго, пра нацыяналізм і мультыкультуралізм – два супярэчныя прынцыпы арганізацыі культурнае прасторы. Мы разглядаем Друскенікі праз атвор Вострае Брамы.

***

У Друскеніках зімою не пакідае адчуваньне, што мястэчка стаіць на моры. Гэта – прысутнасьць нечага вялікага, неахопнага, касьмічнага. Магчыма, гэта сосны – бясконцае мора хвояў, паміж якіх перакідаюцца будынкі, некалькі вулак, возера і ўжо зусім сталы Нёман у стромых лясістых берагах.

Першае славутае імя маленькіх Друскенікаў – Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс або Чурлянь, як называла яго "Наша Ніва" пачатку мінулага стагодзьдзя, паведамляючы пра выставу ягонага жывапісу ў Вільні. Чамусьці пашыранае памылковае ўяўленьне, быццам Друскенікі – радзіма Чурлёніса. Напэўна, таму, што ён тут – самая культавая постаць, ёсьць цэлы музэйны комплекс Чурлёніса. Насамрэч нарадзіўся будучы мастак і кампазытар у Варэне, а ў Друскеніках жыў у сям'і свайго бацькі – касьцельнага арганіста.

Ёсьць і іншая постаць, якая тут мусіла б стаць культавай. Некалі ў спадзеве пераадолець хваробу на тутэйшыя мінэральныя воды падаўся Ян Чачот. На жаль, ані воды, ані хвоі яму ўжо не дапамаглі. Не дажыўшы да паўвеку, Ян Чачот памёр тут у жніўні 1847 году і пахаваны на могілках у прадмесьці Ротніца (па-літоўску Ратніча). І сёньня на прыгожым узгорку па-над выгінам рэчкі Ратнічанкі стаіць помнік з эпітафіяй па-польску. Прозьвішча Czeczott напісанае зь дзьвюма "t" на канцы.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG