Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ "ТРОЙКІ" СУСТРЭЛІСЯ З КІРАЎНІЦТВАМ ЛУКАШЭНКАВАГА "НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтыя праблемы сябры дэлегацыі "эўрапейскай тройкі" абмяркоўвалі сёньня ў часе сустрэчы з кіраўніцтвам гэтак званага Савету Рэспублікі. Парлямэнцкія асамблеі АБСЭ, Рады Эўропы, а таксама Эўрапейскі парлямэнт на ёй прадстаўлялі Адрыян Севярын, Тэры Дэйвіс, Ян Віэрсма, Вольфганг Бэрэндт, Элізабэт Шродтэр ды іншыя эўрапейскія палітыкі, што ўжо не адзін год займаюцца праблемамі Беларусі. Савет Рэспублікі прадстаўлялі ягоны старшыня Аляксандар Вайтовіч, старшыні пастаянных камісіяў Мікалай Чаргіненц, Тацяна Быкава ды іншыя чыноўнікі.

На пачатку сустрэчы Аляксандар Вайтовіч паведаміў, што (цытую): "Беларусь бачыць адным зь вектараў свайго разьвіцьця супрацоўніцтва з Эўропай і эўрапейскімі парлямэнцкімі структурамі”. (канец цытаты)

Старшыня гэтак званага “Савету Рэспублікі”, таксама лічыць што Беларусь і Эўропа павінны рухацца насустрач адно аднаму і збліжаць свае погляды, што маўляў лепш за ўсё рабіць у часе сустрэчаў і дыскусіяў. Пасьля сустрэча працягвалася за зачыненымі дзьвярыма, але пра некаторыя яе падрабязнасьці даведацца ўсё ж ўдалося.

Эўрапейцаў цікавілі канкрэтныя пытаньні. Такія напрыклад, як стан свабоды слова ў Беларусі, магчымасьць свабоднага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі як з боку міжнародных, так і мясцовых назіральнікаў, пытаньне пашырэньня функцыяў гэтак званае “палаты прадстаўнікоў” ды іншыя палітычныя праблемы.

Прадстаўнікі “Свету Рэспублікі” запэўнівалі эўрапейскіх гасьцей, што ўсе гэтыя пытаньні паступова вырашаюцца. Прадстаўнікі "эўратройкі" зь імі не спрачаліся, а толькі ўважліва слухалі і натавалі. Кіраўнікі верхняй палаты таксама абураліся паводзінамі эўрапейскіх структураў і асабліва ПА АБСЭ, якая нядаўна не прызнала паўнамоцтвы афіцыйнай беларускай дэлегацыі.

Вось, што паведаміў пасьля заканчэньня сустрэчы Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) "Мы не разумеем, чаму нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь не прадстаўлены ў ПА АБСЭ. Няма ніякіх падставаў для таго каб нацыянальны сход ня быў прадстаўлены. Але нам адказалі, што гэтае пытаньне будзе вырашацца ў залежнасьці ад эвалюцыі ў вашай краіне".

Кіраўнікі Савету Рэспублікі таксама пыталі ў эўрапейцаў, чаму маўляў да Беларусі ў вас такія высокія патрабаваньні. На што старшыня ПА АБСЭ Адрыян Севярын не бяз гумару зазначыў, (цытую): "Таму што мы больш вас любім, больш чым іншых".

Сёньня ўвечары прадстаўнікі эўрапейскай тройкі таксама сустрэліся з амбасадарамі ЗША Майклам Козакам і Расеі Вячаславам Даўговым, а таксама з прадстаўнікамі незалежных сацыялягічных цэнтраў.


XS
SM
MD
LG