Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ ПАСТАНАВІЛА ПРАВЕСЬЦІ РЭСПУБЛІКАНСКІ СХОД ПРАФСАЮЗАЎ 5-6 КРАСАВІКА


Міхал Стэльмак, Менск

На сходзе мяркуецца разгледзець высновы і рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы, зьвязаныя са скаргай беларускіх прафсаюзаў на парушэньне сваіх правоў. Днямі сьпіс такіх парушэньняў папоўніў учынены ўладамі гвалт над прафсаюзнай арганізацыяй Беларускага металюргічнага заводу.

Як прагучала сёньня на паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі, гэта было ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі, які загадаў генэральнаму дырэктару БМЗ спадару Філіпаву стварыць “кішэнны” прафсаюз. Дырэктар, у сваю чаргу, тэрмінова склікаў прафкам прадпрыемства і пад пагрозай звальненьня абавязаў прафсаюзных кіраўнікоў заснаваць у Жлобіне новую арганізацыю. Як зазначыў сёньня старшыня галіновага прафсаюзу мэталістаў Іван Калесьнік, вынікам стала скарачэньне на 15 тысяч сяброў Фэдэрацыі.

Падзеі ў Жлобіне атрымалі шырокі розгалас у прафсаюзным асяродзьдзі. Выказваюцца меркаваньні, што такая пільная ўвага ўладаў да Беларускага металюргічнага заводу выкліканая ня толькі жаданьнем разбурыць Фэдэрацыю як незалежную структуру. У прыватнасьці, вось што думае на гэты конт лідэр галіновага прафсаюзу авіяработнікаў Яўген Бурак:

(Бурак: ) “Гэта размываньне адзінства прафсаюзаў, каб мець магчымасьць лёгкай прыватызацыі ці продажу надзвычай добрых прадпрыемстваў. Сёньня шмат хто хоча мець такую магчымасьць. Яны дрэнныя браць ня будць… Яны хочуць стварыць свае прафсаюзныя структуры на тых прадпрыемствах, якія ў пэрспэктыве могуць аказацца небеларускай маёмасьцю”.

(Карэспандэнт: ) “Якія беларускія прадпрыемствы ў бліжэйшым часе можа чакаць лёс БМЗ?”

(Бурак: ) “Пералічаць ня будзем Але гэта тыя, хто працуе вынікова, хто арыентаваны на навуковаёмістаю прадукцыю, тыя, хто мае навуковыя праграмы, на каго будуць накіраваныя інвэстыцыі, дзе ёсьць рабочы кляс падрыхтаваны, які ўсё будзе рабіць высокапрадукцыйна і якасна…”

(Карэспандэнт: ) “Што ў гэтай сытуацыі Фэдэрацыя прафсаюзаў можа проціпаставіць палітыцы ўладаў”.

(Бурак: ) “Па-першае, тут важна якраз фэдэрацыі прафсаюзаў паглядзець і зрабіць прагноз. Калі мы сёньня кажам, што нашая дзяржава павінна быць самастойнай, то гэтыя прадпрыемствы трэба глядзець. ФПБ павінна актывізаваць аналітычную частку сваёй працы. Эканамісты на лічбах могуць паказаць, чаму менавіта гэтыя прадпрыемствы цікавяць ня толькі нас, але і тых замежнікаў, якія на іх квапяцца”.

– зазначыў нашаму Радыё старшыня Беларускага прафсаюзу авіяработнікаў Яўген Бурак.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG