Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталін сёньня – Гэта Калгас


Аляксандар Лукашук, Прага

Дзе Сталін – там няма свабоды. Помнік генэралісімусу, які нядаўна аднавілі ў беларускім мястэчку Сьвіслач, – толькі прышчык хваробы, на якую пакутуе грамадзтва. Бо правільная і адваротная выснова: дзе няма свабоды – там Сталін.

Сталін сёньня – гэта калгас.

На вёсцы гэта фэўдальна-рабаўладальніцкі лад, у якім свабода існуе толькі як татальны крадзеж. Калгас ў горадзе выглядае як дзяржаўныя заводы і фабрыкі, міністэрствы і крамы, шпіталі і турмы, куды людзі ходзяць працаваць не на сябе, не на грамадзтва, не на дзяржаву, а на ўладу. Афіцыйныя прафсаюзы пачынаюць прачынацца ад летаргіі і высьвятляецца, што яны – калгас; міністэрства культуры не адрозьніваецца ад калгаснага клюбу зь вечна п’яным кінамэханікам, у калгасныя брыгады арганізаваныя дзяржаўнае тэлебачаньне і прэса, калгасьнікамі пачуваюцца пісьменьнікі і міліцыянты, рэктары і дырэктары.

У калгасе не бывае канстытуцыі.

На калгасных выбарах выбіраюць не прэзыдэнтаў, а старшыняў. А старшыні, у сваю чаргу, каб захаваць уладу, патрэбны калгас. Таму ў мінулыя сем гадоў у Беларусі працягвалася сталінская палітыка калектывізацыі.

Калгас Беларусь будзе выбіраць сёлета новага старшыню. Рэспубліка Беларусь будзе выбіраць прэзыдэнта.

Дзе змагаюцца за свабоду – кожны раз змагаюцца супраць Сталіна.
XS
SM
MD
LG