Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДБЫЎСЯ ЧАРГОВЫ СХОД ДЭПУТАТАЎ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ


Уладзімер Глод, Менск

Вынікі паседжаньня Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якія агучыў сёньня на сходзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька, сталі падставай для вострай дыскусіі наконт таго, што легітымны беларускі парлямэнт губляе свой аўтарытэт. На фоне актыўнай дзейнасьці Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, Хартыі-97, Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Вярхоўны Савет усё часьцей адыходзіць на другі плян. Як адзначалі дэпутаты Ўладзімер Нісьцюк, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя, гэта невыпадкова. За апошнія два гады немагчыма ўзгадаць хоць нейкую значную акцыю, якая рабілася б пад патранажам Вярхоўнага Савету. Менавіта таму пра ВС і насельніцтва Беларусі, і міжнародныя структуры, фактычна, забываюцца. І вось ужо сп.Плюшч — кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якога нельга аднесьці да левых, віншуе так званую “Палату прадстаўнікоў” другога скліканьня, а парлямэнт Літвы, які заўжды падтрымліваў беларускіх дэмакратаў, разглядае магчымасьць супрацоўніцтва з “Палатай”.

Выступоўцы прапаноўвалі шэраг канкрэтных захадаў дзеля падвышэньня эфэктыўнасьці дзейнасьці Вярхоўнага Савету. У прыватнасьці, казалася пра неабходнасьць незалежнай юрыдычнай экспэртызы міжнароднымі спэцыялістамі рашэньня Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па беларускім пытаньні, пра зварот да пралямэнцкай "тройкі", якая будзе знаходзіцца ў Менску з 5 па 7 сакавіка, аб адмысловай сустрэчы з сябрамі прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, пра заяву Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, у якой бы пацьвярджалася легітымнасьць Вярхоўнага Савету. Абмяркоўвалася масавая акцыя, прызначаная Вярхоўным Саветам, якая магла б прыцягнуць ўвагу насельніцтва. А дэпутат Шчукін прапанаваў надрукаваць у недзяржаўных мэдыях поўны сьпіс дэпутатаў і такім чынам зноў нагадаць пра Вярхоўны Савет.

І яшчэ адна праблема надзвычай непакоіла парлямэнтароў сёньня. Гаворка ідзе пра магчымы продаж шэрагу прадпрыемстваў Беларусі замежным інвэстарам. У прыватнасьці, называецца прагназуемы ў некаторых колах продаж Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, бабруйскай "Белшыны" і вытворчага аб'яднаньня "Беларуськалій".

Дэпутаты прынялі адмысловую заяву. У дакумэнце выказваецца заклапочанасьць дзеяньнямі выканаўчай улады, якая рыхтуецца прадаць найбольш эфэктыўныя прадпрыемствы Беларусі замежным інвэстарам на шкоду дзяржаўным інтарэсам рэспублікі. Зьвяртаецца ўвага на тое, што гэтыя крокі абумоўліваюцца толькі адным — атрыманьнем дадатковых сродкаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі для подкупу выбаршчыкаў.

Вярхоўны Савет Беларусі лічыць неабходным папярэдзіць замежных інвэстараў аб магчымым непрызнаньні ў будучыні такіх кантрактаў, паколькі яны будуць ажыцьцёўленыя з нелегітымнымі беларускімі ўладамі.
XS
SM
MD
LG