Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫБЫЛІ СЯБРЫ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ “ТРОЙКІ”


Уладзімер Глод, Менск

Мэту візыту, які будзе доўжыцца да 7 сакавіка, Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ вызначыла як садзеяньне разьвіцьцю дэмакратычных працэсаў у Беларусі. З размоваў з супрацоўнікамі групы можна зразумець, маецца на ўвазе найперш жаданьне прадухіліць тыя шматлікія парушэньні, што былі зафіксаваныя летась падчас абраньня дэпутатаў так званай Палаты прадстаўнікоў.

У Менск прыляцелі палітыкі, якія добра арыентуюцца ў беларускіх справах. Першым у нядзелю прыбыў старшыня Палітычнага камітэту ПА Рады Эўропы Тэры Дэйвіс.

Сёньня да яго далучыліся прэзыдэнт ПА АБСЭ Адрыян Севярын і старшыня падкамітэту па Беларусі палітычнай камісіі Эўрапарлямэнту Ян Віэрсма. Кожны зь іх узначальвае міні-дэлегацыі сваіх трох структураў, а ўсяго ж, з улікам таго, што некаторыя чыноўнікі прыляцяць ва аўторак, уся дэлегацыя будзе складацца з 14 асобаў. Сярод іх шмат людзей, якія ўжо даўно займаюцца беларускімі справамі. Гэта, напрыклад, Элізабэт Шродэр, Вольфганг Бэрандт, Ута Цапф ды іншыя.

Афіцыйны візыт пачаўся сёньня сустрэчай Парлямэнцкай тройкі з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу. Акрамя іх на размову запрасілі кіраўнікоў дыпляматычных місіяў Латвіі (бо гэтая краіна цяпер прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы Рады Эўропы) і Румыніі, паколькі міністар замежных справаў гэтай краіны Мірчу Джэана зьяўляецца дзейным старшынём АБСЭ.

Гэтае мерапрыемства прайшло за зачыненымі дзьвярыма й цягнулася амаль дзьве гадзіны. Пасьля чаго дэлегацыя Парлямэнцкай тройкі накіравалася на сустрэчу са старшынём верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі спадаром Вайтовічам.

У праграме візыту ёсьць некалькі новых прынцыповых момантаў, якіх не было падчас ранейшых прыездаў тройкі. Напрыклад, сёньня ўвечары дэлегацыя заплянавала дзьве сустрэчы: з амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі Майклам Козакам, а пасьля 15-хвілінавага перапынку — з амбасадарам Расейскай Фэдэрацыі Вячаславам Доўгавым.

Паводле некаторых зьвестак, мэта гэтых сустрэчаў — каб Амэрыка й Расея пераканалі Лукашэнку не перашкаджаць унутранаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі й пагадзіцца на некаторыя зьмяненьні ў выбарчым заканадаўстве.

Другі адметны момант — заўтрашняя сустрэча, якая ў праграме значыцца як "снеданьне зь невялікай групай палітыкаў". Мяркуецца, што гэта будзе размова з патэнцыйнымі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG