Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІЛЬМ “ЦРУ СУПРАЦЬ КГБ”: ПРЫЧЫНЫ ЗЬЯЎЛЕНЬНЯ І АДРАСАТЫ


Вядзе гутарку Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) “28 лютага па беларускім тэлебачаньні быў паказаны адмысловы выпуск праграмы “Рэзананс” пад красамоўнаю назвай “ЦРУ супраць КГБ”. Аўтар перадачы – Аляксандар Зімоўскі, абвінаваціў ЦРУ ЗША ў вядзеньні тайнай вайны супраць Беларусі, у вярбоўцы агентаў, арганізацыіі ўзрушэньняў, умяшальніцтве ва ўнутраныя справы краіны. Але падаецца, што, хаця ў паказаным фільме выкарыстоўвалася апэратыўная здымка КГБ, сам гэты твор мае вельмі далёкае дачыненьне да праблемаў разьведкі і контразьведкі. Гэта тыповы ход у прапагандысцкай вайне. Дастаткова прыгадаць 430 амэрыканскіх шпіёнаў, знойдзеных пільным Зімоўскім. Такі плён у знаходжаньні шпіёнаў мела толькі НКВД у сталінскія часы.
У нашую задачу не ўваходзіць разьбіраць мастацкія якасьці чарговага шэдэўру сп-ра Зімоўскага, варта адзначыць толькі, што перадача гэтая – чыста прапагандысцкая. І вось тут узьнікае шэраг пытаньняў. Чаму яна зьявілася менавіта зараз? Уладзімер Уладзімеравіч, Вашае меркаваньне”.

(Глод: ) “Просты і відавочны адказ – гэта зьвязана, па-першае, з прэзыдэнцкімі выбарамі, а па-другое, – з пазыцыяй ЗША. Можа, апошняе нават варта паставіць першым. Вы бачыце, як міжнародныя арганізацыі ў пэйнай ступені, на мой погляд, адступаюць ад сваіх ранейшых пазыцыяў – і Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, і Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы. І толькі ЗША ўпэўнена прытрымліваюцца адной пазыцыі – палата прадстаўнікоў Беларусі нелегітымная, прэзыдэнт Беларусі нелегітымны. Вуснамі сп-ра Козака гэта паўтараецца публічна і кожны раз. Мне задаецца, што гэты фільм Зімоўскага і ёсьць рэакцыя на гэтую пазыцыю ЗША”.

(Дракахруст: ) “Юры, а якое Вашае меркаваньне? Перш чым Вы адкажаце, я б хацеў зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. У канцы лютага Аляксандар Лукашэнка, нарэшце, прыняў даверчыя граматы ў амбасадара ЗША Козака, выказаўшы намер пачаць адносіны з “новай старонкі”. “Калі Вы зробіце крок нам насустрач, мы зробім два” – сказаў Лукашэнка. Звычайна калі адносіны прапануецца пачаць з новай старонкі, пра ранейшыя канфлікты імкнуцца не прыгадваць. І вось першы “запіс” беларускага боку на гэтай “старонцы” – фільм Зімоўскага. Заўважым таксама, што ўсе падзеі, якія прыгадваюцца ў фільме “ЦРУ супраць КГБ” – двух-трохгадовай даўніны. Можна было б яшчэ зразумець, калі б шпіёна паймалі ўчора, абурыліся і душа, так бы мовіць, ня вытрымала, каб не распавесьці народу праўду. Але ж некалькі гадоў трывалі і толькі зараз, калі вырашылі пачынаць адносіны з новай старонкі, так іх адчыняюць. Ці няма тут нейкай, мякка кажучы, супярэчнасьці?”

(Сьвірко: ) “Не сакрат, што ў атачэньні Лукашэнкі ёсьць лягер “ястрабаў” і лягер “галубоў”. Цікава, што гэты фільм пра шпіёнаў выйшаў у сераду, хаця звычайна “Рэзананс” выходзіць толькі па нядзелях. 22 лютага Майкл Козак уручыў даверчыя граматы Лукашэнку. 23 лютага, пра што не паведамлялася (мы даведаліся пра гэта толькі праз тыдзень), Козак сустрэўся з міністрам Хвастовым і, як паведаміла МЗС, “яны замацавалі тыя дамоўленасьці, дасягнутыя падчас размовы Лукашэнкі і Козака, умацоўваць двухбаковыя стасункі на ўзроўні міністэрства і амбасады”. Пасьля гэтага і выходзіць фільм Зімоўскага пра шпіёнаў. Сапраўды размова там ішла галоўным чынам пра Сержа Аляксандрава, якога выслалі з Беларусі роўна 4 гады таму. Але той жа Зімоўскі ў фільме зазначыў, што Аляксандраў быў афіцыйным прадстаўніком ЦРУ ў Беларусі і меў рэгулярныя кантакты з беларускім КГБ. Таму ніякай таямніцы Зімоўскі, па-сутнасьці, не адкрыў.

Але выхад яго фільму сьведчыць пра тое, што “ястрабы” зь ягонай адміністрацыі захацелі ўнесьці свой “унёсак” у двухбаковыя дачыненьні, і паказаць гэты фільм, каб пра іх не забыліся. Нагадаць, што ЗША па-ранейшаму вораг, што шпіёны пільна сочаць за беларускай сытуацыяй, і значыць – трэба сьцерагчыся Злучаных Штатаў”.

(Дракахруст: ) “Уладзімер Уладзімеравіч, якое Вашае меркаваньне наконт вэрсіі, якую прапанаваў Юры?”

(Глод: ) “Я мяркую, што гэта магчыма, але толькі ў пэўнай ступені. На мой погляд, спроба зьмяніць гэтым фільмам адносіны ЗША да Беларусі – гэта, безумоўна, жарт. Колькі такіх фільмаў не паказвай, стаўленьне ЗША ня зьменіцца. Але тады ўзьнікае пытаньне – навошта фільм? Мне здаецца, гэта – папераджальны ўдар, разьлічаны на тое, што хутчэй за ўсё прэзыдэнцкія выбары ня будуць прызнаныя дэмакратычнымі, калі яны пройдуць у тых жа ўмовах, што і выбары ў т.з. “палату прадстаўнікоў”. І прапаганда ўжо загадзя стварае з Амэрыкі вобраз ворага, рыхтуе грамадзкую думку да непрызнаньня выбараў з боку ЗША. Робіцца гэта дзеля таго, каб потым сказаць: “А што вы ад іх хочаце? Гэта ж амэрыканцы. Як яны могуць прызнаць нашыя выбары?”

(Дракахруст: ) “І адначасна паказаць апазыцыю як агентаў гэтага “пачварнага монстру”. Тут прыгадваецца аналёгія з перадвыбарчай кампаніяй цяпер ужо былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча. Адным з галоўных прыёмаў гэтай кампаніі было напампоўваньне антызаходняй гістэрыі. Падчас выбараў Мілошавіч называў Ваіслава Каштуніцу “лёкаем Захаду”. Тады ж зьявіліся “шпіёны і дывэрсанты”, якія нібыта хацелі адрэзаць галаву Мілошавічу, і якіх тамтэйшыя пільныя ворганы злавілі акурат напярэдадні выбараў.

Пакуль мы разгледзелі двух магчымых “адрасатаў” фільму Зімоўскага: беларускае насельніцтва і ЗША. Аналітык нашага Радыё Пол Гоубл выказаў меркаваньне, што зьяўленьне фільму “ЦРУ супраць КГБ” ёсьць пэўная рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на пагаршэньне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Крамлём.

Тут ёсьць сапраўды шэраг цікавых перакрыжаваньняў. У ЗША арыштоўваюць расейскага шпіёна, у Беларусі знаходзяць 430 амэрыканскіх шпіёнаў. Варта таксама адзначыць, што усе апэрацыі беларускага КГБ, пра якія распавядаў сп-р Зімоўскі, адбываліся тады, калі КГБ узначальваў Уладзімер Мацкевіч. А зараз пэўныя колы ў Расеі і ў Беларусі гавораць пра Мацкевіча, як пра магчымага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах – канкурэнта Лукашэнкі”.


(Глод: ) “Беларусь хоча зрабіць Расеі паслугу, якая апошняй, магчыма, і непатрэбная. Прыгадаем сытуацыю з Паўлам Барадзіным. Пуцін маўчаў, а Лукашэнка напачатку, пакуль не разабраўся ў сытуацыі, крычаў: “Давайце вызваляць Барадзіна”. Здаецца, што падобная ж сытуацыя і тут. Так, у ЗША і Расеі ёсьць пэўныя супярэчнасьці ў пытаньні сыстэмы супрацьракетнай абароны. Але Лукашэнка робіць тую ж памылку, якую зрабіў у справе Барадзіна. Ён хоча ўзьняць пытаньне пра адносіны з ЗША, маючы на ўвазе адносіны з Расеяй, хоча “дапамагчы” Расеі. Але ці шчыра ён робіць гэта? І ці патрэбна гэта наогул Расеі? Здаецца, тут чарговы раз праявіўся крыху местачковы падыход, і я ня ўпэўнены, што Расея будзе ўдзячная за такую антыамэрыканскую гістэрыю ў Беларусі”.

(Дракахруст: ) “Юры, а як Вы лічыце, ці ёсьць Расея сярод “адрасатаў” гэтага фільму?”

(Сьвірко: ) “Я хачу падтрымаць Вашую думку, у прыватнасьці, у тым, што тычыцца Ўладзімера Мацкевіча. У спэцвыпуску “Рэзанансу”, пра які мы гаворым, зусім невыпадкова паказалі сустрэчу Ўладзімера Мацкевіча – тагачаснага старшыні КГБ , з тагачасным амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэніэлам Спэкгардам. Сказана нічога не было, але на ўзроўні “карцінкі” праводзілася думка, што Мацкевіч і Спэкгард “гулялі на адным баку”, стваралі нейкія змовы і г.д. Аляксандар Лукашэнка заўсёды арыентаваўся на Маскву, ён сам стварыў сабе такія ўмовы, што ён мусіць глядзець туды.

2 сакавіка ён заявіў, што яму “ўсё роўна, якая тэмпэратура ў Крамлі”, што ён мае цудоўныя адносіны з Пуціным, а ўсё астатняе яго не цікавіць. Але ж мы ведаем, што не было пацьверджана ніводнага факту публічнай ці тэлефонай размовы Пуціна з Лукашэнкам якраз пасьля арышту Барадзіна. Пакуль Пуцін маўчыць”.

XS
SM
MD
LG