Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗЫНСКІ АДЧЫНІЎ СВОЙ НОВЫ ТЭАТАР – НЕЗАЛЕЖНЫ


Валянціна Аксак, Менск

Рэклямны шчыт са знаёмаю тэатралам чырвонаю зьнічкаю паўзь белы надпіс назвы тэатру сустрэў мяне сёньня на менскай вуліцы імя Янкі Купалы ля дому нумар 5.

Менавіта такі адрас займеў першы беларускі незалежны тэатар “Вольная сцэна”. Як вядома, у першай палове 1990-х гадоў існаваў з такім назовам дзяржаўны тэатар беларускае драматургіі.

Потым новая ўлада забараніла тэатру выкарыстоўваць гэты назоў, а летась звольніла з пасады мастацкага кіраўніка й стваральніка тэатру Валер'я Мазынскага. Сыходзячы, ён паабяцаў адраджэньне “Вольнае сцэны” ў незалежнай іпастасі.

Прайшло 5 месяцаў напружанай працы: стварэньне новай канцэпцыі тэатру, фармаваньне трупы, палагоджаньне юрыдычных аспэктаў, пошук фундатараў і нават цялесных выпрабаваньняў — месяц таму Валер'я Мазынскага жорстка зьбілі каля ягонага ж дому, і сёньня на ягоным твары яшчэ не загаіліся шнары.

Які настрой пасьля ўсяго гэтага?

(Мазынскі: ) "Настрой цяпер харошы — нягледзячы на ўсё. Пакуль складана, вядома, бо заля нетэатральная, але спадзяемся, што будуць нешта рабіць з самым гэтым палацам, што залю будуць пераабсталёўваць. І спадзяемся, што на пачатак новага сэзону мы будзем мець ня горшую сцэну, чым там. Мне не прывыкаць усё рабіць з нуля".

І сапраўды — з нуля. Падчас нашай гутаркі дэкарацыі на непрыстасаванай сцэне Дому вэтэранаў усталёўвалі самі акторы. Тут жа высьветлілася, што бракуе пэўных інструмэнтаў, і адзін з талентаў паехаў іх набываць. Ніякіх гаспадарнікаў новы тэатар ня мае. Як і сродкаў на ўсемажлівыя патрэбы. Быць незалежным у Беларусі — гэта больш, чым незалежным творча.

(Мазынскі: ) "Увогуле быць незалежным немагчыма. Тэатар — такая справа, што яна заўсёды залежная. Залежная ад гледача, ад вытворчасьці, ад таго, сяго. Трэба вучыцца кампрамісам і вучыцца ня здрадзіць сваёй сутнасьці праз кампрамісы".

Спадар Мазынскі сваёй сутнасьці ня здрадзіў. Нават у выбары спэктаклю на адкрыцьцё новага тэатру. Як лічыў ён 18 гадоў таму п’есу Аляксея Дударава нацыянальнай клясыкай, якая распавядала тады пра маральны выбар ягонага дзеда, так і лічыць, толькі цяпер гэта ўжо спэктакаль пра ягонага бацьку.

І нацыянальны досьвед падказвае Мазынскаму, што наперадзе яшчэ адна пастаноўка дудараўскага “Вечару” — але яна будзе ўжо пра яго самога.

Першую вясну новага тэатру пачынаюць дзьве дудараўскія п’есы — клясычны “Вечар” і скандальны “Прынц Мамабук”. Чым распачнецца лета — пакуль што творчая таямніца.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG